Бел
Галоўная   /  Падзеі

Інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір"

2 красавіка 2020 года
Інтэрв'ю МТРК "Мір"
глядзіце таксама: відэа
2 красавіка 2020 года
Інтэрв'ю МТРК "Мір"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка даў інтэрв'ю прадстаўніцтву міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі.

У якасці інтэрв'юера выступіў кіраўнік беларускага філіяла МТРК "Мір" Уладзімір Пярцоў. Тэлерадыёкампанія "Мір" робіць серыю інтэрв'ю да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Яшчэ адной падставай для размовы з Аляксандрам Лукашэнкам стаў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца 2 красавіка. Тэматыка інтэрв'ю ўключала пытанні, якія датычыліся ўзаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве, на пляцоўках ЕАЭС і СНД. Зайшла размова і пра бягучую сітуацыю ў свеце з улікам сучасных выклікаў.

Адказваючы на пытанне, як ён бачыць развіццё Саюзнай дзяржавы з улікам усіх існуючых нюансаў, Аляксандр Лукашэнка пачаў з галоўнага: "У нас ёсць дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ні ад аднаго пункта гэтага дагавора мы не адмаўляемся. Нават возьмем самы сур'ёзны, які сёння абмяркоўваецца. Дапусцім, адзіная валюта. Мы не супраць адзінай валюты, але толькі гэта павінна быць нейтральная валюта. Гэта не беларускі рубель, не расійскі".

"І нават я калісьці гаварыў: добра, не пытанне, які гэта будзе рубель. Пытанне ў тым, дзе будзе эмісійны цэнтр. І нават не дзе, а хто будзе кіраваць эмісійным цэнтрам. Гэта будзе на роўных або, паколькі Расія вялікая, яна будзе кіраваць сваім рублём, а мы свой ліквідуем і да іх далучымся? - растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўжо гэта праходзілі ў першыя гады пасля распаду Савецкага Саюза. Калі нас проста выкінулі з рублёвай зоны. І, у рэшце рэшт, мы засталіся з савецкімі рублямі, яны (Расія. - Заўвага) увялі расійскі рубель, а мы потым малявалі "зайчыкі". Я не хачу гэта паўтараць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе ж тут тады будзе наш суверэнітэт?"

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што беларускі бок ні ад чаго не адмаўляецца, і нагадаў, што дагавор прадугледжваў стварэнне роўных умоў для грамадзян, прадпрыемстваў і дзвюх дзяржаў у цэлым. "Калі Расія сёння, адмовіўшыся ад гэтых імперскіх замашак (мы - вялікія, а вы - малыя), гатова на гэта, давайце весці перагаворы, давайце будзем вызначацца", - сказаў беларускі лідар.

"Таму дагавор існуе. І мы ніколі ад яго не адмаўляліся. Мы гатовы ісці па гэтым дагаворы, але жалезабетонны прынцып - роўныя ўмовы для людзей, прадпрыемстваў, дзяржаў. Цяпер усё парушана, а каранавірус парушыў і апошняе, самае галоўнае, - роўныя ўмовы для людзей", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расіі трэба было хаця б параіцца, папярэдзіць беларускі бок аб закрыцці граніц. "Я разумею, калі б там узнікла нейкая жудасная сітуацыя і трэба было тэрмінова прыняць меры. Але логікі ж не было тады. У Беларусі сітуацыя была не горшая, чым у Расіі, - значна лепшая. Я настойваю, што і сёння не горшая. Па-другое, навошта адразаць ад гэтай Саюзнай дзяржавы тую асноўную частку, дзе няма праблем. І ў той жа час яны ўнутры краіны (а Расія велізарная) не падзялілі на часткі, каб перакрыць рух людзей і носьбітаў каранавіруса. Гэта звычайнае было галавацяпства. А як наконт формулы "сябар пазнаецца ў бядзе"? - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб роўных умовах для прадпрыемстваў, Прэзідэнт прывёў прыклад цэн на энерганосьбіты: "У Расіі да нядаўняга часу цана на прыродны газ была ў 2-3 разы ніжэйшая, чым у Беларусі. Па нафце тое ж самае. Скажыце, якія роўныя ўмовы?"

