Бел
Галоўная   /  Падзеі

Дзяржузнагарод удастоены 96 работнікаў розных сфер дзейнасці

14 мая 2018 года

Дзяржаўных узнагарод удастоены 96 работнікаў розных сфер дзейнасці. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага і нафтахімічнага комплексаў, энергетычнай сістэмы, прамысловасці, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі, будаўнічай галіны, значныя дасягненні ў сферах транспарту, гандлю, адукацыі і культуры.

Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны начальнік чацвёртага ўпраўлення галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Алег Прасмыцкі. У ліку ўдастоеных ордэна Пашаны - дырэктар ААТ "Квасевічы" Віктар Алексяюк, трактарыст-машыніст КСУП "Аўсянка імя І.І. Мельніка" Мікалай Дземянкоў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч, генеральны дырэктар віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" Віктар Славецкі.

Дзейнасць протаіерэя Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна, мастацкага кіраўніка хору духавенства Гродзенскай епархіі Андрэя Бандарэнкі, вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяны Мдзівані, загадчыцы аддзела сучаснай беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Валянціны Русак адзначана медалём Францыска Скарыны.

Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны 67 работнікаў энергетычнай, вытворчай, гандлёвай, сельскагаспадарчай, транспартнай, нафтахімічнай і будаўнічай сфер. Акрамя таго, шэраг ваеннаслужачых падраздзяленняў Узброеных Сіл і органаў пагранічнай службы ўдастоены медалёў "За адзнаку ў воінскай службе" і "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы".

Ганаровае званне "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" прысвоена старшыні кааператыва "Свіцязянка-2003" Уладзіміру Галавачу, старшыні даччынага прадпрыемства "Авангард" Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі Леаніду Капцову, дырэктару КСУП "Гальшаны" Мікалаю Праўко і дырэктару ААТ "Агра-Калядзічы" Пятру Якімаўцу.

Заслужаным будаўніком Беларусі стала дырэктар ААТ "Аргбуд" Святлана Аскірава, заслужаным шахцёрам Беларусі - старшыня савета дырэктараў ААТ "Трэст Шахтаспецбуд" Валерый Старцаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім за шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена намесніку Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміру Гракуну, старшыні праўлення Столінскага райпо Сяргею Крыжыку, начальніку галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандру Шчарбянку, дырэктару філіяла "Кааппрам" Іванаўскага райпо Мікалаю Шыкалаю.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё дарожнай галіны Падзякі Прэзідэнта ўдастоены намеснік генеральнага дырэктара і намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства "Мінскаўтадар-Цэнтр" Васіль Глядко і Алег Мейшутовіч.

Галоўнаму канструктару прадпрыемства "Белдзіпрадар" Мікалаю Крачэтнікаву Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена за шматгадовую плённую працу ў дарожнай галіне і асабісты ўклад у распрацоўку праектаў аўтамабільных дарог.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь