Даклад міністра абароны Андрэя Раўкова

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня прыняў з дакладам міністра абароны Андрэя Раўкова.

    Кіраўніку дзяржавы было даложана аб ходзе мадэрнізацыі беларускай арміі. Прэзідэнт канстатаваў, што прыстасоўваць яе да ўмоў сучасных войнаў і выклікаў даводзіцца ўжо трэці раз. "Нікуды ад гэтага не дзенешся. Свет вельмі дынамічны, асабліва ў гэтым плане. Не ўлічваць сусветны вопыт вядзення сучаснай вайны мы не можам. У адваротным выпадку мы будзем ствараць "монстра" - армію, якая потым не зможа ваяваць. Не дай бог, калі гэта адбудзецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Але мы заўсёды павінны мець гэта на ўвазе, таму што армія для гэтага і існуе, каб абараніць сваю краіну. А лепш развіваць армію так, каб нікому не было цікава нават паглядзець скоса ў наш бок, гэта значыць Узброеныя Сілы павінны быць магутнымі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Міністэрства абароны больш увагі ўдзяляць развіццю армейскага спорту. "Скажу шчыра, што ў нас сёння армейскага спорту вельмі мала, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы значна адстаём у гэтым плане нават ад Расіі. Яны хутчэй вяртаюць у армію спорт".

    Кіраўнік дзяржавы дадаў, што армія - такі этап у жыцці чалавека, калі можна выхоўваць сапраўдных спартсменаў, а таксама ўбачыць будучых. "Таму выпускаць спорт з-пад увагі арміі ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў ён.

    Андрэй Раўкоў далажыў Прэзідэнту таксама аб мерапрыемствах адэкватнага рэагавання на падзеі, што адбываюцца на паўднёвай граніцы. "Мы адэкватна і пастаянна ацэньваем абстаноўку ва Украіне і звязаны з гэтым стан спраў каля нашых граніц", - сказаў міністр, дадаўшы, што, у прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу павелічэнне актыўнасці НАТА. Паўночнаатлантычны альянс больш як у 1,5 раза ў параўнанні з мінулым годам павялічыў актыўнасць пры правядзенні вучэнняў, у тым ліку буйнамаштабных і каля граніц Беларусі.

    Акрамя таго, Прэзідэнту было даложана аб чарговых выпрабаваннях ракетных і іншых сістэм, якія ствараюцца для абароны тэрыторыі Беларусі, аб кадравай сітуацыі ва Узброеных Сілах у святле іх аптымізацыі.