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў: кампаніі, падкантрольныя бізнесмену Міхаілу Гуцарыеву, у пачатку года адзіныя пастаўлялі расійскую нафту ў Беларусь, у той момант гаварылася аб тым, што Беларусь павінна сама дамаўляцца з кампаніямі-пастаўшчыкамі. "Адзін Гуцарыеў пастаўляў нам нафту. Што яны зрабілі цяпер, калі смажаны певень дзеўбануў: не, цяпер, мы (расійскі бок. - Заўвага) будзем вызначаць, якія кампаніі вам (у Беларусь. - Заўвага) будуць пастаўляць нафту, - расказаў Прэзідэнт. - Выбачайце, вы рыначнікі. Вы заўсёды нас падштурхоўвалі з імі (кампаніямі. - Заўвага) дамаўляцца па-рыначнаму. Чаму вы павінны вызначаць? Мы грошы плацім - правядзём тэндар, конкурс: хто выйграе, той і будзе пастаўляць".

Ёсць у Кіраўніка дзяржавы і прэтэнзіі ў частцы цэнаўтварэння на пастаўляемы расійскі прыродны газ. Гэту тэму беларускі лідар нядаўна абмяркоўваў і ў тэлефоннай размове з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. "$127 (за 1 тыс. куб.м) - яны (расійскі бок. - Заўвага) нам падсунулі гэты дагавор (менш не можам) яшчэ ў канцы мінулага года. І плюс $20 мы ім плацім за "Белтрансгаз", які яны купілі ў нас. $147 - Украіне прадаюць недзе  прыкладна па такой жа цане", - прывёў даныя Кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што цяпер цэны на газ на сусветным рынку ўпалі разам з цэнамі на нафту: "Ужо ў Еўропе цаны няма такой. Ужо $80 у Германіі. Дык туды ж яшчэ пампаваць, а гэта галоўныя затраты. Гэта значыць, што для Беларусі фактычна цана атрымаецца з улікам лагістыкі амаль $40-45".



Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб праблемах з пастаўкамі на расійскі рынак беларускіх прадуктаў харчавання і аб абмежавальных квотах для беларускіх дальнабойшчыкаў.

"Калі мы не вырашым пытанні жыцця людзей і прадпрыемстваў, якія сёння на парадку дня, пра якую 31-ю карту мы можам весці размову, пра якую адзіную валюту і Падатковы кодэкс мы можам гаварыць? - падкрэсліў беларускі лідар. - У нас формула адна - нам трэба вырашыць пытанні жыцця сённяшняга. Што ж мы будзем арыентавацца на "космас", калі сёння фундаменту няма".

"Давайце вырашым гэтыя пытанні на пэўных прынцыпах, якія закладзены ў дагаворы. Мы не патрабуем нічога лішняга. І галоўны прынцып - раўнапраўе, роўныя ўмовы. І пытанняў не будзе, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба вырашаць сённяшнія пытанні. Іх прыкладна з дзясятак, не больш".

Што датычыцца далейшай работы па рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт адзначыў, што дарожныя карты ўзгоднены па многіх напрамках. Пры гэтым пазіцыя беларускага боку ў тым, каб па тых ці іншых пытаннях бралася ўсё лепшае, што ёсць у Беларусі або Расіі ў частцы заканадаўства і рэгулявання, а не проста аўтаматычна прымалася расійская сістэма.

"Палітычныя пытанні, так званая 31-я карта (парламент, органы ўлады і іншае), мы разумеем, што сёння мы аб гэтым не дамовімся. І мы з Прэзідэнтам Пуціным дамовіліся, што наогул яе ўбок адкладваем і цяпер гэтыя пытанні не абмяркоўваем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

 

У ходзе інтэрв'ю Прэзідэнт выказаў меркаванне, што глабальныя ігракі могуць скарыстаць сусветны крызіс, выкліканы ўспышкай каранавіруса, у сваіх мэтах.

