Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Даклад аб правядзенні ваеннага парада да Дня Незалежнасці

29 мая 2017 года

Новая канцэпцыя правядзення парада да Дня Незалежнасці ў Мінску абмеркавана на сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 29 мая.

"Мы прынялі рашэнне, што праводзім парад у гэтым годзе. Сродкаў на гэта шкадаваць не трэба, тым больш яны не такія ўжо і вялікія, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ён павінен быць сапраўдным парадам, уражальным. Для гэтага і праводзіцца. Гэта дэманстрацыя, мы паказваем людзям, што мы не дарма ядзім ваенны хлеб".

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, народ павінен бачыць, што такое беларуская армія, чым яна займаецца, што знаходзіцца на ўзбраенні. "І ўбачыць твар сваіх абаронцаў, салдат Узброеных Сіл, - дадаў ён. - Не толькі арміі, але і пагранічнікаў, і МУС, і МНС".

На думку Прэзідэнта, на парадзе неабходна прадэманстраваць сучасныя ўзоры грамадзянскай тэхнікі, якія вырабляюцца ў краіне. "Мяне непакоіць, што нашы людзі (не ўсе, а значная частка) не ведаюць, чым жыве грамадзянская Беларусь, што мы ствараем нават у гэтыя складаныя, няпростыя часы. Ёсць жа, што паказаць. І гэта надоўга застаецца ў памяці людзей", - адзначыў ён.

Як далажыў Міністр абароны Андрэй Раўкоў, правядзенне парада ў гонар Дня Незалежнасці падтрымліваецца большасцю насельніцтва, паколькі грамадзянам цікава ўбачыць навінкі беларускай ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Акрамя таго, гэта падзея асаблівая і для ваеннаслужачых: яны лічаць за гонар прыняць удзел у ім.

Па выніках сустрэчы вырашана ў гэтым годзе правесці парад па асаблівым сцэнарыі, каб гэта не стала радавым паказным мерапрыемствам. У прыватнасці, будзе павялічана колькасць пешых каробак парадных разлікаў за кошт асобных механізаваных брыгад і тэрытарыяльных войскаў, а таксама колькасць каробак механізаванай калоны. Пасля завяршэння ўрачыстага шэсця частку ваеннай тэхнікі плануецца пакінуць на вуліцах Мінска, каб гараджане і госці сталіцы змаглі разгледзець яе бліжэй.

Таксама ў Дзень Незалежнасці ў горадзе будзе дэманстравацца найноўшая грамадзянская тэхніка, якая вырабляецца ў Беларусі.

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь