Даклад па праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб эмісіі аблігацый ААТ "БМЗ"

  • 1
Беларускі металургічны завод выпусціць валютныя аблігацыі на $240,5 млн, з працэнтным даходам да 8,5 % гадавых і тэрмінам на пяць гадоў. Праект адпаведнага Указа прадставіў сёння Кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка і генеральны дырэктар БМЗ Анатоль Савянок.

Прэзідэнт прадметна цікавіўся сітуацыяй на БМЗ, змяненнямі, якія адбыліся з моманту яго апошняга наведвання завода ў верасні гэтага года. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, будучы тады на прадпрыемстве, абяцаў вярнуцца да пытання функцыянавання БМЗ у плане вырашэння тут праблем.

Як было даложана Прэзідэнту, сітуацыя на знешніх рынках застаецца складанай. Тэмпы росту экспарту не спыніліся, у натуральным выражэнні гэты паказчык на БМЗ складае 111,3 % за студзень-кастрычнік 2015 года да аналагічнага перыяду 2014-га. Пры гэтым у грашовым выражэнні тэмпы росту экспарту знізіліся да 78,8 %. Падтрымаць аб'ём абаротных сродкаў плануецца ў тым ліку шляхам эмісіі аблігацый. Акрамя таго, так на заводзе разлічваюць атрымаць дапамогу ў абслугоўванні крэдытаў, узятых на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў.

У той жа час БМЗ удалося захаваць пазіцыі на рынках, у тым ліку Блізкага Усходу, Афрыкі. Прадпрыемства прадаўжае нарошчваць пастаўкі ў краіны Еўропы, ёсць дадатковыя напрацоўкі ў гэтым напрамку па ЗША.

Эмісія аблігацый, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, прапанавана для таго, каб "аслабіць фінансавы прэс на прадпрыемства і атрымаць нейкую развязку існуючага фінансавага становішча".

Прэзідэнт пацікавіўся, у якім напрамку трэба будзе дзейнічаць, якія ёсць насцярожанасці. Яму было даложана, што дамоўленасць па эмісіі аблігацый дасягнута з беларускімі банкамі. "Тут рызыкі меншыя. Гэта нашы банкі. Мы тут разбяромся, калі недзе дапусцілі памылку", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў праект указа. У бліжэйшы час дакумент будзе прадстаўлены Кіраўніку дзяржавы на подпіс ва ўстаноўленым парадку.