Даклад старшыні праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргея Румаса

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка прыняў з дакладам старшыню праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргея Румаса.

    Кіраўнік дзяржавы цікавіўся вынікамі работы Банка развіцця ў 2014 годзе.

    Прэзідэнту было падрабязна даложана аб падтрымцы экспарту як Банкам развіцця, так і яго даччынай кампаніяй ААТ "Прамагралізінг".

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна ісці на дыверсіфікацыю паставак прадукцыі на экспарт, не абмяжоўваючыся толькі традыцыйнымі гандлёвымі партнёрамі.

    Прэзідэнту даложаны ініцыятывы Банка развіцця ў галіне падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся, якія праекты былі прафінансаваны, што прадпрымальнікі атрымалі ад такой падтрымкі праз Банк развіцця. Як адзначыў Сяргей Румас, праграма, якую Банк развіцця вядзе сумесна з 9 банкамі - партнёрамі па крэдытаванні інвестпраектаў у сферы малога і сярэдняга бізнесу, ужо дае свае вынікі. У прыватнасці, у 2014 годзе прафінансавана 99 праектаў у сферы малога і сярэдняга бізнесу, крэдытная падтрымка Банка развіцця склала Br90 млрд. Пры гэтым агульны кошт праектаў, у якіх прымалі ўдзел прадпрымальнікі ўласнымі грашыма, склаў Br650 млрд. Сяргей Румас адзначыў, што ў гэтым годзе камерцыйным банкам прадастаўлена ўжо Br150 млрд, усяго ж плануецца аказаць падтрымку малому і сярэдняму бізнесу ў рамках толькі адной гэтай праграмы на суму Br700 млрд.

    Банк развіцця ўнёс прапановы яшчэ па некалькіх ініцыятывах, якія датычацца падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, і гэтыя ініцыятывы былі адобраны Кіраўніком дзяржавы.

    Што датычыцца вынікаў дзейнасці Банка развіцця за 2014 год, то актывы банка прыраслі на 33%, у той час як актывы банкаўскай сістэмы выраслі на 22%. "Банк развіцця па-ранейшаму застаецца лідарам па такіх якасных паказчыках, як прыбытак, сукупны прыбытак, прыбытак на аднаго работніка і рэнтабельнасць дзейнасці", - адзначыў Сяргей Румас.

    Кіраўніку дзяржавы даложана таксама аб завяршэнні работы па вызначэнні Банка развіцця адзіным каардынатарам у крэдытаванні дзяржаўных праграм. "Мы разлічваем, што ўжо ў 2015 годзе на прыкладзе адной галіны зможам ажыццявіць тыя элементы конкурснага адбору, конкурснай падтрымкі найбольш значных праектаў, уключаных у дзяржаўныя праграмы", - сказаў Сяргей Румас.

    У час даклада была закранута тэма сямейнага капіталу. Прэзідэнту даложана аб тым, што пачынаючы з другога квартала, Банк развіцця пачне ажыццяўленне функцыі кіравання сямейным капіталам.

    Як старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас далажыў аб стане спраў у футболе.

    Беларуская федэрацыя футбола сумесна з УЕФА працуе над арганізацыяй правядзення чэмпіянату Еўропы па футболе сярод дзяўчат да 17 гадоў, фінальная частка якога пройдзе ў Мінску, з тым, каб прыняць спаборніцтвы на належным узроўні. Кіраўнік дзяржавы даручыў у бліжэйшы час прывесці стадыён "Трактар" у стан, які дазволіць прымаць у Мінску матчы фінальнай стадыі маючага адбыцца чэмпіянату.

    Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб тым, як ідзе работа па будаўніцтве нацыянальнага футбольнага стадыёна. Плануецца, што ў канцы тыдня будзе аб'яўлены міжнародны тэндар на праектаванне і будаўніцтва стадыёна ўмяшчальнасцю 33 тыс. месц.