Даклад па пытанні ўдасканалення парадку ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і ўзмацнення кантролю ў гэтай сферы

  • 1
Любы шлях дэбюракратызацыі - гэта правільны шлях. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы сёння даклад па пытанні ўдасканалення парадку ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і ўзмацнення кантролю ў гэтай сферы.

У час даклада абмяркоўваўся праект Указа "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Кіраўнік дзяржавы дэталёва спыніўся на кожнай з норм, што прапаноўваецца, патрабуючы абгрунтаваць іх эфектыўнасць і мэтазгоднасць. Сярод плануемых змяненняў - зрабіць дзеянне ліцэнзій бестэрміновым замест цяперашніх 5-10 гадоў.
 
Распрацоўшчыкі ўказа прапанавалі таксама істотна скараціць колькасць дакументаў, неабходных для іх атрымання, даць магчымасць накіроўваць па пошце або ў электронным выглядзе заяўкі ў ліцэнзуючы орган.

 "Калі сапраўды дэбюракратызуецца сістэма і будуць ліквідаваны лішнія адміністрацыйныя бар'еры, якія перашкаджаюць, гэта нармальна і гэтым шляхам пойдзем", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён запатрабаваў, каб "якасць і бяспека паслуг і тавараў былі захаваны, і гэта - бар'ер у выглядзе ліцэнзавання".

"Любы шлях дэбюракратызацыі - шлях правільны, але ўсюды ёсць межы, якія мы ні ў якім разе ў цяперашняй сітуацыі, на цяперашнім этапе развіцця не павінны перайсці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што ні ў якім выпадку нельга дапусціць паўтарэння сітуацыі, што адбылася ў холдынгавай кампаніі "Пінскдрэў", калі былі парушаны прынцыпы бяспекі. "Тут спрашчацца і практыкавацца нельга", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, пытанням бяспекі людзей на вытворчасці павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага.

Аляксандр Лукашэнка адобрыў прапанову ўстанавіць больш жорсткія патрабаванні і ўмовы для ажыццяўлення судова-экспертнай дзейнасці, а таксама ў галіне атамнай энергетыкі і рыэлтарскіх паслуг.

Па выніках нарады праект Указа быў накіраваны на дапрацоўку, у тым ліку для таго, каб зняць некаторыя спрэчныя моманты юрыдычнай тэрміналогіі, зрабіўшы яго больш даступным для разумення бізнесу.