"Любы палітык, а тым больш маёй пасады (я ж адказваю за мільёны людзей, і не толькі сваіх: у нас жа суседзяў нямала, жыццё якіх так ці інакш ад нас залежыць), павінен свае канкрэтныя тактычныя крокі звяраць з той стратэгіяй, якая магчыма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння ўжо многія задумваюцца над галоўным пытаннем: што будзе пасля пандэміі каранавіруснай інфекцыі. "А ці не здаецца, што ўладныя людзі без вайны (Макрон гэта ўжо вайной назваў), праз гэты так званы каранавірусны псіхоз, інфадэмію ў тым ліку, хочуць перадзяліць свет?" - спытаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб прапанове ААН надрукаваць грошы ў памеры 10% сусветнага ВУП для барацьбы з каранавірусам. "Гэта ж пустыя грошы. Долар і так паступова абясцэньваецца, а тут проста пойдзе вал, інфляцыя. Дзе апынёмся мы са сваім рублём, зразумела. Больш таго: хто атрымае гэтыя трыльёны, у каго яны застануцца? Ці не атрымаецца, што багатыя стануць багацейшымі, а бедныя - бяднейшымі? Атрымаецца. Нас падштурхнулі да таго, што мы павінны спыніцца, сядзець і праесці тыя мізэрныя валютныя запасы, якія ў нас ёсць. Нельга сказаць, што нават у Расіі яны вялікія. Гэта для Расіі нішто - седзячы, на год не хопіць. Гэтак жа і ў нас. І тады, надрукаваўшы 10% ВУП, да нас прыйдуць тыя, хто "на нагах", і скажуць: наце вам патрошку, але вы будзеце рабіць тое, што мы скажам. Вось так можа быць перадзелены свет", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго непакоіць будучыня краіны, таму ён спрабуе глядзець далей. "Сёння ўсе ўжо адзначаюць: пасля пандэміі свет будзе іншым. І я з гэтым згодны, - заявіў ён. - Але дзе будзе наша месца ў гэтым свеце? Вось для мяне галоўнае пытанне. Не каронапсіхоз, не інфапандэмія. Гэта ёсць, але месяц-два - і пройдзе. Застанецца пытанне, дзе наша месца. І такое пытанне ўзнікне для ўсіх. І для багатых рэсурсамі Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана, яшчэ больш - для Арменіі і Кыргызстана, Украіны і для Наўседы (Прэзідэнт Літвы. - Заўвага), які сёння спрабуе паставіць пад сумненне палітыку Прэзідэнта Беларусі. Баюся, каб нас не перадзялілі без вайны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Чаму я настойваю, каб працавала вытворчасць? Чаму я так перажываю за тое, каб людзі жылі сваім жыццём, у нейкай ступені палітычна рызыкуючы? Таму што я ўяўляю, што будзе з намі пасля гэтай пандэміі, калі мы спынімся, як многія: літоўцы, латышы і іншыя. Яны выстаяць. У Расіі ёсць нафта і газ, у якіх сёння мае патрэбу ўвесь свет. У Кітая - велізарныя магутнасці ў эканоміцы. У Амерыцы - друкарскі станок: два трыльёны ўкідваюць, яшчэ два на падыходзе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што і на яго асабіста, і на Беларусь у цэлым аказваюць пэўны націск у сувязі з тэмай каранавіруса. "Пачынаюць: вось, яны неяк не так, як усе. Слухайце, калі б было так ва ўсіх, як у Беларусі, па барацьбе з гэтымі віруснымі захворваннямі, і там не забывалі б пра тое, што ёсць і сардэчнікі, і анкалогія, траўматалогія, ёсць проста пнеўманія - сезонная хвароба вельмі моцная... Напэўна, не было б такіх праблем. Я не хвалюся. Можа, у нейкай ступені апраўдваюся, што мы не менш з вірусамі (змагаемся. - Заўвага), не толькі з каранавірусам. Вядома, мы на гэта рэагуем. Але мы не забываем, што вірусаў у нас цяпер, як звычайна, шмат", - заявіў беларускі лідар.



