Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Даклад Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча

22 мая 2018 года
Адказнасць спажыўцоў і пастаўшчыкоў наркотыкаў за ўчыненыя імі злачынствы павінна быць строга дыферэнцыравана. Гэтага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў 22 мая, прымаючы з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якая крымінагенная абстаноўка ў краіне, асаблівая ўвага была ўдзелена барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў.

"Што ў нас там за праблемы? Можа, мы недзе дапусцілі пралікі або памылкі пры прыняцці адпаведнага заканадаўства. Я тады настойваў на ўзмацненні заканадаўства асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыферэнцыраваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Ігар Шуневіч, крымінагенная сітуацыя ў краіне характарызуецца, як і раней, зніжэннем зарэгістраваных злачынстваў і здарэнняў. "Якіх-небудзь асаблівасцей мы сёння не назіраем. Думаю, што мы дасягнулі таго ўзроўню ў арганізацыі барацьбы са злачыннасцю, які дазваляе ацаніць рэальны стан спраў у краіне ў гэтай частцы і адэкватна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы, што нясе ў сабе гэты сацыяльны феномен", - адзначыў Міністр.

На сустрэчы было разгледжана і супрацоўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Многія дзяржавы, звярнуў увагу Ігар Шуневіч, зацікаўлены пераймаць вопыт беларускіх праваахоўнікаў для забеспячэння грамадскай бяспекі. "У нас ёсць чым падзяліцца. На прагматычных дамоўленасцях, умовах гэтыя кантакты ў бліжэйшы час будуць рэалізаваны", - дадаў ён.

У час даклада Ігара Шуневіча, які з'яўляецца старшынёй наглядальнага савета клуба "Дынама-Мінск", Прэзідэнт заявіў: "Тое, што наша зборная вылецела з элітнага дывізіёна, - гэта па заслугах, іх месца там. Ім няма чаго рабіць з такой гульнёй у гэтым дывізіёне. Але згадзіцца з гэтым мы ніяк не можам".

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як будзе ў далейшым развівацца клуб "Дынама-Мінск", які з'яўляецца базай для падрыхтоўкі хакеістаў для нацыянальнай зборнай. "Цяпер федэрацыя (хакея) усё больш ківае на "Дынама", што клуб не выконвае сваіх абавязацельстваў. Клуб гаворыць аб тым, што ім самім трэба гуляць і выйграваць, паказваць гульню, таму ёсць свае інтарэсы. Каб у нас не было разыходжанняў, трэба зрабіць так, каб лепшыя ігракі гулялі ў "Дынама", а самыя лепшыя дынамаўскія - у зборнай", - сказаў Прэзідэнт.

"На шкоду ўсяму (пажадана, вядома, без шкоды) мы павінны перавагу аддаваць зборнай. Усё павінна быць сканцэнтравана на краіну. Павінны гуляць беларускія хакеісты і перш за ўсё варатары. Гэта нядобра, што ў нас няма нармальнай абароны. Ды і нападзення няма. Калі за дзясятак матчаў не могуць забіць дзясятак галоў, гэта не каманда", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб рабоце клуба ў будучым сезоне, камплектаванні каманды і трэнерскага штаба, перспектывах падрыхтоўкі ігракоў для зборнай краіны.

"Як вы ведаеце, праблем тут хапае. Вялікая размова і рашэнні, я думаю, яшчэ наперадзе. Сёння мы выпрацоўваем новую тактыку і методыку ацэнкі нашых вынікаў і падрыхтоўкі хакеістаў. Думаю, што надышоў час чарговы раз, магчыма, выкарыстоўваючы іншыя метады і спосабы, ацаніць сітуацыю і зрабіць правільныя высновы з таго, што адбылося", - адзначыў Ігар Шуневіч.
Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь