Даклад аб рэарганізацыі калгасаў (СВК)

  • 1

Узаемадзеянне дзяржавы з сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі неабходна прывесці ў цывілізаваную юрыдычную форму. Такое даручэнне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў 18 лістапада па выніках даклада аб рэарганізацыі калгасаў (СВК).

У час даклада было адзначана, што ўказ № 349 ад 17 ліпеня 2014 года прадугледжвае пераўтварэнне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да канца гэтага года ў больш прагрэсіўныя і адпаведныя заканадаўству арганізацыйна-прававыя формы. Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "На Усебеларускім народным сходзе выступалі кіраўнікі добрых, перадавых гаспадарак з прапановай адмяніць некаторыя нормы ўказа, якія датычацца іх гаспадарак (а гэта закранула ўсе гаспадаркі), і ў ходзе маіх сустрэч з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў многія звярталі ўвагу на тое, што фактычна нам не патрэбны такі дакумент".

Прэзідэнт даручыў яшчэ раз вярнуцца да гэтага ўказа і далажыць, чаму яго нормы былі неадназначна ўспрыняты кіраўнікамі і членамі сельскагаспадарчых кааператываў. "Калі проста ў некага рукі свярбяць абавязкова і сельскую гаспадарку мадэрнізаваць і прыстасаваць, як вы пішаце, у прагрэсіўныя формы ператварыць, то не перашкаджайце працаваць вяскоўцам і не лезьце ў іх пытанні, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Што значыць "прагрэсіўныя формы"? Нам што, важна форма? Камусьці не падабаюцца СВК, як мы іх называем, або калгасы і саўгасы, як мы іх раней называлі? Сельскай гаспадарцы трэба даць магчымасць працаваць.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, колькі б мы ні мадэрнізавалі, ні называлі гаспадаркі па-новаму, ад гэтага нічога не зменіцца, пакуль іх не падтрымаюць фінансава, эканамічна або арганізацыйна. "Пакуль мы іх не прымусім нарэшце працаваць. Толку не будзе ад таго, што мы зменім назву. Таму далажыце мне, што мелася на ўвазе тады, чаму раптам захацелася мець нейкія арганізацыйна-прававыя, прагрэсіўныя формы і што тады не адпавядала заканадаўству, - сказаў Прэзідэнт. - Нядаўна пабывалі на адным прадпрыемстве, якое вось такім чынам мадэрнізавалася. І што там змянілася? Поўны развал і разруха. Падзялілі акцыі, і ўсе сядзяць - чакаюць, што будзе далей. Што цяпер, як у Расіі, пачнём гандляваць гэтымі акцыямі? Будзем чакаць, што нехта скупіць, прыйдзе і падніме сельскую гаспадарку ў краіне? Ніколі гэтага не было і не будзе".

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб падрыхтаваным праекце дакумента, які прадугледжвае карэкціроўку ўказа № 349, а таксама аб новых падыходах, якія прапануюцца. У прыватнасці, было адзначана, што вытворчы кааператыў - гэта камерцыйная арганізацыя, члены якой абавязаны ўдзельнічаць у працоўным працэсе і несці субсідыярную адказнасць. Гэту норму грамадзянскага заканадаўства прапануецца прадугледзець і ў гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў.

Па выніках даклада Аляксандр Лукашэнка даў строгае даручэнне прывесці ў цывілізаваную юрыдычную форму ўзаемадзеянне дзяржавы з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, выбудаваўшы дакладны механізм і паставіўшы ўсіх у роўныя ўмовы.