Даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага навучальнага года

  • 1
Пытанні развіцця і ўдасканалення адукацыйнай сферы ў Беларусі былі ў цэнтры ўвагі рабочай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Прэм'ер-міністра Васілём Жарко і Міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.

Прэзідэнт пацікавіўся ходам уступнай кампаніі, якая павінна завяршыцца 20 жніўня. "Мне хацелася б ведаць асноўнае. Як канчаткова будзем карэкціраваць правілы прыёму? Такая задача была пастаўлена ўсім, хто кантраляваў ход уступнай кампаніі. Як мы дапрацуем, зменім ці вернемся недзе, можа, да старога? Шмат часу прайшло, на працягу якога мы апрабавалі розныя падыходы. На чым спынімся? Гэта галоўнае пытанне - ход кампаніі і карэкціроўка правіл прыёму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў праінфармаваць яго аб гатоўнасці да навучальнага года адукацыйных устаноў рознага ўзроўню, магчымай наяўнасці праблемных пытанняў.

"У гэтым плане таксама пытанне першараднай важнасці - абнаўленне вучэбных праграм і падручнікі, - адзначыў Прэзідэнт. - Ніякай праблемы ў гэтым не бачу. Нават у тэрмінах. Мы ж не нанава ствараем падручнікі, вучэбныя праграмы. У асноўным гэта нармальныя вучэбныя праграмы і падручнікі. Але некаторыя тэмы, як выявілася, трэба карэкціраваць", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аператыўна правесці гэту работу ў адпаведнасці з раней намечанымі тэрмінамі, каб у асноўным у 2018 годзе завяршыць выданне новых падручнікаў і дапрацоўку вучэбных праграм. "Па кожным падручніку можна стварыць групу. Да гэтага трэба прыцягнуць больш практыкаў, а не акадэмікаў. Але і ад акадэмікаў адмаўляцца нельга, таму што гэта людзі, якія, вобразна кажучы, знаходзяцца наверсе ведаў", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на падрыхтоўку да новага навучальнага года, правядзенне школьных базараў. Асаблівы акцэнт - на малазабяспечаныя сем'і, дзяцей-сірот. "Формула адна - каб 1 верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны павінны быць апрануты ў чорна-белыя фартушкі, гольфы або сукеначкі. А каб не вылучаліся дзеці з сем'яў, якія не такія багатыя сёння. Мы павінны апрануць дастойна да 1 верасня ўсіх дзетак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна тэма - падрыхтоўка і правядзенне Рэспубліканскага педагагічнага савета. "Мы павінны правесці яго на дастойным узроўні. На такіх педагагічных саветах Прэзідэнт даўно не бываў, і настаў час, ды і ёсць што сказаць педагагічнаму асяроддзю ў плане і новых умоў, новых праграм, паступленняў - усіх пытанняў, якія мы будзем абмяркоўваць. Ну, і параіцца з педагогамі. Я думаю, яны нам нешта падкажуць. Гэта ўсё ж такі наша апора, нашы людзі, і мне вельмі важна пабываць на такім педсавеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў зрабіць гэта мерапрыемства нефармалізаваным, каб можна было абмеркаваць і вычленіць праблемы, якія неабходна вырашаць.

Васіль Жарко, старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2017 годзе, праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы, што ў цэлым уступная кампанія праходзіць на належным арганізацыйным узроўні і характарызуецца адсутнасцю канфліктных сітуацый.

У цэлым плануецца, што на маючым адбыцца Рэспубліканскім педагагічным савеце будуць абмеркаваны канцэптуальныя падыходы па развіцці сістэмы адукацыі, змяненні, якія могуць адбыцца ў правілах прыёму пры паступленні ў ВНУ. Вынікам сумеснай работы настаўнікаў і педагогаў, экспертаў у розных пытаннях павінна стаць своеасаблівая дарожная карта, якая вызначыць прыярытэты і напрамкі, па якіх павінна рухацца сістэма адукацыі ў бліжэйшай перспектыве да 2020 года і стратэгічна да 2030 года. У тым ліку ў Беларусі прапануецца ажыццявіць пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю.

Былі закрануты розныя дыскусійныя пытанні і прапановы. Сярод іх вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў, увядзенне ў большасці выпадкаў платнай завочнай формы навучання і паступовае зніжэнне набору на навучанне ў вышэйшых навучальных установах, пытанне неабходнасці пры паступленні ўлічваць сярэдні бал атэстата.

Адзначана таксама неабходнасць правядзення атэстацыі і праверкі на адпаведнасць ліцэнзійным патрабаванням усіх ВНУ Беларусі.

Ігар Карпенка далажыў аб падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Падпісана ўжо каля 90% пашпартоў гатоўнасці. Да 1 верасня ўводзяцца ў строй дзве школы-новабудоўлі. Адна з іх у Мінску, другая - у Крычаве. Акрамя таго, з пачатку бягучага года ў краіне ўведзены шэсць устаноў дашкольнай адукацыі. Яшчэ столькі ж плануецца ўвесці да 1 верасня, і чатыры будуць уведзены да канца года.

Па стане на 1 жніўня ўсе школьныя праграмы былі перапрацаваны, яны даступныя на адукацыйным партале. Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, якія накіраваны ў рэгіёны. Да 1 верасня ў Беларусі выпусцяць 30 новых падручнікаў, да канца года яшчэ 11. У цэлым да канца 2019 года будзе поўнасцю абноўлена ўся лінейка падручнікаў па агульнай сярэдняй адукацыі.

Не засталася ўбаку і тэма зарплат у сацыяльнай сферы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаўнікі і ўрачы - гэта аснова грамадства, і неабходна ўжо да канца года падняць планку сярэдняй зарплаты, а таксама больш цесна заняцца адпаведным пытаннем у наступным годзе.