Даклад аб рэалізацыі норм Указа № 253 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый"

  • 1

Вынікам работы па аздараўленні адстаючых сельскагаспадарчых арганізацый павінен стаць іх выхад на рэнтабельную вытворчасць. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб рэалізацыі норм Указа № 253 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый" і прапануемых у яго змяненнях.

"У першую чаргу мяне, вядома ж, цікавіць фінансавы стан сельгасарганізацый. Галоўнае - прыбытак і рэнтабельнасць. Як мяне інфармавалі па ходзе уборачнай, цэны сёння нядрэнныя на тавары і прадукты, якія мы вырабляем, што дае магчымасць нам трымаць рэнтабельнасць продажаў ад 15% да 80%", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся, як на месцах выконваецца Указ № 253. "Які вынік ад гэтага Указа, а галоўнае - ці знізілася колькасць неплацежаздольных гаспадарак, ці павысілася эфектыўнасць сельгасвытворчасці?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Урад прапануе ўнесці ў гэты Указ шэраг змяненняў для больш эфектыўнай рэалізацыі дакумента. "Што было не ўлічана і без якіх норм гэты Указ не можа працаваць у адпаведнасці з вашымі пажаданнямі і выхадам сельгасарганізацый на прыбытковую работу? Хацелася б ведаць, што дадуць змяненні ў гэты Указ для сельскай гаспадаркі, ці дастаткова ўносімых змяненняў для стабільнай работы сельгасарганізацый?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў аб адказнасці за распрацоўку такіх дакументаў як членаў урада, так і спецыялістаў. "Частыя змяненні ніколі не былі на карысць тым, хто займаецца асабліва матэрыяльнай вытворчасцю, - рэальнаму сектару эканомікі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Як далажыў намеснік Прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, Указ № 253 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый" быў прыняты ў ліпені 2016 года і накіраваны на аднаўленне плацежаздольнасці тых прадпрыемстваў, якія апынуліся ў крытычным стане. На той момант налічвалася 425 такіх арганізацый, з іх пад працэдуру дасудовага аздараўлення трапілі 323 прадпрыемствы, пад працэдуру антыкрызіснага кіравання - 102.

"Вынікі работы за першае паўгоддзе паказваюць, што Указ правільны, прыняты своечасова. За паўгода 32 арганізацыі аднавілі плацежаздольнасць і пачалі працаваць па нармальным цыкле, палепшыла каэфіцыент плацежаздольнасці 131 арганізацыя, на былым узроўні засталіся 80, у 68 арганізацый на сённяшні дзень каэфіцыент плацежаздольнасці пагоршаны", - праінфармаваў Міхаіл Русы.

Прэзідэнту далажылі, што ў праекце новага дакумента прапісаны дадатковыя меры, рэалізацыя якіх дасць магчымасць больш эфектыўна працаваць са стратнымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі. У прыватнасці, прадугледжваецца зніжэнне арэнднай платы за прадпрыемства як маёмасны комплекс з 5% да 2% ад балансавага кошту маёмасці. Дэталізуецца працэдура правядзення канвертацыі патрабаванняў крэдытораў у акцыі дадатковага выпуску з аплатай гэтых акцый шляхам заліку патрабаванняў да сельскагаспадарчай арганізацыі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць асобныя моманты і прадугледзець асаблівы статус для прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва або трапляюць пад яе. Прапануецца распаўсюдзіць на такія прадпрыемствы інструменты антыкрызіснага кіравання: дадатковы выпуск акцый паміж акцыянерамі і трэцімі асобамі, канвертацыю патрабаванняў крэдытораў у акцыі, унясенне ўкладаў удзельнікамі і трэцімі асобамі ў статутны фонд арганізацыі, замяшчэнне актываў прадпрыемства.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на ўдзел мясцовых органаў улады ў рабоце па аздараўленні сельгасарганізацый, паколькі яны нясуць адказнасць за кожнае прадпрыемства і яго калектыў. Менавіта ўлада на месцах, на думку Прэзідэнта, у першую чаргу павінна вырашаць, якім чынам арганізацыі будуць праходзіць працэдуру аздараўлення. Такім чынам будзе гарантавана захаванне вытворчасці і калектываў.

Асобна на нарадзе Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытаннях завяршэння ўборачнай кампаніі, адзначыўшы, што, па запэўніваннях службовых асоб урада і Мінсельгасхарча, яна павінна была завяршыцца да 7 лістапада. "Што на сённяшні дзень? Хацеў бы пачуць адказ на гэта пытанне. Барані бог, калі я замест інфармацыі атрымаю дэзынфармацыю. Я маю на ўвазе тую інфармацыю, якую мне нядаўна прадставіў Камітэт дзяржкантролю, па якой або міністры не валодаюць абстаноўкай у сельскай гаспадарцы, або наўмысна разам з губернатарамі фальсіфікуюць ход і вынікі ўборачнай кампаніі", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як рыхтуецца глеба пад ураджай наступнага года, што з назапашваннем мінеральных угнаенняў і як забяспечана зімоўка жывёлы. "Жыццё не заканчваецца 2017 годам, таму ўраджай будучага закладваецца ўжо сёння. Хацелася б ведаць, як вы бачыце перспектывы 2018 года", - сказаў ён.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з кожным губернатарам вынікі ўборачнай у рэгіёнах, быў разгледжаны шэраг прыватных і праблемных пытанняў. Асобна Прэзідэнт адзначыў работу спецыялістаў аграпрамысловага комплексу краіны. "Год быў няпросты, мы звярталіся да спецыялістаў, вяскоўцаў. Яны адгукнуліся і на маю просьбу, уборку збожжавых правялі ў сціслыя тэрміны, даволі эфектыўна. Зразумела, надыходзіць час, калі людзям трэба падзякаваць", - звярнуў увагу ён.

Плануецца, што ў пачатку наступнага года будзе арганізавана асобнае мерапрыемства з удзелам Кіраўніка дзяржавы, дзе будуць падведзены вынікі мінулага года і абазначаны перспектывы на будучы. На ім таксама адзначаць лепшых работнікаў сельскагаспадарчай сферы. Канцэпцыя гэтага мерапрыемства пакуль распрацоўваецца.