У інтэрв'ю Прэзідэнт расказаў, што распаўсюджванне ў Беларусі каранавіруса першапачаткова звязана з завознымі выпадкамі, у Мінску гэта ці Віцебску. У цэлым ён заклікаў не дапускаць панікі і спакойна дзейнічаць у існуючай абстаноўцы. Сам Кіраўнік дзяржавы свой прывычны графік не мяняў. "Не правяраўся я на каранавірус, але сачу за сваім станам здароўя. Не мяняю стыль жыцця. І на трэніроўках, і фізічных нагрузак дабавіў. Але цяпер зразумеў, што не трэба, напэўна, у гэтай сітуацыі, калі мы праходзім пік вірусных захворванняў, фізічна грузіць арганізм", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі на гэты момант толькі адзінкавыя выпадкі смерці ад пнеўманіі, дзе каранавірус даў ускладненне на фоне іншых сур'ёзных праблем са здароўем. "У нас іх усяго чацвёра, памерлых ад пнеўманіі, дзе ўскладненні даў каранавірус. Мы яшчэ ўдакладняем па чацвёртай смерці, ці быў там каранавірус, - паведаміў ён. - Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў Беларусі нічога не ўтойваюць, паколькі смерць чалавека ў прынцыпе немагчыма ўтаіць. Больш таго, у цэлым па смяротнасці ў Беларусі ў бягучым годзе дынаміка лепшая ў параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў, у бліжэйшы час плануецца абнародаваць падрабязную статыстыку, атрыманую з органаў ЗАГС. "У аўторак у нас нарада па шэрагу пытанняў. Я падрыхтую інфармацыю, усю статыстыку поўнасцю. Мы нічога абсалютна не ўтойваем", - дадаў ён.

"Пачынаюць гвалтам крычаць, што ў Беларусі нешта ўтойваюць і не працуюць па вірусе. СААЗ нам рэкамендуе (Качанава ўчора па маім даручэнні размаўляла) змагацца ачагова, кропкава, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта значыць мы, калі бачым ачаг, кідаемся на яго і пачынаем лячыць гэтага чалавека і тых, хто быў вакол. Ніхто так у свеце не працуе. Яны ідуць фронтам. Акружылі горад - ні ўехаць, ні выехаць, і ўсіх у дамах закрылі".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі няма той сітуацыі, каб прымаць такія меры. "І дай бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз пацвердзіў свой тэзіс аб тым, што масавая ізаляцыя ў кватэрах, наадварот, можа садзейнічаць пагаршэнню стану для тых, хто ўжо заразіўся тым ці іншым вірусам. "Гэта не праблема. Мы за суткі нейтралізуем горад (калі гэта спатрэбіцца. - Заўвага). Але чаго гэта будзе каштаваць і колькі будзе тады смярцей? Мы потым ужо будзем выхватваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Таму не трэба дурасцю займацца. Нас жа заўсёды вучылі: трэба, каб праветранае памяшканне было, на свежым паветры і іншае", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ўжо настане такі момант, калі нам трэба недзе тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі Прэзідэнт (Гітанас Наўседа. - Заўвага). Ён стаў клапаціцца пра беларускі вірус... Сваім вірусам займіся, у цябе там шмат пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не аб усім інфармуюць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што з усіх, хто знаходзіцца на лячэнні ад каранавіруса ў бальніцах, толькі нямногія на штучнай вентыляцыі лёгкіх. "У нас каля 3 тыс. апаратаў ШВЛ. Плюс наркозныя можна выкарыстоўваць у крайнім выпадку", - прывёў ён даныя.

"Дык чаго нам цяпер ізаляваць людзей? Іх трэба засцерагчы ад небяспекі, што абавязана зрабіць сістэма аховы здароўя, урачы павінны лячыць людзей (гэта маё строгае патрабаванне), а не хадзіць і закрываць установы, нешта адмяняць. Гэта справа ўлады. Ты прыйдзі, дакажы, што гэта патрэбна, а ўлада прыме рашэнне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым ён заклікаў урачоў выконваць неабходныя меры засцярогі пры кантакце з патэнцыяльна хворымі і пацыентамі, каб самім не стаць носьбітамі віруса.

Прэзідэнт адзначыў, што Міністр аховы здароўя са спецыялістамі выязджалі ў Віцебскую вобласць. "За трое сутак узялі пад кантроль сітуацыю. Сёння мне ўжо дакладваюць: у іх (мы ж кантралюем агульную захваральнасць, я гаварыў, што мы на піку знаходзімся) захваральнасць знізілася. Я малю бога, каб і мы як цяпер прайшлі хаця б да Вялікадня гэты пік. І дай бог, каб удалося знізіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз выказаў удзячнасць у адрас урачоў за паспяховыя падыходы да лячэння вірусных захворванняў. "Сказаць, што ў Беларусі ўсё ціха і спакойна - глупства поўнае. Проста мы не панікуем. Займаемся кожны сваёй справай. Не вырашаем праз каранавірус ніякіх палітычных пытанняў, хоць у нас палітычны год", - заўважыў ён.

"Калі ўжо шчыра, я сёння мог бы ўвесці надзвычайнае становішча - патрулі па вуліцах, усе сядзяць (дома. - Заўвага), - і паказаць перад прэзідэнцкімі выбарамі, які я круты, што я магу ўсё ўзяць пад кантроль, - сказаў Прэзідэнт. - Не дай бог, каб нам рэальна давялося жыць у такой сітуацыі, калі давядзецца абмяжоўваць чалавеку магчымасць хадзіць па вуліцах, вывесці сваё дзіця куды-небудзь. І я ў гэтыя гульні гуляць не хачу. Мы будзем змагацца з любой хваробай. Я не вылучаю таму каранавірус".


Адной з важных тэм інтэрв'ю стала святкаванне 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што разглядае магчымасць прысутнасці 9 Мая на парадзе ў Маскве і ў Мінску. Ён падкрэсліў, што абодва гэтыя памятныя мерапрыемствы маюць для яго важнае значэнне. Парад у Маскве сімвалічны для Кіраўніка дзяржавы, паколькі гэты горад быў сталіцай краіны - пераможніцы ў Вялікай Айчыннай вайне - Савецкага Саюза.

Удзел Прэзідэнта Беларусі ў парадзе ў Мінску 9 Мая безумоўна і сумненню не падлягае. "Зразумела, Прэзідэнт заўсёды ў гэты дзень на месцы. Уявіце: Пуціну прапанавалі правесці гэты дзень, 9 Мая, у Беларусі, што наогул нармальна і сімвалічна, таму што Беларусь - гэта жывы помнік той вайне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паехаў бы Прэзідэнт Расіі? Не".

Кіраўнік беларускай дзяржавы даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прапрацаваць магчымасць яго ўдзелу ў адзін дзень у абодвух мерапрыемствах і запэўніў, што сітуацыя з каранавірусам не будзе ўплываць на яго рашэнне аб паездцы ў Маскву для ўдзелу ў парадзе. Іншая справа, што ёсць верагоднасць адмены гэтага мерапрыемства.

Адказваючы на пытанне аб тым, як адзначаецца 9 Мая ў сям'і Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка расказаў: "Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці - яны ў нас як сямейныя святы. Мае старэйшыя сыны выхоўваюць сваіх дзяцей у духу адданасці гэтым традыцыям".

"Галоўнае цяпер, па-першае, не дазволіць сказіць гісторыю той вайны і праўду аб той вайне. У імя гэтага нам з расіянамі трэба заўсёды быць разам. І другое: ні ў якім разе нельга спрабаваць прыватызаваць нашу агульную Вялікую Перамогу. Трэба цаніць і адзначаць гэту Перамогу разам, усюды гаварыць: гэта мы разам перамаглі. Вось гэта галоўнае цяпер для нас. Усё астатняе - наша моладзь разумная, разбярэцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У час інтэрв'ю прагучала таксама пытанне аб тым, якія магчымыя шляхі бачыць беларускі лідар для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што цяпер зрабіць гэта будзе ўжо вельмі складана. На думку Прэзідэнта, справа ў тым ліку ў розных пунктах гледжання эліт у самой Украіне. "Прэзідэнт (Уладзімір Зяленскі. - Заўвага), можа, і пайшоў бы не нейкія крокі, але яму проста не дадуць, змятуць, - адзначыў беларускі лідар. - Трэба ім, украінцам, перш за ўсё вызначыцца. Таму што вайна на іх тэрыторыі".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што трэба старацца рухацца ў напрамку вырашэння пытання, весці дыялог. Пры гэтым ён канстатаваў уключанасць розных зацікаўленых бакоў. "Вельмі шмат ускладняльных момантаў", - лічыць Прэзідэнт.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў свой тэзіс аб тым, што без згоды ЗША цяжка будзе нешта зрабіць. "Таму што амерыканцы падтрымлівалі ўкраінцаў у гэты час і ўсяляк ім дапамагалі. Вядома, ва ўласных інтарэсах", - адзначыў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь са свайго боку прыкладала намаганні для вырашэння канфлікту, выступала ў якасці перагаворнай пляцоўкі. "Наўрад ці хто-небудзь кіне камень да нас у агарод. Мы, пытаючыся ў аднаго і другога боку, усяляк рабілі так, каб там быў мір. Але да міру там вельмі далёка. Зацягнулі гэты працэс. Замяшаны ўжо многія дзяржавы. Думаю, што пандэмія і каранавірус толькі ўскладняць сітуацыю", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адно з пытанняў датычылася дзейнасці Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што гэта аб'яднанне страчвае сваё значэнне ў якасці пляцоўкі для вырашэння важных пытанняў.

"Апошнім часам нацыянальны эгаізм, як кажа Пуцін, захліснуў усіх, у тым ліку і саму Расію, - сказаў беларускі лідар. - Нас фактычна ўжо разарвалі на часткі".

"Краіны Цэнтральнай Азіі, як мы ні хваліліся б і ні радаваліся, усё ж такі яны глядзяць на моцны Кітай. Ён добра дапамагае і прытым паводзіць сябе карэктна, дастойна, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Кітай можа дапамагчы інвестыцыямі і дапамагае мільярдамі долараў".

Пляцоўка СНД, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, выкарыстоўваецца ў асноўным для сустрэч прэзідэнтаў, прыняцця заяў. "Так, існуе ў нейкай ступені зона свабоднага гандлю. Але вы ведаеце, якая тут свабода - з выключэннямі і абмежаваннямі, нават у ЕАЭС, не гаворачы ўжо пра СНД. Што застаецца? Мала чаго", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца магчымасці вяртання Украіны да работы ў складзе СНД, то Прэзідэнт Беларусі лічыць гэта малаверагодным у бліжэйшай перспектыве. "У наш з табой час, Валодзя, гэта немагчыма, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне Уладзіміра Пярцова. - Украіна не вернецца за гэты час у Садружнасць".

Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, Украіна нацэлілася на збліжэнне з Еўрасаюзам, НАТА і ЗША, і змяніць сітуацыю будзе цяжка. "Самае галоўнае - сёння ўжо і тэндэнцый такіх ва Украіне няма, каб паварочвацца ў бок нашых саюзаў. Больш таго, яны ж бачаць, што ў нас адбываецца, у гэтых саюзах, у тым ліку саюзе Беларусі і Расіі. Мне многія кажуць: калі вы, беларусы з рускімі, народы практычна з аднаго кораня, не можаце, то чаго нам туды лезці. Асабліва гэта датычыцца мусульманскіх краін. Гэтак жа разважаюць палітыкі і ва Украіне", - адзначыў Прэзідэнт.

"Яны свой лёс у асноўным ужо звязалі з іншым вектарам. Развярнуцца будзе складана, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, з часам нешта і адбудзецца. Але ва ўзаемаадносінах з Украінай час працуе не на нас - не на Расію і Беларусь. Час працуе, хутчэй за ўсё, на той бок".
Тэгі: Інтэрв'ю
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь