Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад па развіцці дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці

6 кастрычніка 2020 года

Аднаўляльныя лясныя рэсурсы ў Беларусі павінны выкарыстоўвацца з максімальным эфектам. На гэта 6 кастрычніка звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад па развіцці дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці.

"Я хацеў бы ў плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў пачуць сёння адказы на шэраг пытанняў", - пачаў нараду Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта галіна з'яўляецца важнейшай і стратэгічнай для эканомікі. "Маючы значныя запасы аднаўляльных лясных рэсурсаў, мы абавязаны забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне з максімальным эфектам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Намі прыняты рашэнні, што ўсю дабаўленую вартасць мы павінны атрымаць тут, на сваіх прадпрыемствах. І зацягваць з вырашэннем гэтага пытання ні ў якім разе нельга. Для гэтага многае зроблена".

Прэзідэнт нагадаў, што была мадэрнізавана асноўная база дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, цяпер рэалізуюцца праекты ў цэлюлозна-папяровай галіне. У гэту сферу накіраваны немалыя фінансавыя рэсурсы, заўважыў ён.

"І трэба адзначыць, укладзеныя сродкі сябе апраўдваюць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Захаваны працоўныя калектывы на прадпрыемствах, якія без мадэрнізацыі сёння проста ўжо не існавалі б. Створаны тысячы новых працоўных месцаў, у некалькі разоў павялічаны аб'ёмы перапрацоўкі драўніны і экспарту прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Па экспарце, я гляджу, у сродках масавай інфармацыі мільгаціць лічба 75% вырабленай прадукцыі. Гэта добра. Але пры гэтым вельмі важна, якая цана на гэту прадукцыю, а яшчэ важней - эфектыўнасць вытворчасці, гэта значыць якая ў нас рэнтабельнасць у канчатковым выніку".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галіна ў цэлым упэўнена развіваецца і паказвае станоўчыя вынікі. Тым больш што дзяржава ўдзяляе ёй самую пільную ўвагу: каардынатарамі важнейшых праектаў вызначаны вышэйшыя службовыя асобы.

Найбольш праблемныя інвестыцыйныя праекты былі разгледжаны на прэзідэнцкай нарадзе ў канцы 2019 года: гэта заводы па вытворчасці паперы-асновы ў Шклове, мелаванага і немелаванага кардону ў Добрушы і сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Тады былі прыняты рашэнні па іх рэалізацыі і тэрмінах завяршэння.

"Хацеў бы пачуць адказы на наступныя пытанні. Па-першае, як у цэлым стан спраў у дрэваапрацоўчай прамысловасці: экспарт, фінансы, эканоміка прадпрыемстваў, заработная плата. Ці паўплывала на галіну эпідэмія каранавіруса?" - спытаў Прэзідэнт. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, за восем месяцаў аб'ём прамысловай вытворчасці па канцэрне "Беллеспаперапрам" перасягнуў узровень мінулага года прыкладна на 2,5-3%, вышэйшыя аказаліся і паказчыкі экспарту прадукцыі.

"Другое пытанне: як ідзе ход рэалізацыі важнейшых інвестпраектаў? Мы дамаўляліся па Светлагорску, Добрушы і Шклове. Ці вытрымліваюцца тэрміны рэалізацыі гэтых праектаў? Пытанне трэцяе: якімі вы бачыце новыя перспектывы будаўніцтва папяровых і ўпаковачных вытворчасцей? Мы з вамі аб гэтым гаварылі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У час нарады Прэзідэнт адзначыў неабходнасць развіваць і паглыбляць вытворчасць прадукцыі з драўніны. "Я вельмі шмат у працэсе выбараў звяртаў на гэта ўвагу, калі нашы "змагары" і "свядомыя" крычалі: "Даеш рэформы!" Вось рэформы - трэба развіваць і, галоўнае, паглыбляць вытворчасць, заснаваную на лясных рэсурсах", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.



Ён адзначыў, што ў Беларусі ўжо навучыліся рабіць своеасаблівы "паўфабрыкат": паперу і цэлюлозу. А цяпер трэба ісці далей. "Давайце зробім той жа кардон і не будзем завозіць кардон з Польшчы, Германіі, аддаючы туды цэлюлозу або яшчэ нешта, а адтуль везці гатовы кардон. І гэта трэба рабіць неадкладна. Трэба паставіць машыну, вырабляць кардон і рабіць упакоўку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, асноўныя работы ў гэтым напрамку павінны быць праведзены ў наступным годзе. "Чаго б нам гэта ні каштавала", - заявіў ён.

Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Міхаіл Касько на нарадзе ў Прэзідэнта расказаў аб выніках работы прадпрыемстваў канцэрна. Паводле яго слоў, галіна працуе стабільна. У асноўным выконваюцца даведзеныя канцэрну паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Ёсць складанасці з нарошчваннем аб'ёмаў экспарту. "Але разам з тым выконваецца заданне па экспарце ў краіны Еўрапейскага Саюза, Кітай. І мы дасягнулі аптымальнага размеркавання паміж рынкамі - 30-30-30. У нас няма залежнасці ад аднаго канкрэтнага рынку", - падкрэсліў Міхаіл Касько.

"Гэта добра, што вы дыверсіфікавалі рынкі", - ацаніў праведзеную работу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб дасягненнях канцэрна, яго кіраўнік расказаў пра гістарычны рэкорд: 75% з усяго, што выраблена прадпрыемствамі, рэалізуецца на экспарт. "Але не за бясцэнак?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы. "Па рыначных цэнах, - растлумачыў Міхаіл Касько. - Рэнтабельнасць па галіне вышэй за 7%".

Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь