Даклад па пытаннях выканання проціпажарнай дысцыпліны і забеспячэння захоўвання сельгастэхнікі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе ўвагу на неабходнасці падтрымання строгага парадку ў сферы проціпажарнай бяспекі і забеспячэння захоўвання тэхнікі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Работа дзяржорганаў у гэтым напрамку абмяркоўвалася 26 красавіка на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што нарада праводзіцца ў плане кантролю над выкананнем даручэнняў, якія былі дадзены ім раней па абазначаных пытаннях.

"Інфармацыя, якая да мяне даходзіць, сведчыць аб тым, што належная работа па забеспячэнні захаванасці і ўкамплектаванасці машынна-трактарнага парку да гэтага часу не наладжана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ўдзяляе пільную ўвагу гэтым пытанням. "Калі б гэту сельгастэхніку - трактары, аўтамабільную і прычапную тэхніку - калектыўныя прадпрыемствы і іншыя занятыя ў сельскай гаспадарцы куплялі за свой кроўны рубель, калі ласка - можаце мяне крытыкаваць, нават гаварыць аб тым, што гэта не мая справа і няма чаго ўмешвацца. Але калі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ўсіх форм уласнасці ідуць з працягнутай рукой у бюджэт і просяць субсідыі, датацыі і крэдыты, прытым ільготныя, і за кошт гэтага набываюць тэхніку і праводзяць іншыя мерапрыемствы, тады будзьце ласкавы дастаць і пакласці на стол сваю актыўнасць па захаванасці гэтай тэхнікі", - запатрабаваў Прэзідэнт.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: будзеце ажыццяўляць гэтыя мерапрыемствы за свой кошт - мы забудзем, што вы ёсць. Але пакуль вы адной нагой тут, другой - на зямлі, на глебе, адказнасць будзе самая сур'ёзная", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Раней Прэзідэнт даваў даручэнне да 15 красавіка разабрацца з фактамі безгаспадарчасці самым строгім чынам, аж да ўзбуджэння крымінальных спраў. "Як выкананы мае даручэнні? Я хачу, каб не забывалі, што парадак на мехдвары - гэта паказчык жалезнай дысцыпліны, выканання тэхналогій, бяспекі работнікаў. А ў цэлым гэта важнейшы элемент эканомікі вёскі, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Калі тэхніку губяць на працягу двух гадоў, а павінна эксплуатавацца дваццаць гадоў, то можаце ўявіць, колькі трэба грошай для яе абнаўлення і замены. І гэта ёсць сабекошт затрат пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі".

Асобна на нарадзе былі закрануты пытанні проціпажарнай бяспекі. Паводле слоў Прэзідэнта, сітуацыя ў гэтай сферы складваецца не лепшым чынам. Толькі з пачатку года адбылося больш за 160 пажараў у арганізацыях рэспублікі. "Я ўжо не гавару пра жылы фонд, дзе колькасць пажараў набліжаецца да адзнакі 1,6 тыс. Не дай бог атрымаць нешта блізкае да Кемерава. Маё патрабаванне вы ведаеце, паўтару яшчэ раз: праверыць усе аб'екты і ўстараніць усе існуючыя парушэнні, прытым самым строгім чынам, - сказаў беларускі лідар. - Два міністры няхай даложаць, як яны ўзварухнулі краіну, каб мы не спачывалі на лаўрах або не самазаспакоіліся".

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што 26 красавіка ў краіне - традыцыйна сумны дзень. У гэтым годзе спаўняецца 32 гады з моманту катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. "Я сёння вылятаю, як звычайна, на поўдзень краіны ў раёны, якія пацярпелі ў выніку катастрофы. Перш за ўсё хачу паглядзець, як ідзе пасяўная кампанія і як выконваюцца мае даручэнні па дадатковым уключэнні ў абарот невыкарыстоўваемых сельскагаспадарчых зямель", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым папярэдзіў губернатараў і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, каб была паказана рэальная сітуацыя з выкананнем дадзеных даручэнняў. "Калі мы можам нешта прырэзаць да дзеючых плошчаў сельгаспрызначэння, гэта трэба рабіць у красавіку і ў маі. Таму што потым нарыхтоўка кармоў і ўборка захлісне настолькі, што вам будзе не да ўзворвання дадатковых плошчаў і прывядзення іх у нармальны стан", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў падрыхтаваць яго рабочую паездку ў Жыткавіцкі раён, каб на месцы азнаёміцца з сітуацыяй і ходам вядзення работ па будаўніцтве моста праз раку. "Я хачу паглядзець, як яны там арганізавалі пераправу і як ідзе будаўніцтва гэтага моста", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ўсе работы павінны быць завершаны ў гэтым годзе. "Ніякіх работ на 2019 год. Прывыклі мы так, па-беларуску: мы мост зробім у гэтым годзе да 7 лістапада, а ў будучым годзе ўсё астатняе. Вы ведаеце, як атрымліваецца. Перанеслі на будучы год - і забылі. Таму ў гэтым годзе да 7 лістапада мост урачыста адкрываем, а да канца года ўся рэкультывацыя, усё павінна быць прыведзена ў парадак. Колькі трэба туды людзей, столькі і накіроўвайце", - заявіў беларускі лідар.

У час нарады былі падрабязна разгледжаны проціпажарная абстаноўка ў краіне, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, пытанні, звязаныя з захаванасцю і падрыхтоўкай сельгастэхнікі, ход пасяўной кампаніі.

У дакладах службовыя асобы агучвалі выяўленыя факты безгаспадарчасці і расказвалі, якія меры прымаюцца ў сувязі з гэтым. Асобная ўвага была ўдзелена процідзеянню крадзяжу паліва, актыўнай барацьбе з п'янствам пры кіраванні транспартнымі сродкамі, асабліва з улікам правядзення палявых работ.

Прэзідэнт запатрабаваў перастаць займацца перакананнямі і размовамі, а аказваць эфектыўнае і пры неабходнасці жорсткае ўздзеянне на парушальнікаў, паколькі інакш, як паказвае практыка, палепшыць сітуацыю ў сферы проціпажарнай бяспекі і забяспечыць парадак на сельгаспрадпрыемствах не атрымаецца.