Даклад міністра аховы здароўя Васіля Жарко

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 снежня прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Васіля Жарко.

    У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на новы парадак водпуску лекавых сродкаў у аптэках.

    "Гэта ваша вядомая пастанова, як мне здалося, выклікала цэлую буру эмоцый у нашым грамадстве. Людзі пачалі скардзіцца, што Міністэрства аховы здароўя займаецца не тым, чым трэба, Міністэрству аховы здароўя трэба заняцца ўмовамі лячэння, а не ўстанаўленнем нейкіх бюракратычных перашкод", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён адзначыў, што папрасіў асобных урачоў расказаць аб сітуацыі, а таксама даручыў Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру пры Адміністрацыі Прэзідэнта правесці даследаванне ў грамадстве.

    "Людзі настроены вельмі негатыўна! І нельга проціпаставіць іх меркаванню нічога!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    "Навошта гэта было ўводзіць напярэдадні розных вірусаў, эпідэмій, вострага перыяду захваральнасці? Нагрузка на ўрачоў павялічылася пры выпісцы. І шмат іншых пытанняў і праблем", - сказаў Прэзідэнт.

    "Вы мне гаворыце аб тым, што нехта там лабіруе гэтыя працэсы, некаму не падабаецца, у сродках масавай інфармацыі ўзнімаюць пытанні, а на самай справе прынята правільнае рашэнне, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я не выключаю, што некаму гэта не падабаецца. І гэта ў нас заўсёды бывае". "Бізнесмены, уласнікі аптэк і іншыя ўкідваюць у сродкі масавай інфармацыі свае нездавальненні. Так, на гэта трэба рэагаваць, трэба, каб валюта ў краіне заставалася і іншае. Але трэба рабіць гэта разумна, каб не ствараць праблем людзям", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Яшчэ адна тэма, якую ўзняў Аляксандр Лукашэнка, - забяспечанасць лякарствамі айчыннай вытворчасці. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб дамоўленасці да канца 2015 года мець у краіне мінімум 50 працэнтаў лякарстваў уласнай вытворчасці. Пры гэтым ён падкрэсліў, што лякарствы павінны адпавядаць сусветнаму ўзроўню: "Нам іншыя лякарствы не патрэбны, беларуская вытворчасць лякарстваў павінна быць на ўзроўні сусветных стандартаў".

    "І наступнае - экспарт гэтых лякарстваў. Калі яны будуць па якасці горшымі, іх жа не купяць ні ў Расіі, ні ва Украіне, ні ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а тым больш у Еўрасаюзе. Таму гэта павінны быць не менш як 50 працэнтаў і высокай якасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы ў гэтым пытанні. "Многія звяртаюць маю ўвагу на тое, што лякарствы мы вырабім, але яны не сертыфікаваны па нейкіх там параметрах. Так гэта ці не? Так, трэба задаволіць свой попыт, таму што паўмільярда валюты мы на лякарствы кожны год як мінімум расходавалі, а можа, нават больш, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму трэба імпартазамяшчэнне правесці. І другое - трэба на экспарт пастаўляць. Таму нікуды не дзенемся, трэба будзе сертыфікаваць і прадаваць. Як ідуць справы тут?"

    "Мы шмат гаворым аб тым, што дасягнулі высокага ўзроўню, у тым ліку па паказчыках дзіцячай смяротнасці, у нас за тры гады запар ні адна парадзіха не загінула - гэта праўда. Малайцы! Дзякуючы строгаму майму патрабаванню, даручэнню ў свой час", - адзначыў Прэзідэнт. - Але ўсё больш і больш, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, з'яўляецца інфармацыі аб тым, што дзякуючы бесталковасці нашых урачоў то той загінуў, то гэты загінуў, то гіпс, лангет на руку наклалі не так - руку хлопец страціў. Зразумела, гэта ж вясковы хлопец, яго ж абараніць няма каму! А мы з вамі адкуль? З вёскі. Таму мяне не можа не насцярожваць звычайнае лячэнне звычайных нашых грамадзян. Так, мы ўмеем перасаджваць сэрца, печань... Але а элементарнае: паслугі насельніцтву?" "Гэта трэцяе, што мяне хвалюе, і я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні, і не толькі ў дакладзе мне", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Міністэрства аховы здароўя не павінна баяцца прызнаць, калі з прыняццем рашэння аб новым парадку водпуску лекавых сродкаў у аптэках была зроблена памылка. "І калі вы ажыццяўляеце нейкія дзеянні, вы ж спачатку людзям раскажыце. І адначасова! А не пасля, калі ўсе людзі ў чарзе ўсталі і штурмуюць аптэкі і паліклінікі", - адзначыў Прэзідэнт.

    Васіль Жарко ў сваю чаргу звярнуў увагу, што прынятая ў верасні гэтага года пастанова, якая прадугледжвае ўзмацненне кантролю за рэцэптурным водпускам лекавых сродкаў, з'яўляецца па сутнасці прадаўжэннем пастановы, прынятай у 2012 годзе, па пераліку рэцэптурнага і безрэцэптурнага водпуску лекавых сродкаў. Паводле яго слоў, гэты пералік не пашыраны ні на адзін лекавы сродак. У гэтым годзе была ўведзена толькі адна норма - захоўванне рэцэпта ў аптэцы на працягу месяца. Міністэрства аховы здароўя адзначае значны рост аб'ёму спажывання лекавых сродкаў. У выніку аналізу сітуацыі Міністэрства аховы здароўя прыйшло да высновы, што частка лекавых сродкаў рэцэптурнага спіса адпускаецца без рэцэпта. Паводле слоў Васіля Жарко, часцей за ўсё гэта адбываецца ў камерцыйных структурах.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў міністра, колькі прыватных аптэк было закрыта ў сувязі з гэтым парушэннем. Паводле слоў Васіля Жарко, у бягучым годзе прыпынена работа 10 аптэк і 2 аптэкі закрыты. "Сярод тысяч аптэк вы дзве закрылі. А вы павінны былі іх папярэдзіць: адно парушэнне (гэта ж бяспека, здароўе людзей) - аптэку закрылі, другую закрылі, трэцюю, пятую, дзясятую, і ўсё нармалізавалася б", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Міністр адзначыў, што складана даказаць парушэнне водпуску лякарстваў у аптэцы, калі рэцэпт у ёй не застаецца. "Я штоквартальна збіраю ў Міністэрстве аховы здароўя тых, хто займаецца і оптам, і розніцай, і папярэджваю: няма абгрунтавання павелічэння водпуску лекавых сродкаў", - сказаў Васіль Жарко.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у міністра "жалезна навесці парадак".