Сустрэча з прэзідэнтам ЕБРР Сума Чакрабарці

  • 1

 Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці супрацоўніцтва з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 18 лютага на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сума Чакрабарці.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэзідэнту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця за супрацоўніцтва, адзначыўшы, што на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у Беларусь ад банка паступіла амаль 1,65 млрд еўра. Цяпер выпрацоўваецца новая стратэгія ўзаемаадносін Беларусі з ЕБРР на 2016-2018 гады.

"Я вас вельмі прасіў бы пасля вывучэння сітуацыі ў нашай краіне, каб банк зняў усялякія абмежаванні па супрацоўніцтве з Беларуссю, асабліва што датычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў. Думаю, ва ўрадзе вам пакажуць прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці і вы для сябе зробіце вывад, ці можа банк шырока супрацоўнічаць з гэтымі прадпрыемствамі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўрад Беларусі будзе гарантаваць надзейнасць гэтага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ёсць яшчэ адно праблемнае пытанне. У прыватнасці, грашовыя сродкі, якія выдзяляюцца Беларусі ЕБРР, паступаюць праз даччыныя расійскія банкі: БелЗЭБ, БПБ-Ашчадны банк, Белгазпрамбанк і іншыя. "Сёння Расія знаходзіцца пад санкцыямі, і калі вы іх распаўсюдзіце на гэтыя банкі, мы можам страціць фінансаванне вашага банка на Беларусь. Гэтага дапусціць нельга. Трэба знайсці выйсце з гэтай сітуацыі", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы як ініцыіраваць варыянты, так і разглядаць прапановы ЕБРР па паглыбленні супрацоўніцтва не толькі з Беларуссю, але, магчыма, праз Беларусь з іншымі дзяржавамі.

Прэзідэнт Беларусі прапануе Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэалізаваць шэраг новых праектаў у краіне. 

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць укладання сродкаў у праекты ў сферы ЖКГ, адзначыўшы, што ў Беларусі заняліся сур'ёзным рэфармаваннем сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва - мадэрнізацыя транспартнай сістэмы. "Склалася патавая сітуацыя з транзітам з усходу на захад і, наадварот, у сувязі з падзеямі ва Украіне. Такім чынам, застаецца адзін бяспечны і надзейны напрамак - Беларусь. У сувязі з павялічаным патокам транспарту праз Беларусь мы баімся перагружанасці нашай інфраструктуры, таму аператыўна і масіравана вядзём мадэрнізацыю транспартнай сістэмы, як аўтамабільнай, так і чыгуначнай", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок прасіў падтрымкі ў гэтым плане Сусветнага банка, і ён не адмаўляе, а таксама просіць аказаць дапамогу ў вырашэнні гэтага пытання Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. "Мы на працягу двух гадоў змаглі б вырашыць гэту праблему, таму што могуць надысці часы, калі мы проста не зможам такую масу транспарту прапусціць праз Беларусь", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі абазначыў яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння - аграбізнес. "Калі вы палічыце неабходным удзельнічаць у гэтых праектах, мы таксама будзем вам удзячны", - сказаў беларускі лідар.

"Разумею, што асаблівых праблем у вас з нашым бокам няма. Калі гэта так, я вам гарантую, што і ў далейшым будзе гэтак жа. Вы не будзеце мець праблем у супрацоўніцтве з Беларуссю. І калі мы з вамі дамаўляемся, будзем гарантаваць з боку дзяржавы гэта супрацоўніцтва, будзем яго падтрымліваць, рабіць усё, каб гэта супрацоўніцтва было мэтанакіраваным, сумленным, пазбаўленым усялякай карупцыі і бяспечным", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу прэзідэнт ЕБРР запэўніў, што на працягу апошніх трох гадоў было добрае ўзаемадзеянне з Беларуссю. У краіну было інвесціравана больш як 700 млн еўра, нягледзячы на абмежаванні. "Я вельмі ганаруся тым, што мы змаглі прыцягнуць у Беларусь добрых замежных інвестараў", - сказаў Сума Чакрабарці, дадаўшы, што ў першую чаргу размова ідзе аб кампаніі "Штадлер".

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці кіраўніку беларускай дзяржавы і Беларусі за важную ролю пасрэдніка, якую краіна адыгрывае ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне дзейнічае больш непублічна.

"Сёння вельмі сур'ёзная сітуацыя пасля мінскіх пагадненняў у напрамку Дзябальцава. Беларусь магла б адыграць большую ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, калі б бакі, уцягнутыя ў яго, гэтага хацелі", - сказаў беларускі лідар.

"Мы сёння прапанавалі ўкраінскаму і другому боку, уцягнутаму ў гэты канфлікт, што праблему Дзябальцава можна вырашыць на працягу сутак, калі гэтага захочуць Украіна, Расія, ДНР і ЛНР", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мы гатовы не проста быць пасрэднікам, а дастойна спыніць гэты канфлікт у раёне Дзябальцава і вывесці ўсіх ваеннаслужачых Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі ваяваць не будуць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І, калі кагосьці напружвае зброя, якой валодаюць сёння ваеннаслужачыя Украіны, акружаныя ў Дзябальцаве, мы гатовы прыняць на тэрыторыі Беларусі гэту зброю. Такім чынам, яна ніколі больш не будзе ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях". Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што трэба адабрэнне бакоў канфлікту. "Калі для іх з'яўляецца прыярытэтам жыццё тысяч ні ў чым не вінаватых, акружаных там людзей, то мы гатовы гэта зрабіць на працягу сутак", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Калі гэта цікава рэальным дзеючым асобам у Дзябальцаве і, у прыватнасці, уцягнутым у гэты канфлікт. Але вы павінны ведаць, што там вельмі шмат розных інтарэсаў, адсюль і розныя падыходы", - адзначыў беларускі лідар.