Дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку

  • 32
  • 7:39

Беларусь і Кітай выйшлі на якасна новы ўзровень міждзяржаўных адносін. Такі вынік афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна 29 верасня ў Пекіне.

"Мы сапраўды сур'ёзна рушылі наперад у нашым супрацоўніцтве. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць Вам асабіста за ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін", - сказаў Прэзідэнт Беларусі на перагаворах з Сі Цзіньпінам у пашыраным складзе.

"Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным развіццём тых ініцыятыў, якія былі Вамі выказаны, і, перш за ўсё, Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, які Вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху. Гэта сапраўды важнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў беларускі лідар.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у пашыраным складзе кіраўнікі дзяржаў працяглы час размаўлялі ў фармаце сам-насам. Абодвума бакамі падкрэсліваўся беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Тым не менш адзначана, што шмат яшчэ трэба будзе зрабіць у будучым.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна найбольш актыўна выкарыстоўваць. Размова на перагаворах таксама ішла аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме, развіцці міжпарламенцкага дыялогу. Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях дарогай з больш інтэнсіўным рухам, узмацняць узаемную падтрымку.

"Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця. Кітай і Беларусь - сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і ўзнімаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах", - заявіў Сі Цзіньпін.

Па выніках перагавораў лідары дзвюх краін падпісалі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У дакуменце замацаваны намер бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць "усепагодную дружбу". Значная ўвага ў дэкларацыі таксама ўдзелена эканамічнаму блоку супрацоўніцтва, сумеснаму развіццю праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаны амаль тры дзясяткі пагадненняў і мемарандумаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных галінах, у тым ліку ў сферах прамысловасці і інвестыцый, фінансаў, гандлю, адукацыі і навукі, турызму.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы" за вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Старшыня КНР стаў першым, хто ўдастоены гэтай узнагароды.

У Пекіне 29 верасня Прэзідэнт Беларусі таксама сустрэўся са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і Старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам. На абедзвюх сустрэчах нязменна падкрэсліваўся высокі ўзровень супрацоўніцтва Беларусі і КНР, важнасць далейшага развіцця ўзаемавыгадных сувязей. "Мы гэтыя адносіны выбудоўвалі доўга, па цаглінцы і прыйшлі да ўзаемнага даверу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гэта цэнім у Беларусі, і вы павінны быць упэўнены, што ў цэнтры Еўропы вы маеце пляцоўку для пашырэння сваіх інтарэсаў. Вы можаце на нас разлічваць. Мы будзем рабіць усё, каб вашы інтарэсы былі прадстаўлены на еўрапейскім кантыненце".

Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік бліжэйшых сяброў і партнёраў Кітая. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 верасня ў час дзяржаўнага візіту ў Кітайскую Народную Рэспубліку.

Кіраўнік дзяржавы наведаў Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам ВНУ, студэнтамі, адказаў на іх пытанні. Адкрытая і ажыўленая размова прадаўжалася больш за гадзіну.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем былі ўстаноўлены амаль 25 гадоў таму. "Мы можам з гордасцю адзначыць, што за такі малы перыяд у параўнанні з іншымі краінамі нашы адносіны набылі асаблівы даверны статус усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вялікі Кітай толькі з чатырма дзяржавамі мае такі высокі ўзровень супрацоўніцтва, і ў іх лік уваходзіць Беларусь. Мы гэтым ганарымся", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь з задавальненнем будуе і развівае свае адносіны з Кітаем, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць у тысячы кіламетраў. "У першую чаргу таму, што за 25 гадоў вы ніколі не ставілі нам ніякіх папярэдніх умоў. Вы заўсёды сумленна і прыстойна выбудоўвалі адносіны на раўнапраўнай аснове. І гэта дае свой плён", - сказаў ён.

Самым важным для беларуска-кітайскай дружбы беларускі лідар назваў той факт, што на чале КНР стаіць кіраўнік - Сі Цзіньпін, з якім за кароткі прамежак часу ўдалося выбудаваць цяперашні вельмі высокі ўзровень адносін.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго асабістае знаёмства з Сі Цзіньпінам адбылося яшчэ тады, калі той на пасадзе намесніка Старшыні КНР наведваў з візітам Беларусь. "Мы пяць гадзін у мяне ў кабінеце стаялі перад глобусам і разважалі аб сусветных праблемах. Размова была абсалютна шчырай. Кітайцы - людзі стрыманыя. Яны доўга могуць ісці (да прыняцця тых або іншых важных рашэнняў), але калі прымуць рашэнне, то пойдуць. Так атрымалася з Сі Цзіньпінам, - сказаў Прэзідэнт. - Я бачу, што, стаўшы кіраўніком такой імперыі, як Кітай, ён памятае да коскі ўсю гэту размову ў кабінеце. Ён стаў Старшынёй КНР, і мне прасцей ужо было з ім выбудоўваць адносіны, таму што мы былі знаёмы".

