Даклад па пытаннях рэалізацыі на экспарт круглых лесаматэрыялаў

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць перапрацоўку ўсёй драўніны ўнутры краіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 24 студзеня, заслухоўваючы даклад па пытаннях рэалізацыі на экспарт круглых лесаматэрыялаў.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Урад выступіў з прапановай прадоўжыць дзеянне экспартных квот на лес. "Незразумела, чаму да гэтага часу вы ўносіце на разгляд Прэзідэнта гэтыя пытанні, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Размова ідзе аб выкарыстанні драўняных рэсурсаў нашай краіны. Зусім нядаўна мы вельмі сур'ёзна гаварылі аб зямлі, аб адвядзенні ўчасткаў пад будаўніцтва, аб каштоўнасці зямельных рэсурсаў. Сёння мы гаворым аб лясных рэсурсах. Гэта другая вялікая каштоўнасць, якую не мы з вамі стварылі - ад Госпада нам дасталася".

Прэзідэнт нагадаў, што ў 2015 годзе быў падпісаны ўказ, згодна з якім вывозіць за межы Беларусі неапрацаваную драўніну без згоды Кіраўніка дзяржавы было забаронена. Адпаведны экспарт дазваляўся толькі ў выключных выпадках, як у 2015-2016 гадах, калі ўраган паваліў дрэвы на дзясятках тысяч гектараў лясных угоддзяў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер ніякай надзвычайнай сітуацыі ў гэтым плане няма, а паваленыя ўраганам участкі лесу параўнальна невялікія і адпаведная драўніна магла б быць выкарыстана ўнутры краіны. "І раптам Урад выступіў з прапановай прадоўжыць дзеянне экспартных квот на лес. Інакш кажучы прадоўжыць дазвол на вываз неапрацаванага лесу", - канстатаваў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, якія аб'ёмы нерэалізаванай драўнянай сыравіны і чаму ставіцца пытанне аб продажы яе за мяжу, калі асобныя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы не загружаны. Кіраўніка дзяржавы таксама цікавіла, колькі набыта тэхнікі айчыннай вытворчасці для нарыхтоўкі драўніны і выдзелена грошай для будаўніцтва лясных дарог, каб вывозіць гэту драўніну і апрацоўваць.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выкараніць магчымасці для вывазу за мяжу драўніны па шэрых схемах. "Вы мяне інфармавалі, што камерсанты купляюць на ўнутраным рынку кубаметр хвойных за 30 еўра, надпілоўваюць бярвёны з тарцоў, апрацоўваюць непасрэдна ў лесе і пад выглядам нейкіх слупоў, калоў перапрадаюць фактычна неапрацаваную сыравіну за мяжу", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў аб адказнасці тых, хто дапускае такія факты, бо дзякуючы такім маніпуляцыям у кішэнях некаторых дзялкоў аселі мільёны долараў. "У каго ў кішэнях? Чаму яны яшчэ ў іх у кішэнях, гэтыя долары, а не ў бюджэце краіны ў трайным або дзесяцікратным памеры?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Калі такія выпадкі ёсць, я хацеў бы, каб мы сёння на гэту тэму скончылі размову. Усё, што павінна паступіць у кішэню дзяржавы, павінна паступіць. Усё павінна быць сумленна і прыстойна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Па выніках абмеркавання Кіраўнік дзяржавы дазволіў у 2017 годзе экспартаваць 1,8 млн куб.м неапрацаванай драўніны, але папярэдзіў, што ў далейшым увесь рэсурс драўніны павінен перапрацоўвацца ў Беларусі. Цяперашняе рашэнне тлумачыцца тым, што яшчэ не на ўсіх прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці завяршылася стадыя мадэрнізацыі, а таму ў бліжэйшы час патрэбнасць у драўніне на ўнутраным рынку будзе толькі ўзрастаць. Адным з найбольш буйных спажыўцоў гэтай сыравіны стане Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат з улікам стварэння новай вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы.

Прэзідэнту таксама далажылі аб прымаемых мерах па недапушчэнні шэрых схем экспарту драўніны.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым звярнуў увагу на эфектыўнасць выкарыстання драўняных рэсурсаў, перспектывы развіцця лясной гаспадаркі, якасць праводзімых работ па лесаразвядзенні і лесааднаўленні.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб неабходнасці навядзення парадку ў лясах, асабліва на тэрыторыях паблізу садовых таварыстваў. Прэзідэнт даручыў разгледзець пытанне аб узмацненні адказнасці ў дачыненні да тых, хто засмечвае лес.