Даклад па пытаннях падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі

  • 1
Беларусь і Расія на прыкладзе БелАЭС хочуць паказаць, якімі павінны быць атамныя электрастанцыі будучыні. Аб гэтым 27 ліпеня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры дакладзе па пытаннях падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі і прадастаўлення ўдзельнікам будаўніцтва і эксплуатацыі Беларускай АЭС жылля дзяржаўнага жылога фонду.

БелАЭС, што будуецца, - добры ўзор атамнай электрастанцыі. "Лепшая ў свеце станцыя будуецца, і Расія хоча на прыкладзе гэтай станцыі паказаць разам з намі, якія атамныя станцыі павінны быць у будучыні", - адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што фарсіраваць тэрміны будаўніцтва ні ў якім разе нельга, трэба ўсё рабіць якасна і дастойна.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што першы энергаблок станцыі павінен быць здадзены ў 2018 годзе, другі - у 2020-м і выказаў надзею, што гэтыя тэрміны пераносіцца не будуць.

Як было даложана Прэзідэнту, будаўніцтва БелАЭС ідзе па графіку. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб узвядзенні сацыяльных аб'ектаў для будаўнікоў і будучых удзельнікаў эксплуатацыі станцыі. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не адрывацца ад рэалій пры забеспячэнні жыллём спецыялістаў БелАЭС, перасцярог ад "кавалерыйскіх наскокаў" у гэтым пытанні. "Ніякага выпінання быць не павінна. Там зарплата будзе вялікая ў рабацяг, сярэдняга і вышэйшага звяна. Як усюды ў свеце такія спецыялісты аплачваюцца высока. Таму трэба арыентавацца на тое, што нейкія сродкі яны могуць плаціць за жыллё. Дапусцім, за арэнднае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць розныя варыянты, не адрываючыся ад рэальнай рэчаіснасці, запатрабаваўшы пазбегнуць раздачы бясплатных кватэр. "Гэтага быць не павінна, праз два, тры гады гэта ці дзесяць гадоў. Трэба людзям гаварыць, што яны прыйдуць на вельмі перспектыўнае месца работы з добрай зарплатай. І мы будзем падтрымліваць іх у гэтым плане. Але трэба несці і сацыяльную нагрузку, і сацыяльную адказнасць. Гэта таксама не трэба забываць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час даклада Прэзідэнту размова ішла таксама аб падрыхтоўцы спецыялістаў для ядзернай энергетыкі. У гэтым пытанні Беларусь будзе арыентавацца на вопыт Расіі. "Гэта вельмі добры і перадавы вопыт у свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Навучанне трэба будаваць зыходзячы з вопыту Расіі, але рабіць гэта больш якасна і адказна".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што па аб'ектыўных прычынах у Беларусі пакуль няма магчымасці рыхтаваць аспірантаў і магістраў у сферы ядзернай энергетыкі. У краіне пакуль не сфарміравана навуковая школа па эксплуатацыі атамнай электрастанцыі. "Нашы ВНУ вядуць падрыхтоўку спецыялістаў, але аспірантаў і магістраў мы рыхтаваць не можам, таму што патрэбны кадры высокай кваліфікацыі. У нас пакуль такіх людзей або няма, або іх адзінкі. Таму мы, выкарыстоўваючы расійскі вопыт работы на атамнай станцыі расійскага ўзору, павінны ўсё ж такі арыентавацца на падрыхтоўку кадраў высокай кваліфікацыі ў Расійскай Федэрацыі. Лішніх людзей мы там рыхтаваць не будзем, таму што гэта таксама мерапрыемства не таннае, але гэта працэс перагавораў", - адзначыў Прэзідэнт.

Працаваць на БелАЭС будуць у асноўным беларусы, за выключэннем ключавых спецыялістаў, якіх будуць запрашаць. "Мы іх запрашаем у час будаўніцтва з-за мяжы, у асноўным з Расіі, паколькі гэта ўзор расійскай станцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Звязана гэта з тым, што допуск непасрэдна да кіравання атамным рэактарам павінны мець толькі тыя спецыялісты, у якіх практычны вопыт работы складае некалькі гадоў. Па меры ўводу ў эксплуатацыю станцыі расійскія спецыялісты будуць замяшчацца тымі, хто быў падрыхтаваны ў беларускіх ВНУ.

Падагульняючы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі напрацаваны напрамкі падрыхтоўкі спецыялістаў, ёсць бачанне, як будзе наладжаны працэс і якія сродкі на гэта неабходна накіраваць.