Даклад старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерыя Вакульчыка

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерыя Вакульчыка.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў старшыню КДК для даклада "не толькі і не столькі таму, што ў нас такая складаная палітычныя абстаноўка або таму што мы напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі". "Усё гэта важна. Ды і нашы непрыяцелі вельмі ўжо актывізаваліся на заходніх рубяжах нашай граніцы. Я хацеў бы, каб вы мне ў некалькіх словах, з вашага пункту гледжання, на падставе вашых спецыяльных даных і крыніц ахарактарызавалі сітуацыю ўнутры Беларусі, як вы яе бачыце, і тыя пагрозы, якія вы бачыце і на якія мы павінны звярнуць сур'ёзную ўвагу не толькі сёння, заўтра але і ў перспектыве", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнту даложана аб пытаннях бяспекі дзяржавы, абстаноўцы ўнутры краіны і на яе рубяжах.

    Як адзначыў Валерый Вакульчык, у цэлым абстаноўка ў краіне стабільная, і пагроз, якія выклікалі б апасенні або патрабавалі прыняцця неадкладных мер рэагавання, не бачыцца.

    Разам з тым, паводле яго слоў, адбываецца нарошчванне прысутнасці ўзброеных сіл краін НАТА на заходніх рубяжах, а таксама абвастрэнне крымінагеннай абстаноўкі на паўднёвых граніцах. Ён адзначыў, што перш за ўсё гэта выяўляецца ў росце колькасці агнястрэльнай зброі на ўкраінскай тэрыторыі, што паступае ў зоны ваенных дзеянняў ва ўсходняй частцы Украіны, што не ў поўнай меры кантралюецца сілавымі структурамі, органамі правапарадку Украіны і вядзе да крыміналізацыі значнай часткі насельніцтва. Паводле слоў Валерыя Вакульчыка, гэта выклікае апасенні і з боку праваахоўных органаў Беларусі, і КДБ, паколькі гэта ўся зброя можа быць выкарыстана ў крымінальных мэтах і для ўчынення тэрарыстычных актаў.

    У той жа час старшыня КДБ падкрэсліў, што Дзяржаўным пагранічным камітэтам, Міністэрствам унутраных спраў Беларусі прымаюцца адэкватныя меры рэагавання па ўзмацненні паўднёвых рубяжоў, і гэта дае вынікі.

    Валерый Вакульчык адзначыў, што пэўную занепакоенасць выклікае нарошчванне ў апошні год актыўнасці замежных спецслужбаў адносна Беларусі.

    Прэзідэнту даложана, што КДБ, МУС і іншыя дзяржаўныя органы трымаюць сітуацыю пад кантролем. "Усе гэтыя падзеі не праходзяць міма нашай увагі, - сказаў Валерый Вакульчык. - Мы прымаем адпаведныя меры па спыненні проціпраўнай дзейнасці і яе папярэджанні. Таму ў нашых грамадзян няма падстаў апасацца за сваю бяспеку, і ў цэлым гэтыя ўсе падзеі не паўплываюць на стабільнасць у нашай краіне ў бліжэйшай перспектыве".

    Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу не зніжаць пільнасць з тым, каб не дапусціць нейкіх пагроз, якія  могуць узнікнуць з улікам сучаснай знешнепалітычнай сітуацыі.