Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Даклад Дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася

15 снежня 2016 года
У Беларусі прадоўжаць аптымізацыю праваахоўных і сілавых ведамстваў. Адпаведнае даручэнне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў 15 снежня, прымаючы з дакладам Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Станіслава Зася.

У час сустрэчы было адзначана, што рыхтуецца пакет прапаноў па аптымізацыі структуры Міністэрства ўнутраных спраў. Абстаноўка, якая складваецца ў краіне, дае магчымасць для работы ў гэтым напрамку. У прыватнасці, амаль на 13% у параўнанні з папярэднім годам знізілася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і колькасць загінулых у выніку аварый. Зафіксавана дадатная дынаміка і ў сферы барацьбы са злачыннасцю: на 13,7% у параўнанні з мінулым годам знізілася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, скарачаецца колькасць крадзяжоў і злачынстваў у сельскай мясцовасці. Такая статыстыка дазваляе ставіць пытанне аб аптымізацыі сіл і сродкаў, якія задзейнічаны ў забеспячэнні бяспекі грамадзян. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работа ў гэтым напрамку павінна весціся паэтапна і выверана, сітуацыю неабходна трымаць на кантролі.

Яшчэ адной тэмай даклада Прэзідэнту Беларусі стала ўдасканаленне навучання ў ваенных і ваенізаваных ВНУ краіны. Было адзначана, што тэрміны навучання па асобных спецыяльнасцях будуць перагледжаны: плануецца скараціць да чатырох гадоў падрыхтоўку ваенных лётчыкаў, сувязістаў і спецыялістаў інфармацыйных сістэм.

Станіслаў Зась таксама далажыў Аляксандру Лукашэнку аб пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі. На сустрэчы падкрэслівалася, што сітуацыя ў краіне застаецца стабільнай, усе ведамствы і дзяржаўныя органы працуюць у штатным рэжыме.
Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь