Даклад Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 верасня прыняў з дакладам Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. У час сустрэчы разгледжаны стан спраў у знешнеэканамічнай дзейнасці і графік будучых міжнародных сустрэч.

"Першае і асноўнае пытанне - гэта аналіз знешнеэканамічнай дзейнасці. Калі закранаць нашу знешнюю палітыку, у нас тут больш-менш стабільная сітуацыя. Што датычыцца наогул знешнепалітычных прыярытэтаў, яны вызначаны. Падабаецца гэта камусьці ці не, шматвектарнасць знешняй палітыкі зыходзіць з нашага месца ў свеце, вызначанага госпадам богам. І ад гэтага нікуды не дзенешся", - сказаў беларускі лідар.

"Я ўжо гаварыў, што эканоміка - гэта прыярытэт нумар адзін. І калі нечага баяцца, то трэба баяцца і дрыжаць за эканоміку, каб яна развівалася, як трэба", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што экспарт - аснова беларускай эканомікі. Менавіта таму знешнеэканамічная дзейнасць развіваецца з акцэнтам на экспарт. "Якая тут у нас сітуацыя?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

У якасці другога пытання для абмеркавання Аляксандр Лукашэнка абазначыў графік маючых адбыцца кантактаў, перш за ўсё на вышэйшым узроўні. "Гэта датычыцца Прэзідэнта - на астатні прамежак бягучага года. Асноўныя мерапрыемствы ўнутры краіны і з выездам за межы. Мы таксама дамаўляліся, што гэта павінна быць сістэматызавана і мне даложана па ўсіх мерапрыемствах", - сказаў ён.

У частцы знешнеэканамічнай дзейнасці Уладзімір Макей разам з недахопамі адзначыў наяўнасць пазітыўных тэндэнцый. За першае паўгоддзе 2018 года экспарт вырас на 19,4%. Пры гэтым назіраецца рост паставак высокатэхналагічных тавараў. "Ідзе рост на ўсіх рынках. У залежнасці ад рынку - ад 4% да амаль 30%. Гэта станоўчыя моманты. Вельмі актыўна развіваецца знешнеэканамічная дзейнасць з Кітаем. У нас тут рост на 37%. Пайшла сельскагаспадарчая прадукцыя", - сказаў міністр.

Прэзідэнт паставіў задачу, каб рост экспарту па выніках года адзначаўся па ўсіх краінах, з якімі супрацоўнічае Беларусь. Даручана правесці адпаведныя мерапрыемствы з кожным суб'ектам гаспадарання, рэгіёнамі, якія не забяспечваюць рост экспарту ў рамках даведзеных заданняў.

Што датычыцца міжнародных кантактаў, удзел Кіраўніка дзяржавы чакаецца ў шэрагу важных міжнародных мерапрыемстваў, якія будзе прымаць Беларусь. У іх ліку канферэнцыя АБСЕ "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху", сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Замежныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў наступныя месяцы плануюцца як па лініі розных інтэграцыйных структур (СНД, АДКБ, ЕАЭС), так і на двухбаковым узроўні. Бліжэйшы візіт адбудзецца ва Узбекістан.

У ходзе сустрэчы Прэзідэнту было даложана і аб шэрагу аспектаў, звязаных з узаемаадносінамі з ЕС, Еўразійскім эканамічным саюзам, у тым ліку з Расійскай Федэрацыяй. У прыватнасці, размова ішла аб прапановах па кандыдатурах на пасаду новага пасла Беларусі ў Расіі.