Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад па пытаннях выканання даручэнняў аб стымуляванні дзелавой ініцыятывы

8 жніўня 2017 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 кастрычніка дапрацаваць пакет дакументаў, накіраваных на стымуляванне дзелавой актыўнасці. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 8 жніўня, заслухоўваючы даклад па пытаннях выканання даручэнняў аб стымуляванні дзелавой ініцыятывы і выключэнні залішніх патрабаванняў да бізнесу.

"Да 1 кастрычніка мы павінны выдаць грамадству і прадпрымальнікам гэтыя дакументы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Канчатковае рашэнне па іх павінна быць дакладна вывераным і ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам нашай краіны. Неабходна быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці зададзенага вектара прававога рэгулявання сферы прадпрымальніцтва".

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава не павінна і не страціць кантроль у эканоміцы: "Людзі нам потым гэтага не даруюць. Калі нешта здарыцца, запатрабаванне будзе з нас, з улады, і менш - з бізнесу". За захаванне ў эканоміцы дзяржаўнага кіравання і кантролю выказаліся і прадстаўнікі бізнесу, якія прысутнічалі на нарадзе, паколькі прадпрымальніцкая супольнасць у першую чаргу зацікаўлена ў стабільнасці і парадку.

У студзені бягучага года Кіраўніком дзяржавы была створана рабочая група па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці і ўстараненні залішніх патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання. У лютым адбылася нарада, на якой былі вызначаны асноўныя канцэптуальныя напрамкі яе дзейнасці. Па выніках праведзенай работы падрыхтаваны пакет дакументаў, мэта якіх - павышэнне дзелавой актыўнасці ў Беларусі. "Прадстаўленыя да разгляду нарматыўныя акты змяшчаюць шэраг даволі сур'ёзных навацый для эканамічнай сферы - ад паведамляльнага прынцыпу пачатку ажыццяўлення асобных відаў эканамічнай дзейнасці да сістэмы выбарачных праверак. Гэта, бясспрэчна, сур'ёзны крок на шляху павышэння даверу да дзелавой супольнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, ад улад чакаюць рашэнняў, якія дадуць магчымасць любому чалавеку адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў. "Усе непатрэбныя бар'еры і працэдуры, якія перашкаджаюць рабоце, неабходна ўстараніць. Іх, на жаль, на сённяшні дзень нямала", - канстатаваў ён.

У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы закрануў бар'еры ў будаўнічай сферы: "У свой час мы адмянілі ліцэнзаванне. Аднак на змену прыйшлі новыя патрабаванні: атэстацыя прадпрыемства, сертыфікацыя будаўнічых работ, атрыманне пасведчання аб тэхнічнай кампетэнцыі. У выніку, на думку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, гэта галіна прадаўжае заставацца вельмі зарэгуляванай". Акрамя таго, лічыць Прэзідэнт, неабходна ўважліва паглядзець на аўтарскі і тэхнічны нагляд.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе залішнія адміністрацыйныя бар'еры, з якімі сутыкаюцца бізнесмены, будуць ліквідаваны. Разам з тым павысіцца адказнасць прадпрымальнікаў. "Не дай бог, пасля 1 кастрычніка, калі гэтыя дакументы ўступяць у сілу, нехта недзе не так будзе сябе паводзіць - мала не падасца, я вам гарантую", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Асобная ўвага была ўдзелена праекту дакумента, накіраванаму на стварэнне льготных умоў для вядзення бізнесу ў малых гарадах і сельскай мясцовасці. У прыватнасці, прадпрымальнікам, якія працуюць у гандлі, грамадскім харчаванні і сферы аказання бытавых паслуг, прапануецца дазволіць выплачваць адзіны збор у памеры адной базавай велічыні ў месяц і вызваліць іх ад зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць. Па выніках нарады стала вядома, што тэрыторыі, на якія будуць распаўсюджвацца льготы, будуць вызначаць мясцовыя органы ўлады. Таксама Прэзідэнт запатрабаваў, каб гэты ўказ не прывёў да зніжэння даходнай часткі бюджэту, а льготы павінны мець адрасны характар.

Што датычыцца змяненняў у сферы кантрольна-нагляднай дзейнасці, то Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, падтрымаў трохгадовы мараторый на павышэнне ставак падаткаў і ўвядзенне новых падаткаў, збораў (пошлін), адыход ад сістэмы планавых праверак бізнесу, у рамках якіх наведаць суб'ект гаспадарання можна нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку. Пры гэтым асабліва было падкрэслена, што адказнасць бізнесу за парушэнні будзе павышана і кантроль над сітуацыяй у эканоміцы будзе прадоўжаны.

У цэлым Прэзідэнт адобрыў пакет дакументаў, накіраваных на стымуляванне дзелавой ініцыятывы. Іх дапрацоўка будзе датычыцца ў асноўным тэхнічных момантаў і фармулёвак.


Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь