Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка

12 сакавіка 2020 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае станоўчую работу сістэмы аховы здароўя ў краіне. Аб гэтым ён заявіў 12 сакавіка, прымаючы з дакладам Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.

"Мяне перш за ўсё хвалюе галоўнае пытанне - кіруемасць сістэмы. Кіруемасць заўсёды паказвае сябе і з'яўляецца лакмусавай паперкай у нейкіх неардынарных выпадках, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нядрэнна працуе, вядома, сістэма аховы здароўя і ўрачы малайцы".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ёсць і пэўныя недахопы. "Мы пра іх пагаворым. Яны, калі ёсць невялікія, то чыста суб'ектыўнага характару. Гэта значыць, у нашых сілах пазбягаць іх. Але яны, груба кажучы, не смяротныя. Не вельмі ўплываюць на функцыянаванне сістэмы аховы здароўя", - упэўнены беларускі лідар.

Ён у цэлым пацікавіўся, наколькі Уладзіміру Караніку ўдалося "асядлаць" тую сферу, якой ён цяпер кіруе.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пытанне цаны пры імпарце медабсталявання і лякарстваў. "Вельмі важным было пытанне медыцынскага абсталявання і лякарстваў. Перш за ўсё цэнаўтварэнне, пастаўкі", - нагадаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што раней частка лякарстваў і медабсталявання імпартавалася па крыху завышаных цэнах. "Трэба было гэтыя цэны прыводзіць у норму. Для гэтага трэба не проста аддаваць рынку на водкуп. Канкурэнцыя - справа добрая, але ўсё ж такі мы павінны ведаць мінімальныя і максімальныя цэны па тым ці іншым абсталяванні, асабліва дарагім. А мы іх ведаем, яны зразумелыя. І старацца працаваць ніжэй за гэтыя цэны. Наколькі атрымалася?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, магчыма, існуючымі праблемамі і спытаў, ці патрэбна ўмяшанне з яго боку.

"Што датычыцца медыцынскага абсталявання, вашы адчуванні, што цэны былі не аптымальныя, абсалютна правільныя, яны пацвердзіліся, - сказаў Уладзімір Каранік. - Тут мы актыўна папрацавалі па стварэнні празрыстай сістэмы закупак, паляпшэнні маркетынгу і рабоце з вытворцамі для таго, каб яны напрамую выходзілі на нашы рынкі".

Тэма сітуацыі з каранавірусам COVID-19 таксама была ў ліку тых, што абмяркоўваліся на сустрэчы. "Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не трэба ствараць ажыятаж і скупляць розныя лякарствы або медыцынскія маскі. "Пабеглі, скупілі... І што цяпер? Цяпер зразумелі, што перанапружыліся", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заявіў, што цяпер медыцынскія маскі ў Беларусі вырабляюцца на некалькіх прадпрыемствах у вялікай колькасці. "Сотні тысяч штук у суткі. Няхай купляюць, калі некаму патрэбна", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўжо ўсе зразумелі з падачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ўрачоў у свеце, што маску трэба насіць толькі тым, хто захварэў, каб знізіць рызыку заражэння астатніх. "Але ёсць людзі, якія перастрахаваліся, пачалі гэтыя маскі і спецадзенне адзяваць. Мы не супраць. Толькі не павінна быць непатрэбных рухаў, не павінна быць ніякай панікі", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на прысутнасць насцярожанасці наконт сітуацыі з каранавірусам, узровень захваральнасці ў Беларусі на вірусныя інфекцыі, уключаючы грып, ніжэйшы, чым у мінулыя гады.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для паспяховай барацьбы з распаўсюджваннем вірусаў важна, каб ахова здароўя ў той ці іншай краіне працавала на чалавека, а не ставіла сабе нейкія камерцыйныя мэты.

"Дай бог, каб усё абышлося. Расслабляцца не трэба. Людзі павінны разумець, што рукі, твар трэба мыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

А тым, хто захварэў або адчувае прыкметы хваробы, Аляксандр Лукашэнка параіў старацца не разносіць інфекцыю і прымаць неабходныя меры рэагавання.

Прэзідэнт таксама выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Кітая. "Падзякаваць трэба кітайцам - яны нічога ад нас не ўтойваюць, даюць нам усю інфармацыю, раяць. Таму што яны лепш ведаюць, больш за ўсё займаліся гэтай праблемай, і поспехі ў іх вышэйшыя, чым у каго-небудзь. Яны нам вельмі добра дапамагаюць сваімі парадамі і рэкамендацыямі. Дзякуй ім вялікі за гэта. Але і нашы ўрачы аказаліся на вышыні", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.


Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь