Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Даклад Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа

1 лютага 2018 года

Перспектывы развіцця ў Беларусі сферы судова-экспертнай дзейнасці абмеркаваны 1 лютага на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам.

Прэзідэнт асабліва акцэнтаваў ролю экспертаў у расследаванні крымінальных спраў і іншых правапарушэнняў, каб можна было дакладна ўстанавіць ісціну і пакараць вінаватых. "Я хачу, каб вы былі крыштальна чыстыя ў гэтых адносінах. Вельмі вас прашу. Так, як вы некалі (я вам вельмі ўдзячны), імгненна ўзяўшы ў свае рукі ў няпросты час крымінальную справу па ўзрыве метро, расследавалі яе. Я колькі буду жыць, буду помніць. Гэта найвялікшы ваш здабытак. Таму глядзіце, каб судова-медыцынскія эксперты былі крыштальна сумленнымі. Трэба разумець, што калі ты сфальсіфікаваў супраць некага і дзеля некага экспертызу, гасподзь цябе пакарае. Рана ці позна цябе жыццё пакарае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці справіўся ДКСЭ з пераўтварэннем разрозненых структур у адзіную вертыкальную структуру і раней існуючымі праблемамі. "Я апошнім часам нямала займаўся крыміналістыкай, можна сказаць, калі ў агульным аб'ёме. Рознымі крымінальнымі справамі. Што граху таіць, у нас яшчэ грамадства такое, што страшных крымінальных спраў дастаткова. Я маю на ўвазе перш за ўсё звязаных з забойствамі, згвалтаваннямі, здзекамі з людзей і іншымі цяжкімі крымінальнымі справамі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І нашы судмедэксперты - гэта цэнтральныя людзі пры расследаванні такіх крымінальных спраў. У вас на ўзбраенні самая сучасная тэхніка. Вядома, гэта дарагія працэдуры, але яны вельмі важныя пры ўстанаўленні ісціны пры правапарушэннях".

"Не дай бог нам памыліцца пры высвятленні абставін. А яшчэ горш - сфальсіфікаваць экспертызу - гэта катастрофа. Мы цяпер удзелім гэтаму асаблівую ўвагу, кантралюючы работу вашага ведамства. Мы не можам скрэмзаць лёс чалавека", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу адзін выпадак, калі яму давялося асабіста ўнікаць у сутнасць справы. "Сёння КДБ накіраваў мне справаздачу па адной крымінальнай справе. Яна была некалькі гадоў таму, - адзначыў ён. - І мне давялося асабіста прымаць рашэнне для таго, каб зноў вярнуцца да крымінальнай справы. Гэта было ў Магілёўскай вобласці. Да мяне звярнуліся простыя людзі - бацька забітай дачкі. Прыйшоў і кажа: Аляксандр Рыгоравіч, ну не можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэнне, і так, як следства правялі. Зваротаў такіх шмат".

"Я папрасіў яго прыслаць усе матэрыялы, якія ў яго на руках. Ён мне прыслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў іх. І даў каманду пракурору і Старшыні КДБ чаго б ні каштавала расследаваць гэту крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, узбудзілі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Прытым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён - забойца. А яго фактычна апраўдалі", - расказаў Прэзідэнт.

"Цяпер мы з-пад зямлі дастанем тых, хто вёў следства, хто выносіў апраўдальны прыгавор. І бок абвінавачання знойдзем. І мы з іх запатрабуем. Ён прызнаўся, паказаў, як і дзе забіваў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь