Даклад прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка арыентуе ўрад на захаванне дасягнутай па выніках 2014 года тэндэнцыі перавагі ў росце прадукцыйнасці працы над зарплатай. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 22 студзеня, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра краіны Андрэя Кабякова.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Андрэя Кабякова на неабходнасць адыходу ад кабінетнага стылю работы і канцэнтрацыі на матэрыяльнай вытворчасці і нарошчванні экспарту. "Вакол гэтага мы будзем будаваць усю работу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы мае намер захаваць такую форму работы, калі на ўзроўні Прэзідэнта разглядаецца 2-3 вострыя праблемныя эканамічныя пытанні.

Аляксандр Лукашэнка адхіліў шэраг раней унесеных яму на разгляд прапаноў, адзначыўшы, што па іх патрабуецца дадатковая інфармацыя. У прыватнасці, размова ідзе аб арэндным жыллі, продажах легкавых аўтамабіляў вытворчасці СЗАТ "БелДжы".

"Мы прынялі рашэнне па арэндным жыллі. У гэтым напрамку павінны дзейнічаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Правілы змяняць ні ў якім разе нельга. Ніякіх аддушын, нікому нічога не перадаваць на больш ільготных умовах. Або дапаўняць спісы атрымальнікаў гэтых кватэр тымі, хто туды не трапіў, - гэтага быць не павінна! Ніякіх не павінна быць выключэнняў! Роўныя ўмовы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што пры размеркаванні арэнднага жылля трэба дзейнічаць на агульных падставах. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, калі жыллё застаецца незапатрабаваным, то трэба думаць загадзя, перш чым будаваць.

Што датычыцца легкавых аўтамабіляў, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы, безумоўна, можам стымуляваць і продажы легкавых аўтамабіляў, і яшчэ нечага можам, калі ў выніку ў недалёкім будучым, праз месяц, два ці паўгода гэта дасць нам большы эфект для бюджэту, для дзяржавы. Усё астатняе нас не павінна цікавіць. Той, хто хоча купіць аўтамабіль, той яго купіць", - сказаў Прэзідэнт.

"Не час сёння займацца падачкамі, ільгатаваннем, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Калі будзе выгада для дзяржавы, то мы гатовы падставіць плячо тым, хто хоча набыць аўтамабіль. Іншых правіл быць не павінна. Таму што мы зноў пачнём адным даваць, іншым не даваць, некага пакрыўдзім, некага не пакрыўдзім - для ўсіх павінны быць роўныя ўмовы".

Прэм'ер-міністр далажыў аб папярэдніх выніках работы эканомікі ў 2014 годзе. Так, паводле яго слоў, тэмп росту ВУП склаў 101,6 працэнта. Ён са шкадаваннем заўважыў, што гэта менш за абазначанае прагнозам (103,3 працэнта), аднак крыху вышэй, чым у суседзяў.

"У цэлым сітуацыя няпростая, і тэмпы росту эканомікі, якія склаліся, не маглі б нас задавольваць, калі б не тая сітуацыя, якая складваецца цяпер на знешніх рынках", - сказаў Андрэй Кабякоў. Ён адзначыў, што ў Беларусі выкананы прагноз па сальда знешнеэканамічнай дзейнасці. Пры прагнозе 0,1 працэнта ад ВУП папярэдне сальда складае каля $600 млн па метадалогіі плацежнага балансу Нацбанка.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, 6 рэгіёнаў краіны, за выключэннем Магілёўскай вобласці, прадэманстравалі рост валавога рэгіянальнага прадукту. Пры гэтым Віцебская, Гродзенская і Мінская вобласці выканалі прагнозныя паказчыкі.

Ёсць пэўны рост і прамысловай вытворчасці - на 1,9 працэнта. Як адзначыў кіраўнік урада, у многім гэта звязана з актывізацыяй работы калійнай вытворчасці, апрацоўчай прамысловасці, а таксама дзякуючы прынятым мерам па дыверсіфікацыі паставак на знешнія рынкі. У пэўнай частцы назіраецца павелічэнне паставак на ўнутраны рынак - тэмп росту 100,4 працэнта.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на тое, што адчувальны эфект далі тыя галіны, у якіх была праведзена мадэрнізацыя, у прыватнасці дрэваапрацоўка, цэлюлозна-папяровая галіна, хімічная прамысловасць.

Што датычыцца складскіх запасаў, то па выніках года яны склалі 75,8 працэнта ад аб'ёму прамысловай вытворчасці, што вышэй, чым запланавана. Тым не менш на пачатак года складскія запасы гатовай прадукцыі зніжаны на $1,3 млрд, што, на думку прэм'ер-міністра, таксама з'яўляецца некаторым вынікам.