Даклад міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна шырока правесці дабрачынную кампанія па падрыхтоўцы да школы дзяцей з маламаёмных, шматдзетных сем'яў. Такую задачу ён паставіў 18 жніўня, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.

    Падрыхтоўка да новага навучальнага года пачалася ўжо. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, праблем з тым, каб сабраць дзіця ў школу, няма, можна набыць усё неабходнае - пачынаючы ад навучальных дапаможнікаў і заканчваючы адзеннем.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ўсталявалася добрая традыцыя падтрымліваць у падрыхтоўцы да школы маламаёмныя, шматдзетныя сем'і. "Трэба і ў бягучым годзе аб гэтым не забываць. І ў гэту кампанію падтрымкі трэба ўключыць усіх - ад Прэзідэнта да тых, хто можа дапамагчы апрануць, абуць дзетак", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Каб не было адрозненняў, што гэты з беднай сям'і, гэты з багатай. У нас дзеці ўсе аднолькавыя. Таму тут нам трэба зрабіць максімум", - дадаў ён.

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі арганізаваць работу, "каб напружыць усё грамадства і падрыхтаваць дзетак у школу". Пры гэтым асаблівую ўвагу, як адзначыў Прэзідэнт, неабходна ўдзяліць першакласнікам, якіх сёлета 106 тыс. - на 1,6 тыс. больш, чым у мінулым. "Гэта ўжо добрая тэндэнцыя. Нарэшце мы пераадолелі гэту дэмаграфічную яму, і ў нас з'яўляецца больш першаклашак", - сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўніку дзяржавы даложана таксама аб выніках уступнай кампаніі. У цэлым былі выкананы ўсе кантрольныя лічбы прыёму, асабліва на бюджэт і на запатрабаваныя эканомікай краіны спецыяльнасці.

    Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытанні падрыхтоўкі кадраў па рабочых спецыяльнасцях, паколькі сітуацыя ў гэтай сферы складаная ў краінах СНД і Усходняй Еўропы. Між тым у Беларусі сістэму прафтэхадукацыі захавалі. Прэзідэнт пацікавіўся яе цяперашнім станам.

    Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу па далейшым удасканаленні сістэмы прыёму, асабліва ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання.