Даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Міхаіла Русага і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца

    Беларускім аграрыям неабходна прадаставіць усе ўмовы для рэалізацыі прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 верасня, прымаючы з дакладам Намесніка Прэм'ер-міністра Міхаіла Русага і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аграрыям павінны быць прадастаўлены ўсе магчымасці для таго, каб яны маглі прадаваць сваю прадукцыю, тым самым задавальняючы попыт насельніцтва. Рабіць гэта трэба без бюракратычных перашкод, арганізуючы кірмашы і базары.

    Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў узняць на больш высокі ўзровень сістэму інфармавання насельніцтва аб стане аграпрамысловага комплексу: "Людзей цікавіць галоўнае: каб на прылаўках была прадукцыя нашай вёскі па даступных цэнах. Яны задаволены нашай прадукцыяй, і іх цікавіць, ці будзем мы забяспечаны да новага ўраджаю сваімі прадуктамі харчавання, сваім адзеннем, сваімі тэхнічнымі культурамі. І мяне гэта перш за ўсё цікавіць".

    Паводле слоў Прэзідэнта, таксама неабходна ўзмацніць работу з насельніцтвам па закупках лішкаў прадукцыі, у першую чаргу яблыкаў.

    Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады аб фінансавым стане аграпрамысловага комплексу і выніках палявых работ. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на ўборку лёну і рапсу: "Апраўданняў можна знайсці шмат, але гэта дакладна, што мы апусціліся нават да ўзроўню мінулага года. То мы ў пыл пасеялі, то вільгаці не хапала і гэтак далей".

    Закранаючы тэхнічнае забеспячэнне ўборачнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: "Усім вам было даручана разабрацца з прэс-падборшчыкамі, якія загортваюць кармы ў плёнку, - пры нашым клімаце гэта ратунак. Нам трэба мець свае рулонныя прэсы, каб закрываць у плёнку кармы. Мы дамовіліся, што ў будучым годзе вы пакажаце беларускі прэс, які будзе не горшы за нямецкі, дацкі ці французскі".

    На сустрэчы было адзначана, што Ураду, і ў прыватнасці Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, пара пераходзіць на навуковыя і кантрольныя функцыі ў сельскай гаспадарцы. "Сеяць і ўбіраць сапраўды ёсць каму: райвыканкамам, аблвыканкамам і канкрэтным гаспадаркам. А вось новае, перадавое і кантроль за выкананнем тэхналогій - гэта за вамі", - сказаў Прэзідэнт.

    "Хачу вас папярэдзіць. Гэта і губернатараў датычыцца. Вы ведаеце, як рабіць, людзі вопытныя, якія прайшлі за сваё жыццё нямала. Вы ведаеце, у якім напрамку рухацца, мы вызначыліся. Калі ў будучым годзе будуць такія праблемы, як у бягучым, гэтымі галінамі будуць кіраваць іншыя людзі. Я хачу, каб вы гэта разумелі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт паставіў задачу да лістапада падрыхтаваць пашыраную нараду, на якой плануецца дэталёва разгледзець сітуацыю ў сельскай гаспадарцы і эфект ад мер, што прымаюцца па падтрымцы гэтай сферы.