Дзяржаўных узнагарод удастоены больш за 110 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці

    Дзяржаўных узнагарод удастоены больш за 110 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Адпаведныя ўказы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 жніўня.

    У адпаведнасці з Указам № 304 медалёў і ганаровых званняў удастоены больш за 20 педагогаў за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, падрыхтоўку навукова-педагагічных кадраў, арганізацыю аздараўлення дзяцей. У прыватнасці, медаль «За працоўныя заслугі» прысвоены выхавальніку ясляў-сада № 78 Гродна Таццяне Ліцвінчык, настаўніку інфарматыкі сярэдняй школы № 11 Слуцка Уладзіміру Жуку, дырэктару гімназіі № 24 Мінска Таццяне Лукшы.

    Ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» удастоена дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны Наталля Бушная. Заслужанымі работнікамі адукацыі Беларусі сталі дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Надзея Ануфрыева, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Лазоўскі.

    Акрамя таго, шэрагу педагогаў аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Гэтай узнагароды таксама ўдастоены рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў.

    Указам № 303 прысвоены ордэны, медалі і ганаровыя званні амаль 90 работнікам розных сфер за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у вытворчасць звышцяжкай кар'ернай тэхнікі, развіццё аптычнага прыборабудавання, лёгкай прамысловасці, чыгуначнага транспарту і сельскай гаспадаркі, значныя дасягненні ў сферы аховы здароўя і бытавога абслугоўвання насельніцтва, нацыянальнай журналістыцы, навуковай дзейнасці, адукацыі, культуры і мастацтве.

    У прыватнасці, ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджаны генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» - кіруючая кампанія холдынга «БелАЗ-Холдынг» Пётр Пархомчык, ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені – камандзір вайсковай часці 1250 пагранічнай службы Юрый Церцель, ордэнам Пашаны – дырэктар па вытворчасці ААТ «Амкадор» - кіруючая кампанія холдынга» Валерый Кандратчык.

    Медаля «За працоўныя заслугі» ўдастоены першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, галоўны інжынер ААТ «Слонімскі мясакамбінат» Міхаіл Комар, генеральны дырэктар РУВГП «Аршанскі льнокамбінат» Уладзімір Несцярэнка.

    Вядучаму майстру сцэны Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Наталлі Анішчанка прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», галоўнаму рэдактару КУП «Рэдакцыя газеты «Гомельская праўда» Сяргею Бяспаламу – «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь», пракурору Калінкавіцкага раёна Сяргею Ярмоленку – «Заслужаны работнік органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь».

    Акрамя таго, Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлена 10 супрацоўнікам розных галін. За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска яе, у прыватнасці, удастоены вадзіцель ААТ «Белдартранс» Аляксандр Дробышаў. За лённую працу, высокае прафесійнае майстэрства і значны асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі яна аб'яўлена рэдактару аддзела ўнутранай палітыкі рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» Дзмітрыю Крату. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена намесніку дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна Святлане Чэпік.