Даклад Міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 мая прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча.

Напярэдадні Прэзідэнту былі перададзены даныя па статыстыцы ў сферы адказнасці праваахоўных органаў. "Я з ёй азнаёмлены і ўжо тэндэнцыі бачу. Але хацелася б з вуснаў Міністра пачуць, як ён бачыць гэтыя тэндэнцыі ў той сферы, якой займаецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы нагадаў, што ў краіне ідзе аптымізацыя. "У вертыкалі ўлады яна праведзена. Цяпер займаемся спадарожнымі бюджэтнымі арганізацыямі, - адзначыў ён. - Гэтак жа мы займаемся, але па асобным плане ўжо, у сілавых структурах. Армія па сваім плане скарачаецца (даўно гэты план зацверджаны). Для МУС таксама мы з вамі дамовіліся аб планах аптымізацыі. І гэта аптымізацыя ў МУС пачалася даўно, яна прадаўжаецца. Як цяпер ідуць справы?"

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці ўзнікаюць якія-небудзь пытанні ў сувязі з праведзенымі ўжо мерапрыемствамі па рэфармаванні ў сістэме праваахоўных органаў. "Вылучалі следства і гэтак далей. Праз шмат ужо часу, ці ёсць праблемы, наколькі яны пераадольныя? Якія ёсць пытанні ў гэтым плане? Для мяне гэта вельмі важна. Я гэта трымаю на кантролі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўніку дзяржавы даложана аб аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў. Адзначана, што злачыннасць у Беларусі стабільна зніжаецца на працягу некалькіх гадоў. "Мы стараемся замацаваць усе станоўчыя тэндэнцыі, якія былі дасягнуты. Ужо традыцыйна, на працягу некалькіх гадоў, злачыннасць зніжаецца. У гэтым годзе працэнт зніжэння - практычна 8,5%", - далажыў Міністр.

Што датычыцца планаў па далейшым рэфармаванні сістэмы органаў унутраных спраў, прапануецца скараціць цэнтральны апарат МУС практычна на 10%, у тым ліку пасаду аднаго з намеснікаў Міністра. Таксама будзе рэфармаваны шэраг падраздзяленняў органаў унутраных спраў.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы сталі перспектывы развіцця і падрыхтоўкі да наступнага сезона хакейнага клуба "Дынама-Мінск", старшынёй наглядальнага савета якога з'яўляецца Ігар Шуневіч. Кіраўніку дзяржавы прапанавана новая канцэпцыя развіцця гэтага хакейнага клуба. Адным з напрамкаў канцэпцыі з'яўляецца перспектыўная і поўная адмова ад паслуг легіянераў, у тым ліку ў трэнерскім штабе.