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў важнасць развіцця ўсебаковага і ўзаемавыгаднага беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. І на гэтым шляху бакі ўжо дасягнулі значных вынікаў у шэрагу галін. Індустрыяльны парк "Вялікі камень" пад Мінскам Прэзідэнт назваў узорам інвестыцыйнага супрацоўніцтва. "Праводзячы перагаворы з прэм'ерам Дзяржсавета Кітая і з Сі Цзіньпінам, мы дамовіліся, што індустрыяльны парк "Вялікі камень" у Беларусі павінен стаць узорам яшчэ і таму, каб прадэманстраваць усяму свету, і перш за ўсё высокатэхналагічнай Еўропе, што такое Кітай сёння, - заявіў беларускі лідар. - Нам трэба пабудаваць узорна-паказальны тэхналагічны комплекс, каб іншыя краіны Еўропы, убачыўшы гэта, захацелі супрацоўнічаць з Кітаем. І чаго б нам ні каштавала, гэты праект будзе рэалізаваны".

"У свеце ідзе жорсткая канкурэнцыя, і перш за ўсё ў эканоміцы. Кітай правільна выбраў тактыку, вызначыўшы напрамак Шаўковага шляху. І ў гэтым плане тыя дзяржавы, праз якія будзе праходзіць гэта дарога, становяцца сябрамі Кітая", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў аб падтрымцы з боку Беларусі ідэі спалучэння інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе з развіццём праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, а таксама выказаўся за "інтэграцыю інтэграцый" на ўсёй еўразійскай прасторы, у тым ліку з удзелам ШАС, АСЕАН, Еўрасаюза.

Прэзідэнт падкрэсліў значэнне Кітая ў якасці адной з апор шматпалярнасці і ўстойлівасці ў свеце. "Толькі шматпалярны свет можа ўтрымаць і выратаваць нашу планету ад разбурэння. Ні адна сістэма не можа доўга ўстаяць на адной апоры. Чым іх больш, тым магутнейшая сістэма. І адной з апор гэтай шматпалярнасці і ўстойлівасці з'яўляецца КНР. Мы вельмі зацікаўлены, каб гэта апора пастаянна ўмацоўвалася. У гэтым наш прагматызм, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Будзе магутны і моцны Кітай - будзе суверэнная і незалежная Беларусь. Таму што гэта наш сябар, на плячо якога мы заўсёды зможам абаперціся".

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы падрабязна расказаў аб развіцці Беларусі на сучасным этапе, яе поспехах і асягненнях у палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сферы. Краіна ў знешняй палітыцы цвёрда прытрымліваецца прынцыпу шматвектарнасці. "Мы заўсёды зыходзім з такога разумення пры выпрацоўцы і правядзенні сваёй знешняй палітыкі. Таму нацэлены выключна на ўмацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва з усімі суседзямі - і на Усходзе, і на Захадзе - настолькі глыбока, наколькі гэта магчыма, але не на шкоду каму-небудзь. Мы вядзём дыялог з тымі партнёрамі, якія гатовы будаваць адносіны з Беларуссю на раўнапраўнай аснове, без дыктату і прымушэння", - заявіў беларускі лідар.

Не прэтэндуючы на глабальныя геапалітычныя амбіцыі, мы змаглі стварыць востраў стабільнасці ў нашым рэгіёне, сфарміраваўшы дружалюбныя і ў дастатковай ступені даверныя адносіны з усімі нашымі суседзямі: Расіяй, Еўрапейскімсаюзам, Украінай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я ўжо гаварыў, знаходзячыся ў ААН, што глыбінная крыніца ўсіх крызісаў - у штучным несуразмерным культываванні індывідуальных правоў і свабод чалавека на шкоду грамадскім інтарэсам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прыкрываючыся лозунгам абароны правоў чалавека, звяргаюцца ўрады, разбураюцца дзяржавы, арганізуюцца ваенныя інтэрвенцыі. Па сутнасці, насаджваюцца хаос і анархія са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Але ж нават шчырыя, добрыя мэты не павінны дапускаць нягодных сродкаў іх дасягнення".

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што "каляровыя рэвалюцыі" ў розных краінах не прывялі ў выніку да міру і дабрабыту. Наадварот, іх вынікам сталі перманентная нестабільнасць, разбалансіроўка дзяржаўных механізмаў, страта кіруемасці, зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна адказаў на пытанні студэнтаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі Беларусі. Яны датычыліся перспектыў развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, маладзёжных абменаў, работы па далейшым спрашчэнні візавага рэжыму паміж дзвюма краінамі і нават таго, як Прэзідэнт расцэньвае распад СССР. "Я адназначна разглядаю распад Савецкага Саюза як катастрофу, якая мела і мае негатыўныя наступствы ва ўсім свеце. Нічога добрага ад распаду мы не атрымалі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адносна астатніх пытанняў Кіраўнік дзяржавы ў цэлым выказаўся за неабходнасць паглыблення і аблягчэння кантактаў па розных напрамках.

У завяршальны дзень візіту Прэзідэнт таксама правёў перагаворы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ да свайго прэзідэнцтва пачаў актыўна вывучаць вопыт дзяржаўнага развіцця Кітая. "Я прыязджаў да вас, бываў у гарадах, вывучаў функцыянаванне свабодных эканамічных зон, бываў у вашых вёсках. Я вельмі добра ведаю агульны напрамак станаўлення і развіцця гэтай цудоўнай і старажытнай дзяржавы, - сказаў Прэзідэнт. - Інтуітыўна яшчэ тады - да свайго прэзідэнцтва - я зразумеў, што будучае нашай планеты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся".

У сваю чаргу Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што дзяржвізіт Аляксандра Лукашэнкі надасць дадатковы магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускіх адносін.

Перад адлётам з Пекіна Прэзідэнт усклаў вянок да Помніка народным героям.