Даклад дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава

  • 1

У Беларусі прадаставяць большую свабоду бізнесу, але павінен быць захаваны баланс у плане адказнасці за парушэнні. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 19 верасня з дакладам дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава па законапраекце аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Праект дакумента накіраваны на лібералізацыю заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці ў частцы прадпрымальніцкай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь у гэтай сферы будзе сярод вядучых дзяржаў.

"Мы даём большую свабоду нашаму бізнесу. Беспрэцэдэнтную свабоду і льготы - ідзіце працуйце. З іншага боку - самая жорсткая адказнасць за парушэнні. Каб не атрымалася, што мы прадэкларавалі адказнасць суб'ектаў гаспадарання, юрыдычных асоб, рамеснікаў і іншых за парушэнні, а на самай справе другім нарматыўным прававым актам - законам - перакрэслілі ўсё гэта: свабода поўная - адказнасці мала або яе няма. Каб гэты баланс быў захаваны", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пры выпрацоўцы нарматыўных прававых актаў па развіцці прадпрымальніцтва прадстаўнікі бізнес-супольнасці скардзіліся на празмерна цяжкія штрафы і іншыя адміністрацыйныя пакаранні. "Вы прапануеце гэтыя штрафы істотна зменшыць па пэўных артыкулах, скараціць сферу прымянення практыкі канфіскацыі маёмасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Замацоўваюцца ўмовы прыцягнення суб'ектаў гаспадарання да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама будзе пашыраны пералік падстаў для вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці пры ўмове ўстаранення парушэнняў і выключаны з заканадаўства незапатрабаваныя на практыцы склады парушэнняў. "Давайце абмяркуем гэты праект закона, які павінен быць разгледжаны ў парламенце. Да 1 кастрычніка, як абяцалі, мы павінны ўвесці гэтыя нормы ў дзеянне. Укладзёмся ці не?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Вадзім Іпатаў далажыў, што асноўная задача законапраекта - забяспечыць разумны і справядлівы баланс. Накладаемыя спагнанні павінны быць суразмерныя нанесенай шкодзе, пры гэтым выплата штрафаў не павінна прыводзіць да ліквідацыі прадпрыемстваў і стрымлівання дзелавой ініцыятывы. У той жа час адміністрацыйныя санкцыі павінны забяспечваць эканамічную бяспеку і парадак у сферы прадпрымальніцтва.

У час распрацоўкі законапраекта вывучаўся вопыт іншых дзяржаў. "Такія краіны, як Малдова, Расія, Казахстан, спрабуюць вырашаць гэтыя пытанні, але такога, што прапісана ў нашым праекце, яшчэ няма. Прычым закладзены падыход, які характэрны для заходнееўрапейскіх краін. Гэта сапраўды крок наперад і даволі сур'ёзны", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы адобрыў закладзеныя ў законапраекце падыходы і даручыў ва ўстаноўленым парадку прапрацаваць пытанне аб унясенні дакумента на разгляд у парламент.