Даклад міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яны Шчоткінай

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 мая прыняў з дакладам міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яну Шчоткіну.

    Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму працы буйных беларускіх прадпрыемстваў.

    "Гэта праблема больш за ўсё датычыцца міністра прамысловасці. Але хацеў бы і вас папярэдзіць, каб вы ва ўрадзе за гэтым пытаннем паназіралі і ажыццявілі кантроль. У нас на некаторых даволі буйных прадпрыемствах па пэўных прычынах, не буду іх называць, мы ўжо не раз аб гэтым гаварылі, склалася вельмі напружаная сітуацыя, абстаноўка, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ні ў якім разе не павінны дапусціць таго, каб іх страціць. Гэта выключана".

    "Гэта не значыць, што мы павінны на плячах іх несці, яны павінны працаваць і, я скажу па-народнаму, працаваць па поўнай, калі яны хочуць выжыць і захавацца. Але і дзяржава не мае права іх страціць", - сказаў Прэзідэнт.

    Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, тут трэба прыняць комплекс мер. "Але самая галоўная мера, і вы павінны за гэтым сачыць, - захаваць працоўныя калектывы. Крызісы некалі скончацца, рана ці позна, мы гэтыя крызісы перажывалі ўжо не раз, але калі выходзіш з крызісу і на тваю прадукцыю ёсць попыт, а няма рабочага люду, няма рабочага класа, які вырабляў гэту прадукцыю, тады бяда. Таму любымі спосабамі і сродкамі трэба захаваць працоўныя калектывы, зрабіць усё для таго, каб людзі працавалі. І не на склад", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мае намер у бліжэйшы час наведаць шэраг мінскіх прадпрыемстваў, а таксама ў рэгіёнах.

    "Міністру прамысловасці была пастаўлена жалезная ўмова: захаваць працоўныя калектывы. І калі мы недзе там замарозіліся на гэтым этапе, то на працягу лета, да верасня людзі выйдуць з водпуску, які ў іх настрой, вы добра разумееце, ім патрэбна работа, ім патрэбна зарплата, дзяцей у школу адпраўляць, сям'ю карміць, гэта вельмі важна", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Таму пытанне нумар адзін - захаваць працоўныя калектывы, а, каб іх захаваць, трэба, каб людзі працавалі".

    У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не датычыцца "так званых п'яніц і разгільдзяяў". "Калі яны сёння не разумеюць сітуацыю і працягваюць гэта разгільдзяйства, ім не месца ў працоўных калектывах. Але, зноў жа, я папярэдзіў кіраўнікоў і міністра: пад гэту катэгорыю асоб заганяць невінаватых людзей катэгарычна забараняю! За гэта адкажа кожны кіраўнік і ўрад у тым ліку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка даручыў Мар'яне Шчоткінай узяць пад кантроль усе пытанні, што датычацца працоўных калектываў. Ён таксама дадаў, што ў бліжэйшы час правядзе нараду з членамі ўрада і кіраўнікамі прадпрыемстваў па пытанні захавання працоўных калектываў.

    Яшчэ адной тэмай, на якой акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, стала сітуацыя з цэнамі ў краіне.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў канцы мінулага года, пачатку гэтага ў краіне "супакоілі і валютны рынак, і цэны". У той жа час назіраецца павышэнне цэн на тавары і паслугі. Паводле слоў Прэзідэнта, для гэтага ёсць і аб'ектыўныя прычыны, у прыватнасці, рост курса долара адносна беларускага рубля.

    "Калі назіраецца рост цэн па кантралюемых пазіцыях і асабліва ў ЖКГ, яшчэ недзе, там, дзе дзяржава павышае цэны, - гэта недапушчальна. Таму што мы зарплату сёння не можам падняць. Чалавеку не патрэбны рост зарплат, калі не растуць цэны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    "І там, дзе мы можам сёння прыпыніць рост цэн, яго трэба прыпыніць. Трэба даць зразумець усім: бізнесменам, прадпрымальнікам, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў і ўсім іншым, што цэны пажадана цяпер не павышаць", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зарплата будзе расці па меры магчымасці. Ён таксама падкрэсліў, што не прыхільнік яе павышэння напярэдадні выбараў Прэзідэнта.

    "Гэта перш за ўсё павінны разумець дзяржслужачыя", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ёсць спробы "выбарачна камусьці каэфіцыент павысіць, камусьці даплату, зарплату, уладкаваць на работу, каб на пенсію пайсці з добрай работы". "Гэта недапушчальна! Я гэта буду лічыць правакацыяй супраць Прэзідэнта, супраць дзеючай улады. Гэтага быць не павінна! Да ўсіх павінен быць падыход аднолькавы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка не падтрымаў прапанову аб павышэнні заработнай платы дзяржслужачым, падкрэсліўшы, што ўсё павінна быць увязана з работай эканомікі, прамысловасці.

    Мар'яна Шчоткіна далажыла аб абстаноўцы на шэрагу прадпрыемстваў, па якіх арганізуецца маніторынг у Мінпрацы і сацабароны (760 прадпрыемстваў). Паводле яе слоў, у сувязі з аптымізацыяй за першы квартал звольнена па скарачэнні кадраў 1800 чалавек, 11200 чалавек - за прагулы. Міністр падкрэсліла, што ў праграме занятасці закладзена сума ў Br244 млрд на магчымасць апераджальнага перанавучання кадраў у выпадку, калі яны падлягаюць скарачэнню.

    Прэзідэнт цікавіўся, як ідзе работа па назначэнні сямейнага капіталу. Паводле слоў міністра, за сямейным капіталам звярнуліся 1857 сем'яў, работа ідзе ва ўстаноўленым парадку па адпрацаваным алгарытме дзеянняў.

    Кіраўніку дзяржавы таксама даложана аб своечасовай выплаце ўсім ветэранам матэрыяльнай дапамогі да 70-годдзя Перамогі. Выплаты праводзіліся з 1 красавіка па 1 мая.