Даклад аб прымаемых мерах па мінімізацыі наступстваў неспрыяльных умоў надвор'я

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня заслухаў даклад аб прымаемых мерах па мінімізацыі наступстваў неспрыяльных умоў надвор'я.

Размова ішла ў тым ліку аб ходзе работ па аднаўленні населеных пунктаў, што застаюцца абясточанымі. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў аднавіць лініі электраперадачы і да канца светлавога дня забяспечыць усіх спажыўцоў, а таксама паставіў задачу выключыць у далейшым такія сітуацыі, калі масава адключаецца электраэнергія.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што насельніцтва прымае актыўны ўдзел у расчыстцы дваровых тэрыторый і даручыў знайсці магчымасці, каб заахвоціць гэтых людзей. Напрыклад, паставіць для іх ваенна-палявыя кухні, забяспечыць гарачым харчаваннем, а таксама неабходным інвентаром для ўборкі снегу. Акрамя таго, па выніках даклада звярталася ўвага на тое, што трэба заахвоціць работнікаў дарожна-будаўнічых і камунальных службаў, якія напружана працуюць на ліквідацыі наступстваў цыклону.

Стыхія стала экзаменам для транспартнай, энергетычнай, камунальнай сістэм краіны, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Адказныя за гэтыя сферы кіраўнікі павінны, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, закасаць рукавы і пачынаць працаваць на папярэджанне, асабліва гэта датычыцца энергетыкаў. На гэты момант Урад падрыхтаваў праект распараджэння Прэзідэнта. Дакумент прадугледжвае меры, якія дадуць магчымасць выключыць падзенне дрэў на лініі электраперадачы.

Разам з тым моцныя снегапады - гэта добра для сельскай гаспадаркі краіны. Прэзідэнт нагадаў пра мінулагоднюю засуху, якая нанесла значны ўрон. "Чым больш сёння выпадзе снегу, тым хутчэй мы адновім экалагічную раўнавагу, звязаную са стратай вільгаці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Было б добра, каб яшчэ тры-чатыры такія цыклоны прайшлі над краінай".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся станам азімых культур. Прэзідэнту было даложана, што сітуацыя на палях здавальняючая, снежнае покрыва надзейна ахоўвае пасевы. Закраналася таксама падрыхтоўка да веснавой сяўбы, забяспечанасць кармамі і іншыя пытанні.