Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад Старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча

1 жніўня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня заслухаў даклад Старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча па сітуацыі з затрыманымі раней расіянамі са складу прыватнай ваеннай кампаніі.

"Многія факты (вы мне пісьмова далажылі) цікавыя. Я гляджу, прымоўклі і нашы старэйшыя браты. Ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых людзей у Стамбул. Ніякага Стамбула не было і быць не магло, як аказалася на паверку. Зразумела, што ў гэтай групы былі іншыя мэты. І задача следства - высветліць гэтыя мэты", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён папрасіў з затрыманымі абыходзіцца акуратна. "Яны, вядома, вінаватыя, але не настолькі, каб у адносінах да іх прымаць нейкія жорсткія меры. Гэта салдаты. Ім загадалі - яны пайшлі. Разбірацца трэба з тымі, хто загадваў, хто іх сюды пасылаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Малайцы, што высветлілі, што гэта першая група. Я так разумею, гэта толькі першая група са 180 або 200 чалавек, якая планавалася для перакідкі ў Беларусь. І прытым, калі я гэта гавару (я прачытаў даклад), гэта дакладныя даныя сёння. І спроба там цяпер схаваць "хвост" у Расіі і сказаць, што вось ледзь ці не яны з намі ўзгаднілі прыезд гэтай групы, гэта поўнае глупства", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён растлумачыў, што заўсёды, якія мерапрыемствы ні праводзіліся б у Беларусі з удзелам расійскіх ваеннаслужачых, былых або дзеючых, заўсёды адпаведныя ведамствы дзвюх краін узаемадзейнічаюць. "У нас дазвол толькі Прэзідэнт можа даць на прыезд ваеннаслужачых, на наведванне Беларусі. З тэхнікай, без тэхнікі, самалёты, верталёты і гэтак далей... Ніякіх дазволаў ніхто не даваў. Больш таго, у нас выклікаюць сур'ёзныя сёння падазрэнні тыя мэты, якія сабе група намячала", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок адкрыты для ўзаемадзеяння па сітуацыі, якая склалася: "На хлусні мы палітыку не пабудуем. Перакрыкваючы адзін аднаго ў СМІ, пытанне не вырашым. Таму, калі ў каго-небудзь ёсць жаданне з расіян атрымаць дадатковую інфармацыю, мы заўсёды адкрыты. Мы нічога не ўтойваем, але нам патрэбна праўда".

Аляксандр Лукашэнка даў наказ у далейшай рабоце кампетэнтных беларускіх ведамстваў. "Следства вядзе Следчы камітэт, аператыўнае суправаджэнне - за вамі (КДБ. - Заўвага) і міліцыяй. Падключайце людзей, калі вам трэба, аператыўнікаў. Працуйце акуратна. Але праўда павінна быць прад'яўлена грамадству", - адзначыў ён.

Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь