Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад па асобных пытаннях крэдытна-фінансавых арганізацый

16 лістапада 2017 года
Даклад па асобных пытаннях крэдытна-фінансавых арганізацый
глядзіце таксама: відэа
16 лістапада 2017 года
Даклад па асобных пытаннях крэдытна-фінансавых арганізацый

Дзейнасць банкаў павінна быць выніковай і максімальна ўлічваць інтарэсы нацыянальнай эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 лістапада, заслухоўваючы даклад па асобных пытаннях крэдытна-фінансавых арганізацый.

На парадку дня нарады пытанні эфектыўнасці кіравання ў крэдытна-фінансавых арганізацыях. Наконт гэтага Кіраўніком дзяржавы раней даваліся канкрэтныя даручэнні службовым асобам.

"Маё патрабаванне вы ведаеце - дзейнасць усіх арганізацый, уключаючы банкі, а можа, і перш за ўсё банкаў, павінна быць выніковай і максімальна ўлічваць інтарэсы нацыянальнай эканомікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся, якія меры ў сувязі з гэтым прымае Урад, наколькі падыходы, што прымяняюцца, адпавядаюць задачам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, ці адпавядае дзеючая сістэма сучасным умовам і лепшым сусветным практыкам.

"Але пры гэтым заўважу, што сусветная практыка - гэта практыка сусветная. Мы часта гаворым аб тым, што мы дзяржава, якая стала на шлях развіцця, і таго ўзроўню развіцця, у тым ліку крэдытна-фінансавых арганізацый, не дасягнулі. Калі не дасягнулі, чаго мы сабе заработную плату налічваем па сусветных практыках? Паколькі мы на шляху да іх, давайце будзем гэтаму адпавядаць па ўсіх паказчыках, у тым ліку матэрыяльнага забеспячэння саміх арганізацый і іх работнікаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не стану ўтойваць, напэўна, з падачы Урада, мы абыходзім галоўнае пытанне, па якім сёння таксама будзе размова: грашовае забеспячэнне, заработная плата, бонусы работнікаў і кіраўнікоў банкаўскіх устаноў. Тут мяне перасцерагаюць ад адкрытай на гэту тэму размовы, што гэта, маўляў, не спадабаецца МВФ, можа, і яшчэ якім-небудзь міжнародным арганізацыям. Пакуль я Прэзідэнт Беларусі і не планую быць прэзідэнтам або кіраўніком міжнародных арганізацый, таму і вам таксама раю адказваць і займацца пытаннямі Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што чым багацейшыя людзі ў краіне, тым лепш для яе кіраўніцтва. "Але мы ведаем рэальнасць, у якой жыве народ Беларусі: сёння ніхто не панствуе. Пяцьсот долараў або тысячу рублёў, пра якія мы гаварылі, - з такой вялікай цяжкасцю ва Урада і ў тым ліку Нацыянальнага банка з падкантрольнымі банкамі, так цяжка ідзе гэта пытанне. Дык давайце будзем адпавядаць і ў банкаўскай сістэме гэтаму. Гэта значыць, зарплата павінна быць заробленай, заўсёды банкіры пра гэта гавораць, і я іх у гэтым падтрымліваю. Па ўсёй краіне дарэмна платы быць не павінна. Значыць, і ў банкаўскай сістэме зарплата павінна быць заробленай", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што банкіры раздзяляюць сваю зарплату і заробленыя бонусы. "А што гэта не грошы? Можна выбудаваць такую сістэму, што будзеш капейкі атрымліваць на працягу месяца, года, а бонусамі можна падавіцца, як у народзе кажуць. Таму давайце глядзець у цэлым на тое, як гэта будзе выглядаць. Я толькі што гаварыў аб узроўні заработнай платы ў краіне. Хацелася б, каб банкаўская сістэма не была, цытую народ, "скопішчам тлустых катоў" (гэта не толькі гаворыць рабочы і вясковец, гэта гаворыць уся інтэлігенцыя). Банкаўскія работнікі павінны адпавядаць таму ўзроўню, які склаўся ў краіне па заработнай плаце і даходах", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля аптымізацыі ў дзяржаўных органах, заўважыў ён, у ведамствах быў дакладна выбудаваны ўзровень заработнай платы. "Ад Прэм'ер-міністра да старшыні сельсавета - ўсё дакладна і выразна. Скарачаешся, з'яўляюцца свабодныя грошы - забірай, размяркоўвай сярод астатніх. Вось у гэту сістэму павінна быць уманціравана і банкаўская сістэма, у тым ліку і кіраўнікоў нашых банкаў. Як бачыце, я тут не раздзяляю - прыватныя банкі і дзяржаўныя. Ёсць Старшыня Нацыянальнага банка, устаноўлена яму грашовае забеспячэнне - пачынайце ад Старшыні Нацыянальнага банка", - даручыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што заработная плата павінна адпавядаць якасці і аб'ёму выкананых работ. "Не думаю, што кіраўнік канкрэтнага прыватнага або дзяржбанка працуе больш і якасней, чым Старшыня Нацыянальнага банка. Калі так, тады трэба Прэзідэнту задумацца. Але пакуль я бачу, што гэта не так. Таму прывязаць заработную плату з бонусамі і іншым да Старшыні Нацыянальнага банка - гэта цалкам нармальна", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.



Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў банкаў няма сваіх грошай. Яны карыстаюцца сродкамі фізічных і юрыдычных асоб. "Я некалі сказаў: калі ты на Захадзе знайшоў $1 млрд пад 1%, прывёз у краіну і выдаў пад 2,5%, тады мы павінны вельмі моцна заахвоціць гэты банк і яго кіраўніка. Гэта будзе зразумела", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што банкі не павінны вылучацца ў агульнай сістэме дзяржавы. "Давайце будзем з гэтага зыходзіць", - дадаў ён.

У час нарады было адзначана, што заработная плата топ-менеджараў асобных банкаў у Беларусі проста зашкальвае. Яны атрымліваюць у разы больш нават за членаў Урада, не гаворачы аб радавых работніках розных сфер. Тут розніца ў лічбах можа быць у сотні разоў.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што для крэдытна-фінансавых арганізацый галоўнае - прыбытак. Але ж банкі, нават замежныя, вядуць дзейнасць унутры краіны і зарабляюць за кошт яе грамадзян і прадпрыемстваў, у тым ліку выдаючы нятанныя крэдыты.

Разам з тым Прэзідэнт згадзіўся, што калі банк выконвае ўсе крытэрыі, то яго кіраўніцтва трэба заахвочваць. Ён даручыў Нацыянальнаму банку яшчэ раз паглядзець на існуючыя крытэрыі і, калі ёсць такая неабходнасць, зрабіць больш строгімі некаторыя з іх.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў распрацаваць выразную сістэму аплаты працы кіраўнікоў банкаў. Яна, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, павінна быць справядлівай і працаваць па-чалавечы. Прэзідэнт папярэдзіў аб адказнасці за вынік і выкананне яго даручэнняў.
Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь