Дзяржаўных узнагарод удастоены больш за 190 работнікаў розных сфер дзейнасці

    Дзяржаўных узнагарод удастоены больш за 190 работнікаў розных сфер дзейнасці. Адпаведны Указ № 427 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 лістапада.

    Яны ўзнагароджаны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выратаванні людзей, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці і будаўніцтве, сельскай і лясной гаспадарцы, значны асабісты ўклад у развіццё галіны навуковых даследаванняў, энергетычнай сістэмы, сферы адукацыі, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання насельніцтва, мастацтва, культуры і спорту.

    Памочнік Прэзідэнта Беларусі Мікалай Корбут і старшыня СВК "Агракамбінат Сноў" Мікалай Радаман удастоены ордэна Айчыны III ступені.

    Начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння МНС Ігар Болатаў і начальнік Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Руслан Салодкін узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені.

    Ордэнам Пашаны адзначаны 16 чалавек. Сярод іх генеральны дырэктар ААТ "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання" - кіруючая кампанія холдынга "Аўтакампаненты" Анатоль Капскі, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс.

    Мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Салаўёў і галоўны рэжысёр, генеральны прадзюсар ТАА "Профіартвідэан" Аляксандр Ціхановіч удастоены ордэна Францыска Скарыны.

    За заслугі ў розных сферах дзейнасці вялікая група работнікаў адзначана медалямі за выратаванае жыццё, за адзнаку ў воінскай службе, у ахове дзяржаўнай граніцы, у папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, за працоўныя заслугі і медалём Францыска Скарыны.

    Указам таксама прысвоены ганаровыя званні. Артысту-вакалісту - вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Настассі Масквіной прысвоена ганаровае званне "Народны артыст Беларусі". Званне "Народны настаўнік Беларусі" прысвоена настаўніку фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валерыю Барашкову.

    Акрамя таго, Указам прысвоены ганаровыя званні заслужанага артыста, дзеяча навукі, работніка адукацыі, урача, работніка аховы здароўя, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лесавода, будаўніка, трэнера, майстра спорту.