Даклад Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

На сустрэчы абмяркоўвалася падрыхтоўка органаў унутраных спраў да забеспячэння правапарадку ў час правядзення V Усебеларускага народнага сходу. Як было даложана Прэзідэнту, разлік сіл і сродкаў, якія будуць для гэтага задзейнічаны, праведзены ўжо. Міліцыя возьме пад ахову месцы знаходжання дэлегатаў, зоймецца суправаджэннем транспарту, будзе працаваць у месцах правядзення мерапрыемстваў Усебеларускага сходу. Усе падраздзяленні органаў унутраных спраў да выканання гэтых задач гатовы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як ідзе падрыхтоўка да 100-годдзя беларускай міліцыі ў 2017 годзе. "Мы павінны гэта дастойна адзначыць", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб плане падрыхтоўкі да святкавання юбілейнай даты, рэалізацыя якога была ім адобрана.

Як старшыня наглядальнага савета ХК "Дынама-Мінск", Ігар Шуневіч далажыў Прэзідэнту аб бягучай сітуацыі ў клубе. "Пара дакладна ставіць задачу перад камандай, на які ўзровень павінны выходзіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама меры, якія неабходна прыняць для развіцця "Дынама-Мінск", і запатрабаваў больш якаснай і рэзультатыўнай гульні ў гэтым сезоне, "каб зноў не зняславіць сябе перад беларускім народам".

Ігар Шуневіч праінфармаваў Прэзідэнта аб камплектаванні каманды "Дынама-Мінск". Клуб падрыхтаваўся да падпісання шэрага кантрактаў, у тым ліку з легіянерамі, з хакеістамі Рэспублікі Беларусь, з трэнерскім штабам. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым адобрыў гэтыя прапановы.