Даклад па пытаннях фінансавання аўтамабільных дарог

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапановы ўрада па фінансаванні дарожнай гаспадаркі краіны. Кіраўнік дзяржавы 15 верасня прыняў з адпаведным дакладам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна, міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака і першага намесніка міністра фінансаў Уладзіміра Амарына.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што апошнім часам прывабнасць і значнасць Беларусі ў якасці транзітнага калідора значна ўзрасла, у тым ліку на фоне знешніх падзей. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна не толькі будаваць новыя аўтадарогі, але і падтрымліваць у нармальным стане ўжо існуючыя. На гэта ў тым ліку накіравана рашэнне аб больш шырокім выкарыстанні ў аўтадарожнай гаспадарцы бетону. Плануецца, што на гэтыя мэты будзе накіроўвацца не менш як 10 працэнтаў цэменту, які вырабляецца ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта асабліва важна з улікам магчымасці шырокага выкарыстання мясцовай сыравіны пры будаўніцтве дарог з бетонным пакрыццём.

    Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб прынятым рашэнні па будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол Мінска. Гэты аб'ект павінен быць уведзены ў эксплуатацыю да 1 студзеня 2017 года. Да пачатку 2016 года павінны быць поўнасцю завершаны работы на гомельскай трасе. "І трэба думаць аб перспектыве - паўднёвы транзітны напрамак праз Кобрын і Гомель. Ён будзе вельмі важным і запатрабаваным для Расіі. Трэба ў тым ліку весці дыялог з расіянамі. Калі не, то дамаўляцца і з Сусветным банкам - у іх добрыя крэдыты", - сказаў беларускі лідар.

    Гаворачы аб планах па развіцці дарожнага будаўніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць вырашэння пытанняў з фінансаваннем адпаведных праектаў. Прэзідэнт адзначыў, што ўрад павінен быў разгледзець існуючыя ў гэтай сферы праблемы і знайсці шляхі іх вырашэння.

    Як далажылі Прэзідэнту, у 2015 годзе на падтрыманне і развіццё дарожнай гаспадаркі Беларусі плануецца накіраваць Br11,2 трлн, што складзе 140 працэнтаў да ўзроўню 2014 года.

    На сустрэчы было прынята рашэнне дадаткова выдзеліць у гэтым годзе Br300 млрд на будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол Мінска. Размова таксама ішла аб выдзяленні Br52 млрд на абход Астраўца і сродкаў у эквіваленце $16,9 млн, якія складаюць беларускую частку фінансавання будаўніцтва аўтатрасы на ўчастку Бабруйск - Жлобін. Асноўная частка сродкаў на рэканструкцыю гэтага ўчастка гомельскай трасы паступіць за кошт крэдыту Эксімбанка Кітая.

    У пытанні фінансавання дарожнага будаўніцтва актыўныя кантакты падтрымліваюцца і з Сусветным банкам, за кошт сродкаў якога плануецца выконваць рэканструкцыю аўтатрасы ад Мінска да Гродна. Цяпер узгоднена выдзяленне сумы $250 млн, аднак беларускі бок, магчыма, будзе прапаноўваць павялічыць гэту суму.