Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад Урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама

21 лістапада 2017 года

Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год павінен быць рэалістычным, але выключна напружаным. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лістапада на дакладзе Урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектаў прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што будучы год будзе асаблівым. Трэба будзе пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016 годзе, і выйсці на траекторыю пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

"У гэтым годзе намеціўся некаторы рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак устойлівы. Сальда знешняга гандлю дадатнае. Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб'ёмы экспарту. Тым не менш падстаў для самазаспакоенасці быць не можа. Эканоміка за 2015-2016 гады страціла 6%. У гэтым годзе адыгралі толькі 2%, што яўна недастаткова", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, узнікае заканамернае пытанне: чаму пры росце ВУП няма запланаванага павелічэння даходаў насельніцтва? "Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост - прымальны рост, і ён вызначаны. Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананнем майго даручэння па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў памеры тысячы рублёў шмат пытанняў і праблем. У сувязі з гэтым што мы маем у гэтай частцы на 2018 год?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно важнае пытанне - занятасць насельніцтва. Тут, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама не ўсё добра. "Урад дакладвае пра 50 тыс. новых рабочых месц, але ў той жа час, як канстатуюць статыстыкі, колькасць звольненых перасягнула колькасць прынятых на работу на 43 тыс. чалавек - два сярэднія раёны Беларусі. Колькасць занятых у эканоміцы павінна расці. Без гэтага расказваць пра макрастабільнасць сэнсу няма", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка, у бягучым годзе ў Беларусі будзе самы нізкі ўзровень інфляцыі за ўсю гісторыю незалежнасці. "6% па выніках 2017 года - цудоўна. Аднак у планах на 2018-ы прадугледжана павялічыць яе да 7%. Якія падставы для гэтага? Мы гаворым аб інфляцыйных чаканнях, але ў той жа час самі падганяем іх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Насцярожвае Кіраўніка дзяржавы і сітуацыя ў сферы інвестыцый. "Паводле маёй інфармацыі, на наступны год іх запланавана аж 65% ад узроўню 2011 года. Гэтага вельмі недастаткова для простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі. Калі няма ўласных капіталаў, трэба шукаць і прыцягваць інвестараў. Дарэчы, яны таксама ёсць. І крэдыты прымальныя ёсць. Але дзіўна - праектаў няма. Вось і ўсё менеджарства", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бюджэт павінен служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. "Чаму бюджэт ператвораны ў кастыль для кульгаючых прадпрыемстваў? І паток прапаноў ад Урада па вырабе гэтых кастылёў на ўзровень Прэзідэнта не спыняецца. Насцярожвае праблема даўгоў у рэальным сектары. Доля праблемных актываў высокая. Як на гэта глядзяць Урад, Нацыянальны банк? Ці гэта зноў будзе перакладзена на бюджэт краіны? Большасць мер, што прымаюцца, пакуль маюць касметычны характар. А патрэбны сістэмныя рашэнні", - сказаў Прэзідэнт.


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што чакае актыўнага абмеркавання актуальных пытанняў і канкрэтных прапаноў па ключавых сферах жыцця краіны. "Прагноз павінен быць рэалістычным, але выключна напружаным", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Аб фактарах росту беларускай эканомікі ў наступным годзе і вырашэнні задач Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады далажыў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Ён таксама спыніўся на бягучай сітуацыі ў краіне. Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць больш актыўнай работы па працаўладкаванні грамадзян. "Мы павінны пранікнуцца пачуццём таго, што кожны чалавек павінен мець магчымасць працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я адчуваю і бачу сітуацыю: чалавек сёння гатовы любую работу выконваць. Так, ёсць 10% на ўліку ў Шуневіча і іншых, з імі мы працуем па-свойму, прытым жорстка працуем. Але тым, хто хоча працаваць, трэба дапамагчы ўладкавацца і заплаціць, - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце пачынаць працаваць".

Акрамя таго, звярнуў увагу Прэзідэнт, людзі павінны не толькі мець работу, але і добра зарабляць. Ён нагадаў аб сваім даручэнні выйсці да канца 2017 года на сярэдні ўзровень зарплаты ў краіне ў памеры Br1 тыс. "Іншага вы і вымаўляць не павінны. У адваротным выпадку гэта дорага абыдзецца Ураду", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дапусціў, што ў пачатку 2018 года будзе больш выхадных, адпаведна, людзі будуць менш працаваць і могуць атрымаць зарплату крыху ніжэйшую за плануемы ўзровень. "А далей, другі, трэці, чацвёрты кварталы, мы павінны перасягаць ужо Br1 тыс. хоць крыху", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Павысіць жа сярэдні ўзровень даходаў у краіне неабходна ў першую чаргу за кошт павелічэння памеру зарплаты тым катэгорыям грамадзян, у якіх яна была ніжэйшая за сярэдняе значэнне, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Вось вам задача. І барані вас бог гэту задачу не выконваць, - заявіў Прэзідэнт. - У нас вызначана заданне. Не будзе выканана - галавой адкажаце".

