Даклад Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Станіслава Зася

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка прыняў з дакладам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Станіслава Зася.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб рабоце сілавога блока, якая ажыццяўляецца ў штатным рэжыме.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй на дзяржаўнай граніцы. Паводле ацэнкі Дзяржсакратара, абстаноўка на рубяжах краіны спакойная. Пры гэтым больш дэталёва Станіслаў Зась спыніўся на пэўных цяжкасцях, якія ёсць на літоўскім напрамку граніцы. У прыватнасці, адзначыў наяўнасць чэргаў, якія ўтвараюцца па сезонных прычынах. З улікам гэтага, як было даложана, прынята рашэнне ўзмацніць работу ў адпаведных пунктах пропуску.

У ходзе даклада асобна разгледжана тэма, якая датычыцца сітуацыі на паўднёвым напрамку граніцы, што выклікае пэўны неспакой. Пры гэтым, як запэўніў Станіслаў Зась, сітуацыя і там знаходзіцца пад кантролем.

Размова ішла таксама аб абстаноўцы ўнутры краіны. Паводле ацэнкі Дзяржсакратара, бяспека грамадзян забяспечваецца, крымінагенная сітуацыя не пагаршаецца, пры гэтым зніжаецца колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў і крадзяжоў. Акрамя таго, абмяркоўвалася выкананне даручэнняў Прэзідэнта па ўмацаванні грамадскай бяспекі ў сельскай мясцовасці.

У ходзе даклада Станіслаў Зась асобна закрануў дзеянні МНС па выкананні неабходных папераджальных мерапрыемстваў у сувязі з магчымымі паводкамі і адзначыў, што сітуацыя не выклікае апасенняў. Таксама Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб праведзенай рабоце па кантролі за падрыхтоўкай сельгастэхнікі да пасяўной кампаніі.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць дзейнасць сілавога блока па забеспячэнні бяспекі грамадзян.