Даклад аб ходзе рэалізацыі інвестпраекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады"

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня заслухаў даклад аб ходзе рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, калі прымалася рашэнне аб утварэнні Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), ставілася амбіцыйная мэта стварыць прадпрыемства заўтрашняга дня. "Яго задача - вытворчасць і экспарт канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі аграпрамысловага комплексу, што ў выніку дасць магчымасць мінімізаваць імпарт і максімальна скараціць колькасць пасрэднікаў унутры краіны. Дарэчы, спецыялісты мяне інфармуюць, што быццам бы гэты працэс пайшоў", - сказаў ён.

Для рэалізацыі праекта прыцягнуты крэдытныя сродкі Кітая на даволі камфортных умовах, закантрактавана абсталяванне вядучых сусветных брэндаў.

"Прадугледжваецца, што аб'екты будуць уводзіцца ў эксплуатацыю паэтапна, як гэта практыкуецца ва ўсім свеце. І гэта абавязкова трэба рабіць. Намацваючы аб'ёмы сыравіны, якія мы можам закупіць для гэтага прадпрыемства (а гэта немалыя аб'ёмы), і самае галоўнае - рэалізацыя гатовага прадукту. Таму нарошчваць вытворчасць трэба паступова, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Да поўнага завяршэння будаўніцтва дзеючыя заводы ўжо будуць выпускаць прадукцыю і прыносіць прыбытак".

Плануецца, што ў наступным годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю комплекс камбікормавых заводаў і збожжасховішча, а ў 2021-м прадпрыемства запрацуе па ўсім тэхналагічным ланцужку.

"Практычна БНБК - гэта пачатак развіцця ў краіне біятэхналагічнай галіны, што больш за ўсё мяне і прываблівае, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я ўжо гаварыў пра высокія тэхналогіі, і гэта не толькі ІТ-парк, не толькі касмічная тэхніка, якую мы навучыліся вырабляць, атамная электрастанцыя, але і біятэхналогіі".

Прэзідэнт асабліва адзначыў важнасць і складанасць праекта, таму, звяртаючыся да ініцыятараў, папрасіў дэталёва далажыць аб ходзе яго рэалізацыі і праблемах, якія ўзніклі, а таксама аб падрыхтоўцы кадраў у гэтай новай для краіны біятэхналагічнай галіне.

Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на тэме рэалізацыі гатовай прадукцыі. "Гэта важнейшае пытанне. Усё мы знойдзем - і сыравіну, і аб'ект пабудуем, усё зробім. Але галоўнае пытанне - гэта рэалізацыя гатовай прадукцыі як унутры краіны (таму што ў нас ёсць спажыванне і патрэбнасць у гэтай прадукцыі), так і за яе межамі. Цана пытання - эфектыўнасць нашай сельскагаспадарчай вытворчасці і перш за ўсё жывёлагадоўлі", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы даклад аб ходзе рэалізацыі праекта, звярнуў увагу на неабходнасць комплекснага падыходу, папярэдняй падрыхтоўкі. Размова ішла аб тым, каб загадзя патурбавацца аб наяўнасці дастатковай сыравіннай базы, прадугледзець рынкі збыту, арганізаваць навуковае суправаджэнне галіны і мэтавае навучанне спецыялістаў.