"Пачынайце рэалізоўваць тое, што я вам гавару. Не можаце, не хочаце - ідзіце. Вы для таго і ёсць, каб выканаць гэтыя даручэнні. Тым больш я не патрабую чагосьці незвычайнага. Я патрабую больш-менш забяспечыць людзей. Гэта задача дзяржаўнай улады", - падкрэсліў ён.

Адносна прагнозаў па развіцці беларускай эканомікі Кіраўніку дзяржавы далажылі, што асноўны ўклад у рост ВУП забяспечыць прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, транспарт, інфарматызацыя і сувязь. Пры гэтым Прэзідэнт даручыў асаблівую ўвагу ўдзяліць будаўнічай галіне. Паводле яго слоў, Урад як адказваў за гэту сферу, так і будзе адказваць. "Мы ўсе цудоўна разумеем, якая сітуацыя ў будаўніцтве, вось і займайцеся гэтымі пытаннямі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Майце на ўвазе: калі будаўніцтва будзе правалена, міністру і віцэ-прэм'еру рабіць няма чаго ў новым Урадзе".


У час нарады таксама разглядаўся праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год. Прагучала меркаванне, што аблвыканкамам неабходна прадаставіць большую свабоду ў распараджэнні сродкамі мясцовых бюджэтаў. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў гэту прапанову. "Няхай яны самі распараджаюцца сваімі сродкамі і нясуць адказнасць. Мы вызначылі прынцыпы, па якіх фарміруюцца мясцовыя бюджэты, яны пагадзіліся", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мясцовым органам улады лепш відаць, якім прадпрыемствам, у якім аб'ёме і чым неабходна дапамагаць у першую чаргу. "Калі чагосьці не хапае, падыход адзін: ёсць абласны бюджэт, ёсць губернатар і абласны Савет, вось няхай яны яго там фарміруюць і дзеляць. А Камітэт дзяржкантролю праверыць рэалізацыю", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч прадставіў ацэнку маніторынгавай групы вынікаў работы эканомікі краіны ў бягучым годзе і прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год. Не абышоў ён бокам і дзейнасць еўразійскіх структур, якія, паводле яго слоў, павінны больш актыўна абараняць беларускіх вытворцаў у адпаведнасці з дагаворам аб ЕАЭС.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што работа па абароне інтарэсаў дзяржаў - членаў ЕАЭС павінна праводзіцца на ўзроўні адпаведных наднацыянальных структур, а вырашэнне спрэчных пытанняў не павінна аддавацца на водкуп кіраўнікам дзяржаў. "Спачатку трэба прымусіць працаваць тое, што ёсць. І дабіцца ад іх эфектыўнасці. Усе павінны быць пастаянна ў кантакце са сваімі калегамі", - сказаў Прэзідэнт.

На нарадзе з розных пазіцый разглядаліся перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Удзельнікі выказвалі свае ідэі і прапановы, узнімалі спрэчныя моманты і канструктыўна адстойвалі свае пазіцыі па тых ці іншых пытаннях.

Па выніках мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы даручыў да 20 снежня прадставіць канчатковы праект бюджэту на наступны год. "Дапрацуйце праект бюджэту з улікам абмеркавання і ў завізіраваным выглядзе прадстаўце ў Адміністрацыю Прэзідэнта, каб я падпісаў і накіраваў у парламент. Калі мы тут абмяркуем і прымем, дэпутаты супраць не будуць, тым больш што яны прыцягнуты. Вы ім раскажыце аб абмеркаванні, аб прынцыповых пытаннях. Упэўнены, што яны мяне падтрымаюць, таму што мы з імі на адной шахматнай дошцы: лепш людзям - лепш нам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым Прэзідэнт станоўча ацаніў праект бюджэту. "Усё падлічана нармальна. У асноўным усё правільна сказана. Але саскочце з верхатуры на зямлю. Людзі хочуць нармальна жыць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў знасці сродкі, каб падтрымаць бюджэтных работнікаў і найбольш слабаабароненыя слаі насельніцтва.

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь