Даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі

  • 1

Беларусь і Расія ўрэгулявалі праблемнае пытанне ў сферы паставак энерганосьбітаў, аднак наперадзе яшчэ сумесная работа для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін. Аб гэтым 10 кастрычніка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам Намесніка Прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашку.

"Я ўчора азнаёміўся з дакладам Урада па нафтагазавых пытаннях з Расійскай Федэрацыяй. Я так разумею, што чарговыя баталіі скончаны і нам удалося выйсці на падпісанне адпаведнага дакумента. Праблемныя пытанні, прынамсі на ўчарашні дзень, былі ўзгоднены і зняты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў спецыялістаў, якія ўдзельнічалі ў перагаворах, каб яшчэ раз пераканацца і разабрацца ў сутнасці, нюансах дакумента, які быў узгоднены. "І самае галоўнае - учарашнімі дамоўленасцямі мы выключаем такія канфлікты з Расіяй у будучым?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

"Таму што гэта (такія спрэчныя сітуацыі) не проста эканамічна немэтазгодна, мы страчваем пэўныя сродкі. Гэта нават неяк непрыстойна мець нам з Расіяй такія адносіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, ці страчвае што-небудзь беларускі бок у выніку цяперашніх дамоўленасцей і які будзе доўгатэрміновы эфект. "Таму што, як вы мне прапануеце, доўгатэрміновы эфект да 2019 года. Але пройдзе нямала часу, і суб'екты гаспадарання будуць усё роўна знаходзіцца ў няроўных умовах", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы нічога лішняга не патрабуем ад Расійскай Федэрацыі. Мы патрабуем, каб нашы суб'екты гаспадарання і нашы людзі былі ў роўных умовах у саюзе Беларусі і Расіі ў адпаведнасці з літарай і духам дагавора аб саюзным будаўніцтве. Вось адзінае, чаго мы патрабуем", - заявіў Прэзідэнт. - Гэта будзе галоўным пытаннем у далейшых маіх перагаворах з Прэзідэнтам Пуціным. Я не буду закранаць ніякіх бухгалтарскіх разлікаў. Галоўнае будзе гэта".

"Нам трэба з Расіяй дамовіцца аб роўных умовах. Дзесьці мы па нейкіх пытаннях павінны пасунуцца і пасунемся (інтарэс у Расіі да Беларусі велізарны), дзесьці яны. Але калі мы бачым сваю перспектыву ў адзіным цэлым, нам на гэта трэба ісці і на гэтым трэба настойваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.