Даклад Міністра прамысловасці аб сітуацыі ў галіне

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка занепакоены сітуацыяй на прадпрыемствах Міністэрства прамысловасці. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 6 сакавіка пры дакладзе міністра прамысловасці аб сітуацыі ў галіне, існуючых праблемах і шляхах іх вырашэння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з усіх галін, у якіх склалася неспрыяльная сітуацыя, яго больш за ўсё непакоіць Мінпрам. Прадпрыемствы гэтага ведамства, паводле слоў Прэзідэнта, займаюць 5-ю частку ўсёй прамысловай вытворчасці Беларусі, больш за палавіну прадукцыі накіроўваецца на экспарт. "Пры гэтым апошнім часам гэтыя прадпрыемствы сур'ёзна адстаюць і цягнуць уніз усю беларускую эканоміку", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што на мінулай нарадзе па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця адбылася прынцыповая размова аб сучасных тэндэнцыях развіцця эканомікі. "Мы дамаўляліся аб тым, што ўсялякую кабінетную валакіту, залішнія ўзгадненні мы выключым, будзем прымаць неабходныя рашэнні і забяспечваць іх выкананне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Тады ж была дасягнута дамоўленасць, што міністр прамысловасці і іншыя члены ўрада, адказныя за гэту сферу, у ліку першых даложаць аб тым, як вырашаюцца пытанні, выконваюцца даручэнні.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праблемах у галіне, аб тым, якія меры прымаюцца для таго, каб выйсці на нармальную работу. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць: у гэтым годзе я не патрабую ад урада, каб быў забяспечаны прарыў, быў дзікі прырост прадукцыі. Проста, зразумела было сказана: не пагоршыць сітуацыю. Тым не менш, па выніках студзеня яна не палепшылася", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Сітуацыя ў прамысловасці абмяркоўвалася з удзелам дырэктараў буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як яны маюць намер працаваць, што канкрэтна прымаецца на месцах для забеспячэння нармальнай работы і, самае галоўнае, якая абстаноўка ў працоўных калектывах. "Развагі аб тым, як цяжка і што вы будзеце рабіць паслязаўтра, тут абсалютна не патрэбны. Мне патрэбны канкрэтны вынік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт заклікаў дырэктараў аперыраваць канкрэтнымі вынікамі за пэўны перыяд часу: якое было заданне па вытворчасці і наколькі яго ўдалося выканаць, куды прададзена прадукцыя і колькі паступіла грошай. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы чарговы раз папярэдзіў аб недапушчальнасці нарошчвання дэбіторскай запазычанасці.

Па выніках нарады былі дадзены канкрэтныя даручэнні па паляпшэнні механізмаў рэалізацыі прадукцыі беларускай вытворчасці, дыверсіфікацыі экспарту, скарачэнні складскіх запасаў, павышэнні якасці айчынных тавараў.