Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Даклад Міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага

19 верасня 2017 года
Даклад Міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага
глядзіце таксама: відэа
19 верасня 2017 года
Даклад Міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага

Для развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі будуць зняты практычна ўсе адміністрацыйныя бар'еры. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 верасня, прымаючы з дакладам Міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага.

У час рабочай сустрэчы абмяркоўваліся праекты ўказаў па пытаннях удасканалення рамеснай дзейнасці і аграэкатурызму, павышэння ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Яны ўваходзяць у пакет дакументаў па развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці.

"Мы здымаем практычна ўсе бар'еры. З іншага боку, я патрабаваў вельмі жорсткую адказнасць бізнесменаў, кіраўнікоў кампаній за вынік, за тое, што адбываецца ў іх у фірмах. Дапусціў нейкія пралікі, не дай бог, загінулі людзі - збірайся і ідзі ў турму. А як інакш: вось вам свабода і ніякай адказнасці? Не", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сустракаўся з бізнесменамі, яны згодны з такой пастаноўкай пытання. "Мяне ўжо многія папярэджваюць: калі вы не хочаце страціць кіруемасць у эканоміцы і парадзіць у краіне бардак, кантроль павінен быць. Я супраць празмернага кантролю, але трэба пакінуць тыя кантрольныя функцыі, якія патрэбны дзяржаве", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што разглядаемыя дакументы, накіраваныя на лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу, павінны быць дзейснымі: "Павінны быць нормы, якія ўжо сёння наспелі для прыняцця, і нормы, якія здымаюць існуючыя бар'еры".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што міністры, якія прадстаўляюць дакументы, нясуць персанальную адказнасць за іх рэалізацыю. "Не дай бог мы нагарадзілі нейкіх норм, якія не дадуць выніку. Гэтага быць не павінна. Пыл у вочы пускаць нікому не трэба", - заявіў ён.

Прадстаўлены праект указа па ўдасканаленні рамеснай дзейнасці прадугледжвае пашырэнне пераліку відаў такой дзейнасці прыкладна на 30%. Акрамя таго, будзе пашыраны пералік матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу рамеснай прадукцыі, месц і спосабаў яе рэалізацыі. Сёння рамеснікі маюць права ажыццяўляць продаж сваіх вырабаў на рынках, кірмашах і іншых месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады. У адпаведнасці з праектам указа яны змогуць прадаваць іх непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць пакупнікам па пазначаным адрасе. Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю, у тым ліку ў інтэрнэце.

Асобна на сустрэчы абмяркоўвалася прапанова ўстанавіць магчымасць перадачы невыкарыстоўваемай або неэфектыўна выкарыстоўваемай нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці, у бязвыплатнае карыстанне, а пасля заканчэння трох гадоў - ва ўласнасць рамеснікам па цане, роўнай адной базавай велічыні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да гэтага пытання неабходна падыходзіць узважана, не дапускаючы разбазарвання дзяржаўнай уласнасці. "Трэба вельмі акуратна ставіцца да прыватызацыі, а фактычна гэта прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта створана народам, і тут нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі".

Па выніках сустрэчы прынята рашэнне ў праекце ўказа гэту норму асобна не прапісваць, паколькі яна ўжо існуе ў дзеючым заканадаўстве, а губернатарам і міністрам трэба ёю рацыянальна карыстацца.

Прадугледжваецца, што прыняцце ўказа пасадзейнічае значнаму павелічэнню колькасці рамеснікаў, якіх цяпер у Беларусі зарэгістравана амаль 23,5 тыс.

Яшчэ адзін дакумент, прадстаўлены Прэзідэнту, накіраваны на ўдасканаленне рэгулявання адносін у сферы аграэкатурызму. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прадастаўленне ўладальнікам аграэкасядзіб права аказваць дадатковыя паслугі, у тым ліку праводзіць вяселлі, банкеты, юбілеі.

Ён падкрэсліў важнасць развіцця ў краіне аграэкатурызму. "Гэта добра, што мы далі магчымасць людзям, асабліва ў вёсцы, у маленькіх гарадах, у добрых месцах займацца гэтай дзейнасцю і атрымліваць для сям'і пэўныя даходы, паколькі ў асноўным гэта сямейны бізнес", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама заслухаў даклад па праекце ўказа, які прадугледжвае павышэнне ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Згодна з дакументам, да кампетэнцыі савета будзе адносіцца разгляд і ўзгадненне праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, якія аказваюць уплыў на парадак і ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Таксама савет зможа ўносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства непасрэдна ў Міністэрства эканомікі і Савет Міністраў. Члены савета змогуць удзельнічаць у рабоце грамадска-кансультатыўных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, створаных пры рэспубліканскіх органах дзяржкіравання і іншых арганізацыях, падпарадкаваных ураду, мясцовых органах улады.

"Вы прапануеце прыняць рашэнні па Савеце па развіцці прадпрымальніцтва, каб ён быў больш уключаны ў працэсы, якія адбываюцца ў асяроддзі прадпрымальнікаў. Асабліва калі мы змяняем нейкія правілы або з'яўляюцца новыя правілы, каб савет мог уносіць прапановы, абмяркоўваць гэтыя прапановы ва ўрадзе, міністэрствах, ведамствах. Добрая норма, я з ёй згодны: калі савет уносіць прапанову ва ўрад, яна абавязкова павінна быць разгледжана. Я згодны з павышэннем ролі савета. Мы павінны яшчэ раз паглядзець на склад гэтага савета і зрабіць яго дзейсным інструментам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым Прэзідэнт падтрымаў прадстаўленыя праекты дакументаў. Пры гэтым ён даручаў, каб усе новаўвядзенні былі прадстаўлены грамадскасці ў выглядзе асобных паўнацэнных дакументаў, а не ў форме ўнясення змяненняў і дапаўненняў ва ўжо існуючыя нарматыўныя прававыя акты.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь