Даклад старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць праблемныя пытанні, якімі займаецца КДК. Прэзідэнт падкрэсліў, што плануе асабіста наведаць камітэт. Ён удакладніў, што часцей сустракаецца з парламентарыямі, але радзей бывае ў такіх структурах, як КДК, Вярхоўны суд. "З мяне ніхто не здымаў адказнасці за каардынацыю дзейнасці галін улады і тым больш адпаведных дзяржаўных органаў, асабліва Камітэта дзяржкантролю. Таму мы знойдзем такую форму работы, каб я мог і паглядзець, і паслухаць аб выніках работы за мінулы год у мэтах разумення перспектыў дзейнасці камітэта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму не трэба ніякіх справаздач, давайце разгледзім тыя праблемы, якія існуюць, і пытанні, якія знаходзяцца на кантролі ў КДК. Асабліва сацыяльна гучныя пытанні, у прыватнасці, праінфармуйце мяне аб выніках работы камітэта па праблемных жылых дамах, гэта вельмі важнае пытанне, як яно вырашаецца? А таксама тэма землекарыстання - што ў нас тут за праблемы?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб патрабаванні ўзвядзення грамадзянамі дамоў на выдзеленых для гэтых мэт участках на працягу трох гадоў.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на кантроль за неабгрунтаваным ростам цэн у краіне: "Тут нам трэба працаваць так, каб асобныя гандлёвыя сеткі не жыравалі на праблемах людзей, але і так, каб не загубіць бізнес. Наколькі Камітэт дзяржкантролю ўключаны ў такія мерапрыемствы і якія ў вас адчуванні ў сувязі з гэтым? Самае галоўнае - не загубіць бізнес і не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн. Таму што для гэтага ніякіх падстаў няма. Калі ўвесь свет у крызісе, асабліва постсавецкая прастора, неабходна разумець, што трэба і нашаму бізнесу крыху зменшыць апетыты. Я не кажу, каб зусім зацягнуць паясы, але гэты час трэба перажыць разам з народам".

Леанід Анфімаў расказаў аб дзейнасці міжведамаснай рабочай групы, якая была створана ў снежні і практычна штодзень адсочвала сітуацыю на спажывецкім і валютным рынках да таго часу, пакуль стан спраў адносна не стабілізаваўся. Ён адзначыў, што цяпер няма ніякай неабходнасці для ўмяшання ў гэтыя пытанні КДК, паколькі склалася адносная раўнавага на спажывецкім і валютным рынках. Леанід Анфімаў сказаў: "Мы проста адсочваем стан спраў для таго, каб адрэагаваць, калі будуць узнікаць нейкія надзвычайныя сітуацыі".

На сустрэчы размова ішла таксама аб пытаннях гідраэнергетыкі і ходзе выканання даручэнняў, дадзеных раней Кіраўніком дзяржавы ў розных сферах.