Інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 верасня даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС для тэлефільма, прысвечанага 25-годдзю СНД, і тэлепраграме "Формула ўлады".

У час цёплай і шчырай размовы вялікая ўвага была ўдзелена тэмам інтэграцыі на постсавецкай прасторы і далейшаму развіццю інтэграцыйных структур, а таксама беларуска-расійскім адносінам.

"СНД - вялікая палітычная і дыпламатычная пляцоўка, дзе абмяркоўваюцца глабальныя пытанні і потым даюцца арыенціры, у якім напрамку будзем рухацца. У нас з'явіўся і Еўразійскі эканамічны саюз. Гэта эканоміка, эканамічная інтэграцыя, мытныя праблемы. Без палітыкі і ваенных аспектаў. ЕАЭС - гэта эканоміка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў функцыянаванне АДКБ. "Гэта ваенна-палітычны саюз. Так, гэта не НАТА, не натаўскі блок, ён не мае такой моцы і сілы. Але гэта іншая структура, дзе стаяць пэўныя задачы. Дапусцім, Беларусь і Расія на заходнім напрамку - адзіная армія, адзіная групоўка. Гэта пытанні АДКБ. І самая глыбокая інтэграцыя - гэта будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, - перакананы Прэзідэнт. - Тут і эканоміка, і палітыка, і сумесныя расткі органаў улады. Гэта вельмі глыбокая форма інтэграцыі".

"Калі хто-небудзь да гэтай агульнай пляцоўкі СНД гатовы далучыцца, далучыцца да эканамічнага саюза ў рамках ЕАЭС - далучайцеся. Калі ў ЕАЭС і СНД нехта хоча вельмі глыбокай інтэграцыі і дарос да ўзроўню нашай Саюзнай дзяржавы - калі ласка, далучайцеся. Усе саюзы адкрыты, калі вы гатовы, - заявіў Прэзідэнт. - Існуючая сістэма рознаўзроўневай інтэграцыі на гэтым этапе задавальняе ўсіх. І галоўнае - гэта канструкцыя задавальняе цяперашні стан адносін паміж дзяржавамі постсавецкай прасторы".

Што датычыцца беларуска-расійскіх адносін, то, на думку Кіраўніка дзяржавы, Беларусь і Расія прайшлі велізарны шлях, каб не разысціся, не разарваць адносіны і застацца блізкімі сябрамі і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў грамадскім жыцці. "Складаны шлях, але мы яго праходзім дастойна, хоць і з некаторымі шурпатасцямі, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Мы вельмі шмат зрабілі ў плане адзінства, каб народы не былі пакрыўджаны распадам Савецкага Саюза - больш, чым хто-небудзь з постсавецкіх рэспублік. Мы прынялі шмат рашэнняў, якія ўраўноўваюць беларусаў і расіян у правах. Адышлі ад той прорвы, якая магла быць паміж Беларуссю і Расіяй і якая намячалася там пад Смаленскам. Але было б няпраўдай, калі б мы гаварылі толькі аб станоўчым баку. У нас шмат праблем. Мы, мабыць, у нечым не разумелі Расію. Расія хапалася то за газавую, то за нафтавую трубу, то не прапускала нашы тавары. Мы дзесьці, напэўна, сябе не зусім правільна паводзілі, хоць стараліся "старэйшага брата" не крыўдзіць і не злаваць - гэта таксама праўда".

Кіраўніку дзяржавы акрамя палітычных і эканамічных былі зададзены і пытанні асабістага характару, у тым ліку, аб чым ён марыць. "Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, заглядваючы ў кашалёк або ўласную кішэню, не думалі аб тым, што ім на штосьці не хапае, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Заўсёды частцы народа чагосьці не хапае, гэта зразумела. А я хацеў бы, каб людзі ў Беларусі ніколі гэтым не турбаваліся - вось гэта мая адзіная мара".

Разам з тым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што людзі павінны і самі думаць пра сваю будучыню і тады сваё жыццё можна забяспечыць. Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтны прыклад: "Некалькі гадоў таму мною быў падпісаны ўказ і прынята рашэнне аб развіцці аграэкатурызму: каля трох тысяч прадпрымальных сем'яў стварылі ўласныя, лічыце, прадпрыемствы, пабудавалі вёскі, дамы, дзе адпачываць могуць ад дзесяці да пяцідзесяці-сотні чалавек. І гэтыя прадпрымальныя людзі жывуць нядрэнна. Чаму любы беларус не можа, паставіўшы перад сабой мэту, забяспечыць сябе і сям'ю, зарабіць? Можа. І гэта мая мара, каб у нас у Беларусі, яшчэ раз падкрэслю, ніколі, заглядваючы ў кашалёк і кішэню, не перажывалі аб тым, што не хапае грошай. Я гэта зраблю".