Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад аб завяршэнні ўборачнай кампаніі 2019 года і па пытаннях нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту

29 кастрычніка 2019 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 7 лістапада завяршыць уборку і большасць асенніх палявых работ. Аб гэтым ён заявіў 29 кастрычніка, заслухоўваючы даклад аб завяршэнні ўборачнай кампаніі 2019 года і выкананні даручэнняў па пытаннях нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг.

"Тэрміны я вызначыў: пасля святкавання 7 лістапада мы можам толькі араць пад зябліва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў вёсцы неабходна ажыццявіць комплекс мерапрыемстваў і работ, якія адкладваць нельга. "Я папрасіў вас і губернатара затрымацца пасля першай нарады і асобных членаў Урада (у гэты ж дзень Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі. - Заўвага), таму што на наступным тыдні ў мяне камандзіроўка вельмі важная на Блізкі Усход, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - На наступным тыдні фактычна мяне не будзе. Я хацеў бы, каб у спакойным рэжыме без мяне вы ажыццявілі комплекс мерапрыемстваў і работ, якія адкладваць нельга".

Кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтныя задачы ў частцы завяршэння ўборкі ўраджаю і асенніх палявых работ, падкрэсліўшы, што пасля вяртання з камандзіроўкі пракантралюе вынікі работ.

"Першае - завяршэнне ўборкі ўраджаю. Хачу для ведама нашага грамадства сказаць: у нас прывыклі да таго, што ўраджай завяршаецца, калі мы ўбіраем збожжавыя каласавыя ў жніўні, - гэта не так. Убраць збожжавыя каласавыя - гэта самае простае, што можа быць у сельскай гаспадарцы, а потым застаецца вялікі масіў кукурузы на сілас і асабліва на зерне. Застаюцца буракі, бульба, агародніна, пладовыя. Гэта мільёны тон, якія трэба ўбраць з поля, перавезці ў сховішчы і прадаць. Плюс да гэтага трэба пасеяць азімыя (мы іх пасеялі ўжо) і пераараць глебы - пад зябліва ўзворванне", - сказаў Прэзідэнт.

Узворванне пад зябліва ён назваў самым вузкім месцам: "Я гляджу, што засталося зусім няшмат плошчаў, якія мы павінны ўбраць. Тым не менш маё ўражанне (нягледзячы на тое, што іх няшмат), што расслабіліся ў канцы ўборкі. Што датычыцца пад'ёму зябліва, то тут проста халатнае стаўленне".

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што асабіста назіраў за работамі на некаторых палях у Мінскай вобласці, і пасля абеду ў пятніцу, а таксама ў суботу і нядзелю работы на іх не вяліся. "А гэта два з паловай дні. Колькі можна было падняць за гэты час зябліва! - заўважыў ён. - У панядзелак усё ўзаралі. Гэта сведчыць аб тым, што адпачывалі два з паловай дні. Я разумею: людзі стаміліся, нагрузка вялікая, але заўтра зіма будзе. Адпачнём. У сялян было заўсёды так".

"Я пагляджу, як вы спрацавалі. Не дай бог нехта нешта не дарабіў (да 7 лістапада. - Заўвага). Усё павінна быць убрана. Ніякай ільнотрасты не павінна быць на палях, усё павінна быць звезена (нібыта ўсё звезена, паводле інфармацыі). Кукуруза на зерне павінна быць убрана або мы яе страцім. Калі будзе дрэннае надвор'е, значыць, складвайце, сіласуйце гэта зерне або ў рукавы запіхвайце. Які раз пра гэта ўжо гавару", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць захаваць ураджай бульбы. "Бульба нібыта ўбрана. Паглядзіце яшчэ раз. Сёння добрая цана. Украіна ў чарзе стаіць за бульбай. Запоўніце сховішчы. І не толькі для свайго насельніцтва на зіму, але і каб прадаць пазней па вясне за добрую цану гэту бульбу. Тое ж самае датычыцца і агародніны", - запатрабаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ўраджай грэчкі ў гэтым годзе меншы, чым у мінулым. "У Расіі грэчкі няма наогул. Майце на ўвазе, што ўся гэта грэчка пацячэ ў Расію, і мы застанёмся з мінімумам грэцкіх круп і высокімі цэнамі. Не дай бог гэта адбудзецца па цэнаўтварэнні. Мы дамовіліся", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што яшчэ адна тэма нарады - гэта экспарт, за што адказвае Прэм'ер-міністр і віцэ-прэм'еры па сваіх  напрамках.
Тэгі: Нарады
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь