Даклад Міністра унутраных спраў Ігара Шуневіча

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

На сустрэчы абмяркоўваўся стан барацьбы са злачыннасцю па выніках першага квартала 2016 года, выкананне раней дадзеных даручэнняў і шэраг ініцыятыў МУС па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, узмацненні барацьбы з асабліва небяспечнымі відамі злачынстваў агульнакрымінальнай накіраванасці.

Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся ў бліжэйшы час абагульніць усю існуючую інфармацыю па гэтай тэматыцы, каб з зацікаўленымі кампетэнтнымі органамі абмеркаваць гэтыя прапановы на нарадзе з яго удзелам.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы стала развіццё хакейнага клуба "Дынама-Мінск", улічваючы, што Ігар Шуневіч з'яўляецца старшынёй наглядальнага савета гэтага клуба.

Прэзідэнт адзначыў, што таксама размаўляў са старшынёй Беларускай федэрацыі хакея Ігарам Рачкоўскім, які разам з Ігарам Шуневічам нясе адказнасць за развіццё дынамаўскага клуба. "Гэта асноўны клуб, гэта аснова нашай зборнай", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў хуткім часе стартуе чэмпіянат свету па хакеі, пасля яго завяршэння будзе заслуханы адпаведны даклад. "Будзе аб чым пагаварыць. Гэта пытанне таксама давайце абмяркуем", - сказаў Прэзідэнт.

"Я абсалютна не збіраюся ўмешвацца ў расстаноўку кадраў. Гэта ваша прэрагатыва. З кім хочаце, райцеся, але ў будучым годзе трэба паказваць вынік. Мы плацім немалыя грошы. Дарэчы, таксама трэба эканомна да гэтага ставіцца. І аддача павінна быць. Вы самі гэта разумееце не горш за мяне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.