Даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага навучальнага года

  • 1

Калі ў беларускіх настаўнікаў не будзе дастойнага статусу і зарплаты, дзяржава страціць лепшыя педагагічныя кадры. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 жніўня, заслухоўваючы даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года.

"Пытанне статусу педагагічнага работніка, скажу дакладней - настаўніка, перш за ўсё сярэдняй школы, ужо набыло не проста грамадскае гучанне, а палітычнае. Па многіх прычынах. На настаўніку заўсёды ляжала цяжкая місія, і ніколі багатымі настаўнікі не былі. Не зусім багатыя яны і сёння. Але нагрузку на іх, у тым ліку палітычную, мы ўскладваем вялікую, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вазьміце парламенцкія выбары, нядаўнія прэзідэнцкія выбары: хто складаў аснову палітычнага ядра, якое праводзіла галоўную палітычную кампанію? Настаўнікі, урачы, дзяржаўныя служачыя. І сёння гэтыя катэгорыі грамадзян, якія забяспечваюць стабільнасць у нашай дзяржаве, неабгрунтавана, напэўна, пакрыўджаны. Але, перш за ўсё, настаўнік".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што далёкі ад папулізму "проста павысіць зарплату настаўнікам і кропка". "Я не хачу так ставіць пытанне. Я хачу сказаць па-іншаму: сітуацыя з матэрыяльным забеспячэннем настаўніцтва далей нецярпіма, таму давайце настаўніка нагрузім настолькі, наколькі ён павінен быць загружаны, але будзем плаціць дастойную зарплату. Мы настаўніка не страцім: настаўнікі былі і заўсёды будуць. Але мы вымываем самыя моцныя кадры з сістэмы нашай адукацыі, перш за ўсё школы. Мы страчваем самых лепшых настаўнікаў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў грамадстве часта задаюцца пытаннем, чаму жанчын больш за ўсё сярод настаўнікаў. "Здаўна мужчына - карміцель. І што, калі ён настаўнік, ён пракорміць сям'ю на гэту зарплату? Таму жанчына застаецца, а мужчыны ідуць шукаць новую, больш аплатную работу. Такім чынам мы страчваем мужчынскую частку нашага настаўніцтва. Гэта не зусім добра", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт рэзюмаваў, што статус настаўніка трэба павышаць. "Перш за ўсё ён залежыць ад самога настаўніка. Таму давайце загружаць настаўніка такім чынам, каб сапраўды яго статус быў высокі. Каб у вёсцы і ў горадзе, асабліва ў вёсцы, настаўнік быў галоўнай дзеючай асобай, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - З іншага боку, і дзяржава павінна падставіць сваё плячо. Гэта дрэнна, калі ўжо сёння настаўнік у добрых, сярэдніх гаспадарках мае палавіну зарплаты ад механізатара, даяркі. Гэта ненармальна. Таму гэта пытанне карэннае, цэнтральнае. Як бы мы ад яго ні адыходзілі, як бы мы сябе ні заспакойвалі, што настаўнікі не ставяць перад намі нейкіх матэрыяльных пытанняў, мы дакладна павінны разумець, што для кожнага чалавека гэта важны момант. А для настаўнікаў архіважны, паколькі іх сярэдняя заработная плата ніжэйшая, чым па краіне".

Яшчэ адным важным пытаннем у сістэме адукацыі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляецца падрыхтоўка вучняў да школы. "Заўтра дзеці пойдуць у школу. Маё патрабаванне адно, яно ідзе ад грамадства: усе дзеці павінны быць у роўных умовах і павінны пайсці ў школу "аднолькава". Яны павінны быць апрануты, як усе. Ёсць бяднейшыя слаі насельніцтва, ёсць сярэднія, багатыя і гэтак далей, але дзеці ў гэтым не вінаватыя. Яны павінны быць апрануты і падрыхтаваны: партфелі, рукзакі і іншае, што неабходна, ад пластыліну і алоўкаў да адзення, - усё павінна быць аднолькава. Дзе браць грошы, я ўжо дзесяць разоў аб гэтым гаварыў у папярэднія гады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржава асабліва падкрэсліў, што рэформы ў беларускай сістэме адукацыі не патрэбны. "Хопіць гэтых рэформ у адукацыі - трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё, падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае - гэта погляд у будучыню. Не мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца не тымі пытаннямі, якія сёння надзённыя, злабадзённыя для нашай сістэмы адукацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна акуратна ставіцца да Балонскага працэсу. Неабдуманыя рашэнні ў гэтым напрамку проста разбураць старую, нармальную сістэму адукацыі, а на яе месцы нічога не з'явіцца. "Нас ужо заходнікі папярэджваюць: вы адзіныя ў былым сацыялістычным лагеры, не гаворачы аб Савецкім Саюзе, засталіся, хто не разбурыў сістэму адукацыі, і яна дае вам эфект, не паламайце яе. Асабліва нас папярэджваюць нашы заходнія суседзі - усходне-еўрапейскія дзяржавы, якія мелі такую сістэму адукацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі аб развіцці профільнага навучання ў школах, падрыхтоўцы новых падручнікаў, закрыцці ўстаноў сярэдняй адукацыі і выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з тым, што без закрыцця асобных школ не абысціся, аднак падыходзіць да гэтых рашэнняў трэба ўзважана. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў праверыць, якім чынам распрацоўваюцца заданні да ЦТ: магчыма, гэты напрамак неабходна ўдасканаліць.

На нарадзе было адзначана, што падрабязныя справаздачы аб тым, як завяршыўся набор абітурыентаў у ВНУ і як школы гатовы да новага навучальнага года будуць абмеркаваны ў бліжэйшы час на асобнай нарадзе. На ёй прымуць рашэнне па праблемах, якія сёння існуюць у сістэме адукацыі: ад школы да паслядыпломнай адукацыі. "Сёння задача адна - мы павінны абазначыць гэтыя праблемы і да нарады падрыхтаваць рашэнне або прыняць рашэнне па гэтых праблемах. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.