Даклад аб стратэгіі развіцця беларускага машынабудавання

  • 1
Сітуацыю ў сферы машынабудавання неабходна кардынальна выпраўляць, і для гэтага ёсць неабходныя рэзервы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 лістапада, заслухоўваючы даклад аб стратэгіі развіцця беларускага машынабудавання.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на нарадзе летам 2015 года было даручана выпрацаваць меры па развіцці машынабудаўнічых арганізацый краіны. Больш за год урад вызначаўся са стратэгіяй развіцця машынабудавання, спад у гэтай галіне зацягнуўся.

"Пры гэтым вядучым арганізацыям галіны была аказана значная дзяржпадтрымка. Машынабудаўнікам дапамаглі рэфінансаваць крэдытную запазычанасць, папоўніць абаротныя сродкі і тым самым стварыць перадумовы для эфектыўнай работы. Аднак істотных станоўчых вынікаў не назіраем. І за гэта нехта павінен адказаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Толькі за 2014-2015 гады прадпрыемствы страцілі палавіну аб'ёму выпускаемай прадукцыі, у тым ліку амаль 25% за 2015 год. Пры існуючай нізкай базе мінулага года прамысловы патэнцыял галіны за студзень-кастрычнік 2016 года павялічаны ўсяго на 3%. "Калі мы і далей будзем развіваць вытворчасць у такім рэжыме і тэмпах, то для выхаду на ўзровень 2013 года спатрэбяцца, як вы разумееце, дзясяткі гадоў. Такія тэмпы недапушчальны. Сітуацыю трэба кардынальна выпраўляць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мяне цікавіць, ці ёсць ва ўрада сапраўды эфектыўныя меры для ўздыму галіны? Ці ведаюць кіраўнікі прадпрыемстваў шляхі вырашэння праблем?".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нараду невыпадкова запрошана шырокае кола кіраўнікоў і спецыялістаў, якія працуюць непасрэдна над стварэннем, вытворчасцю, рэалізацыяй тэхнікі і аўтакампанентаў, а таксама прадстаўнікі арганізацый, якія набываюць і выкарыстоўваюць гэту прадукцыю. "Хацеў бы ад сённяшняй нарады атрымаць сумленную, шчырую і прынцыповую размову: што перашкаджае, што трэба зрабіць і як мы гэта будзем рабіць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк далажыў аб рабоце прадпрыемстваў айчыннага машынабудавання, перспектывах і стратэгіі яго развіцця з улікам сусветных тэндэнцый. Ён абазначыў як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя прычыны праблем у галіне.

У цэлым ёсць стратэгія развіцця машынабудавання Беларусі да 2020 года і бачанне перспектыў да 2030 года. Кіраўніку дзяржавы даложана аб фінансава-крэдытнай падтрымцы прадпрыемстваў, рабоце на рынках краін-партнёраў, дыверсіфікацыі экспартных паставак.

Аляксандр Лукашэнка змяніў фармат правядзення нарады, праграма якой прадугледжвала пералік дакладаў на розныя тэмы. Замест гэтага ён адрасаваў канкрэтныя пытанні міністрам, губернатарам, дырэктарам, дэталёва цікавіўся станам спраў на буйнейшых прадпрыемствах краіны. У цэнтры ўвагі былі вытворчыя планы, пытанні вяртання дэбіторскай запазычанасці, экспарту, складскіх запасаў.

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці больш актыўнай работы па дыверсіфікацыі рынкаў збыту, у тым ліку па лініі знешнепалітычнага ведамства. Ён даручыў прааналізаваць работу прадстаўніцтваў беларускіх кампаній за мяжой і іх кадравы склад.

Прэзідэнт таксама ўказаў на важнасць узгодненай вытворчай палітыкі ўнутры краіны, каб не ствараць на розных прадпрыемствах дубліруючыя вытворчасці.

Асаблівы акцэнт зроблены і на тэме якасці выпускаемай прадукцыі. Патрабаванне Кіраўніка дзяржавы - яшчэ раз прааналізаваць і ўстанавіць строгі кантроль у гэтым пытанні на ўсіх этапах. "Гэта твар, брэнд нашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з прыняццем тых ці іншых рашэнняў у вытворчай сферы, рэфармаваннем або структурнай перабудовай на прадпрыемствах Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад кіраўнікоў не забываць аб сацыяльных абавязацельствах, неабходнасці павелічэння даходаў работнікаў. Зразумела, усё гэта павінна адбывацца ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы, павышэннем эфектыўнасці вытворчасцей.

Дзяржава, у сваю чаргу, гатова пры неабходнасці падставіць прадпрыемствам плячо. Напрыклад, у частцы папаўнення абаротных сродкаў. Галоўная ўмова - наяўнасць канкрэтных заказаў на прадукцыю і выгадныя праекты.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў гатоўнасць на сваім узроўні вырашаць стратэгічныя пытанні развіцця галіны, прымаць неабходныя рашэнні. Адначасова ён падкрэсліў, што ў першую чаргу дырэктары і кіраўнікі ведамстваў павінны вырашаць праблемы, якія ляжаць у сферы іх кампетэнцыі.

"Разлічваць трэба толькі на сябе. Праблем у свеце столькі, што дай бог кожнаму разабрацца. І той, хто першы пачне вылазіць з гэтых праблем, той і застанецца жывы. Хто будзе плесціся ў хвасце, таму дапамогуць патануць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Дзякуй богу, што мы не ваюем. Гэта наша шчасце. Але трэба з пункту гледжання эканомікі настроіцца на ваенны лад".

"Я не націскаў бы і не настойваў, калі б мы гэтага не маглі зрабіць. Але я бачу вялікія рэзервы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"У краіне няма чырвоных дырэктараў і алігархаў. Усе павінны напружвацца і даваць вынік. Вы не мне гэтыя вынікі даяце. Гэта ваш гонар, вашы прадпрыемствы. І вы, калі ласка, варушыцеся. Упэўнены, што ў гэтай сітуацыі можна нармальна працаваць", - сказаў ён.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што вынікі работы службовых асоб у гэтым годзе будуць дасканала прааналізаваны. Гэта датычыцца не толькі прамысловасці, але і сельскай гаспадаркі, сферы ЖКГ і іншых.