Даклад Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура

  • 1

Планы па аптымізацыі ў сферы касава-інкасатарскіх паслуг абмеркаваны 25 студзеня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам.

Прэзідэнт заявіў, што стварэнне "Белінкасгруп" не павінна прывесці да росту затрат у банкаўскай сферы. "Мяне гэта перш за ўсё хвалюе, і справа нават не ў колькасці. Пытанне ў расходах, у грашах. Мы павінны аптымізавацца так, каб дзяржава менш траціла", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пытанне стварэння такой структуры выклікала нейкія спрэчкі і нават непаразуменні. "Стварэнне нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі "Белінкасгруп" - інкасатарская група, якую вы хочаце стварыць, каб пазбавіцца ад, як вы кажаце, неўласцівых Нацыянальнаму банку функцый, - што гэта будзе за структура, і, галоўнае пытанне, ці не прывядзе гэта зноў да раздування колькасці ўсёй гэтай нашай сферы. Не толькі ў Нацыянальным банку", - пацікавіўся беларускі лідар.

"Перш чым падпісваць указ, я думаю, усё ж такі нам трэба абмеркаваць з вамі, ці можам мы без яе абысціся або гэта сапраўды вельмі выгадная справа для банкаўскага сектара ў цэлым", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы цікавіўся ў цэлым сітуацыяй у сферы крэдытна-фінансавых арганізацый і банкаўскай сістэме. "Якая сітуацыя на валютным рынку? Ці пацвярджаюцца тыя тэндэнцыі, або яны крыху лепшыя, чым мы з вамі абмяркоўвалі напярэдадні Новага года? Як у нас развіваюцца падзеі на валютным рынку перш за ўсё. Што мы можам чакаць у будучым ад курса рубля? Гэта вельмі важна для нашай эканомікі ў цэлым", - абазначыў тэматыку размовы Кіраўнік дзяржавы.

Павел Калаур далажыў, што курс беларускага рубля блізкі да раўнаважнага. "Калі гаварыць пра сітуацыю на валютным рынку, то ў нас цяпер курс блізкі да раўнаважнага. Дзякуючы той палітыцы, якую праводзілі папярэднія некалькі гадоў, мы выйшлі на курс, які, з аднаго боку, поўнасцю задавольвае нашых экспарцёраў, з іншага - ён адпавядае задачам падтрымання фінансавай і цэнавай стабільнасці", - сказаў ён.

Па выніках даклада Павел Калаур расказаў, што на сустрэчы абмяркоўвалася стварэнне арганізацыі "Белінкасгруп", доля якой на рынку касава-інкасатарскіх паслуг можа скласці дзве трэці. "Работа будзе праводзіцца паступова на працягу года, і задача ў тым, каб гэта кампанія паўнацэнна функцыянавала на рынку да канца бягучага года. Магчымая рыначная доля гэтай кампаніі з улікам той удзельнай вагі, якую цяпер займаюць Беларусбанк і Белаграпрамбанк, складзе дзве трэці рынку наяўнага грашовага абароту", - заявіў Павел Калаур.

Паводле яго слоў, ініцыятывы, аб якіх дакладвалі Кіраўніку дзяржавы, накіраваны на аптымізацыю наяўнага грашовага абарачэння і пашырэнне сферы безнаяўных плацяжоў. "Гэтыя пытанні ўзаемаўвязаны, таму што, сапраўды, наяўнае грашовае абарачэнне патрабуе вельмі вялікіх затрат. Усе любяць, каб грошы былі своечасова ў банкаматах і мелі прыемны знешні выгляд", - адзначыў Павел Калаур.

Таму Кіраўніку дзяржавы было прапанавана стварэнне спецыялізаванай кампаніі. Яна будзе аказваць паслугі ўсёй банкаўскай сістэме, калі банкі будуць да яе звяртацца. "Вы ведаеце, што ў нас яшчэ ёсць на рынку нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя - даччынае прадпрыемства БПБ-Ашчадбанка. Доля гэтай арганізацыі на рынку 22%. Зразумела, будзе захоўвацца нармальнае канкурэнтнае асяроддзе, і ў банкаў будзе выбар, паслугамі якой кампаніі карыстацца. А гэта будзе абавязваць кампанію аказваць якасныя паслугі", - удакладніў Старшыня Праўлення Нацбанка.